“Арт-лінія” — мовай графікі…

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Дырэктар выставачнага комплексу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Фёдар Ястраб паведамляе “К”, што 28 сакавіка ў галерэі “Ракурс” НББ адбудзецца вернісаж V Мінскай міжнароднай выстаўкі графікі “Арт-лінія”.

У чарговы раз праект "Арт-лінія" пацвярджае статус адной з найбольш прадстаўнічых беларускіх выставак графікі. Сёлета ён збірае пад сваім крылом творы мастакоў з больш чым дзесяці краін СНД і свету: Беларусі, Расіі, Украіны, Таджыкістана, Кыргызстана, Казахстана, Польшчы, Бельгіі ды іншых.

Адзін са складнікаў пятай па ліку "Арт-лініі" - выстаўка работ прадстаўнікоў Творчых майстэрняў "Сенеж" (Расія), якія доўгі час узначальваў народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі мастацтваў Георгій Паплаўскі. У Доме творчасці "Сенеж", дзе калісьці пісаў свае палотны І.Левітан, стажыраваліся прафесійныя мастакі з усяго былога Савецкага Саюза... Увазе публікі прадстаўляюцца творы ўдзельнікаў Майстэрняў 70-х гадоў - гравюры з сямейнай калекцыі Леаніда і Ніны Марчанкаў.

Па традыцыі, у рамках праекта будзе дэманстравацца рэтра-праграма, якая ўключае работы еўрапейскіх класікаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сёлета яна прадставіць калекцыю эстампаў бельгійскага мастака-сімваліста Фелісьена Ропса. "Арт-лінія" мае на мэце пазнаёміць гледача з невядомым бокам творчасці майстра: прэзентуюцца партрэты, этнаграфічныя выявы ды іншае.

Побач з творамі сталых і прызнаных майстроў плануецца размясціць экспазіцыі работ маладых графікаў - студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Выстаўка "Арт-лінія", па перакананні Фёдара Ястраба, павінна раскрыць новыя перспектывы графікі, яе вялікі патэнцыял, здольнасць пастаянна абнаўляцца, адкрываць магчымасці для пошуку і эксперыментаў, акрэсліць сённяшні стан гэтага віду мастацтва, яго месца ў творчасці сучасных мастакоў Еўропы, садзейнічаць усталяванню далейшых творчых кантактаў.

Я.Р.