Пажары і дзеці

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Штогод пад час пажараў тысячы дзяцей атрымліваюць траўмы ці гінуць. Сорак працэнтаў з іх — дзеці да пяці гадоў.

Папярэджвайце пажары, паказваючы дзецям, як належыць дома выконваць правілы бяспекі. Не дазваляйце ім падыходзіць бліжэй чым на метр да пліты, калі на ёй гатуецца ежа. Не перагружайце электрычныя разеткі. Штогод правярайце ацяпляльную сістэму.

Дзве траціны хатніх пажараў, у якіх гінуць дзеці, адбываюцца ў дамах, дзе адсутнічаюць ці знаходзяцца ў няспраўным стане аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Калі ўзнікае пажар, у вас ёсць толькі лічаныя секунды, каб пазбегнуць дыму, куродыму і ўгарнага газу. Шанцы ўратавання можна павялічыць, калі ўстанавіць і падтрымліваць у рабочым стане АПА.

Раз у месяц правярайце спраўнасць АПА і не радзей чым раз на год замяняйце ў іх батарэйкі. Навучыце дзяцей рэагаваць на гукавы сігнал. Адпрацуйце з імі план варыянтаў бяспечнай пажарнай эвакуацыі. Рэгулярна апрабоўвайце яго на практыцы. Уключайце ў трэніроўку сітуацыю, калі аднаго з бацькоў няма дома. Пакажыце, як трэба закрываць рот і нос, каб зменшыць уздзеянне дыму. Сачыце за тым, каб выхады не былі загрувашчаны смеццем альбо цацкамі.

Калі дома ёсць немаўляты, неабходна прадугледзець дадатковыя варыянты паводзін на магчымым пажары. Да прыкладу, трымайце перавязь для дзіцяці побач з яго ложкам на выпадак экстраннай сітуацыі. Навучыце дзяцей не хавацца ад пажарных. Патлумачце, што яны прыязджаюць, каб выратаваць ад небяспекі.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый г. Мінска