У сталічнай галерэі "Беларт" Беларускага саюза мастакоў працуе выстаўка барысаўскага мастака Міхася Ржэуцкага "Фарбы зямлі роднай", прымеркаваная да 65-годдзя майстра.
У юбілейнай экспазіцыі прадстаўлены пейзажы і нацюрморты, выкананыя летась на Барысаўшчыне.
Менавіта беларуская прырода, народная культура падарылі Міхасю Ржэуцкаму сюжэты і матэрыялы, фарбы і натхненне. Напэўна, таму ён настолькі арганічны - і калі вырабляе з лёгкай бярозавай трэскі птушак-абярэгаў, і калі нараджае з гліны дзіўныя цацкі... На пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя Міхась Ржэуцкі набывае ў беларускай культуры імя і аўтарытэт народнага майстра, які адрадзіў традыцыі нацыянальнай глінянай цацкі.
Гадоў пятнаццаць таму майстар нечакана звярнуўся да жывапісу алеем і літаральна скарыў аматараў мастацтва сваёй усеабдымнай любоўю да аб'екта адлюстравання. Дробны мазок, пярэстае буянства фарбаў, пэўная кампазіцыйная сцэнічнасць уласцівы і пейзажам, і нацюрмортам.
У Ржэуцкага няма слотных і змрочных карцін. Ён імкнецца зафіксаваць святочнасць прыродных праяў, што выклікаюць экспрэсіўнасць глядацкага пачуцця. На кожным палатне - радаснае панаванне святла...
Таццяна БРАЦЯНКОВА, мастацтвазнаўца
Барысаў