Школа скульптуры

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Акадэмія мастацтваў пры фінансавым садзейнічанні фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выпусціла кнігу "Беларуская школа скульптуры" аўтарства выпускніка БДАМ, скульптара і мастацтвазнаўцы Івана Арцімовіча.

Па вялікім рахунку, дадзенае выданне - унікальная падзея не толькі для гэтай навучальнай установы, але і для ўсіх, хто цікавіцца беларускай скульптурай ХХ - ХХІ стст. Пра гэта ў сваіх выступленнях на прэзентацыі кнігі казалі мастакі і мастацтвазнаўцы. Таксама была агучана ідэя выдання, з цягам часу, падобных кніг і пра іншыя кафедры Акадэміі.

У кнізе "Беларуская школа скульптуры" даследуецца гісторыя творча-педагагічнага развіцця на прыкладах дзейнасці не толькі ўласна кафедры, але і тых творцаў, хто здабыў славу і вядомасць беларускай скульптурнай школы, пачынаючы ад М.Керзіна, А.Бембеля, З.Азгура, А.Глебава і заканчваючы таленавітай кагортай сучаснай моладзі.

Выданне багата ілюстравана ўнікальнымі фотаздымкамі з прыватных музейных архіваў, а таксама рэпрадукцыямі творчых і вучэбных "герояў" кнігі.

Яна выпушчана на рускай і англійскай мовах, на жаль, невялікім тыражом - усяго 250 экзэмпляраў - і таму, відаць, хутка стане бібліяграфічнай рэдкасцю.

Наш кар.