Чарговы раз — пра тых, каго… “не існуе”

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Развагі аб прасоўванні сучаснай беларускай драматургіі напярэдадні Міжнароднага маладзёжнага форуму "M.@rt. кантакт"

Тэма прасоўвання сучаснай беларускай драматургіі - адна з тых, "забыцца" на якія аніяк не выпадае. Чарговая нагода для працягу гэтага амаль шэкспіраўскага пытання "Быць альбо не быць?" у дачыненні да айчыннай тэатральнай прасторы надарылася радасная: у "Конкурсе конкурсаў" у рамках прэстыжнага расійскага фестывалю "Залатая маска", дзе спаборнічалі між сабой п'есы з шорт-лістоў найважнейшых рускамоўных драматургічных конкурсаў, двое з траіх пераможцаў - нашы суайчыннікі. Першым па выніках інтэрнэт-галасавання стаў Дзмітрый Багаслаўскі і яго "Любоў людзей". А Гран-пры прафесійнага журы крытыкаў практычна аднадушна быў прысуджаны Паўлу Пражко і яго "Злой дзяўчыне". Прыемная нагода павіншаваць нашых маладых драматургаў! І - чарговы раз звярнуць больш пільную ўвагу на тое, чаму ж на айчынных тэатральных падмостках гэтых аўтараў па-ранейшаму "не існуе".

Хтосьці скажа: маўляў, пераарыентаваліся хлопцы і "прадаліся" замежнаму тэатральнаму рынку. Іншыя, якіх давялося нямала сустрэць на "Залатой масцы", здзіўлена пыталіся: а няўжо вы не рады таму факту, што вашы аўтары - запатрабаваныя і прызнаныя за мяжой? Ды, як аказваецца, падобныя перамогі ў надзвычай прэстыжных па тэатральных мерках конкурсах, дома, на радзіме, аказваюцца вельмі часта "не заўважанымі" - гэты дысананс не на карысць тэатральнай моладзі становіцца надзвычай відавочным. Але ж краіна жадае і мае права ведаць сваіх герояў у твар! Інакш як жа мы зможам атрымаць нагоды для таго, каб ганарыцца перамогамі маладых беларускіх драматургаў, калі папросту не маем пра іх аніякай падрабязнай аналітычнай інфармацыі? І ў чарговы раз будзем задавацца пытаннем: "А ці быў хлопчык?" - замест таго, каб пільна падумаць і прыгледзецца: "А куды ж ён падзеўся?"

Пішу - значыць, існую

У апошнія пару дзесяцігоддзяў стаўленне да новых п'ес у сучасным тэатры, не толькі беларускім, вызначаецца пэўнай насцярожанасцю і ўнутраным імкненнем трымаць дыстанцыю. Прычыны - зразумелыя: на фоне таго, як тэхналогія "стварэння драматургіі" значна спрасцілася, і цяпер для гэтага дастаткова мець персанальны камп'ютар, вольны час ды жаданне "ціснуць на кнопкі" (у адрозненне ад таго, калі ў ранейшыя часы даводзілася свае думкі высякаць на камені, выводзіць на дарагім пергаменце або хаця б пісаць ад рукі гусіным пяром), шэрагі асоб, што прэтэндуюць называцца драматургамі, выраслі ў геаметрычнай прагрэсіі. Натуральна, "адкапаць" у гэтых шчыльных шэрагах тэксты, насамрэч прыдатныя для тэатра, аказваецца нашмат цяжэй, чым, прыкладам, гэта было нават пару дзесяцігоддзяў таму. Як толькі гэтыя драматургічныя "цунамі" хлынулі ў інтэрнэт-прастору, многія смелыя рэжысёры кінуліся ў іх з галавой і... - сутыкнуліся з такой колькасцю "шлакаў", што міжволі спрацаваў рэфлекс самазахавання.

У дачыненні да новай драматургіі існуе шэраг стэрэатыпаў, якія, нягледзячы на іх дастаткова невялікі "ўзрост", надзвычай складана разбурыць. Прынамсі, лічыцца, што маладыя аўтары пішуць адно толькі пра маргіналаў ды асацыяльных тыпаў, а тэксты іх поўняцца такой колькасцю нецэнзурнай лексікі, што нармальнае слоўца ў іх днём з агнём не адшукаеш. Так, на пачатку "новай хвалі" гэткае пратэстнае стаўленне да навакольнай рэчаіснасці было адной з адметных рыс падобных п'ес. Аднак "перахварэўшы на рэвалюцыю", тыя, хто застаўся на драматургічных палетках, сёння развіваюцца ў цалкам іншым рэчышчы. Нездарма той жа Павел Пражко заяўляе аб "перыядызацыі" ўласнай творчасці: для таго, каб адмежаваць пачаткоўскія экзерсісы ад таго, што ён піша сёння.

І калі прыгледзецца да сённяшніх п'ес маладых беларускіх драматургаў, прасочваецца надзвычай пазітыўная тэндэнцыя: на фоне актыўнай жыццёвай пазіцыі, якую ім удаецца захоўваць, унутраная структура іх твораў відавочна "акультурваецца" за кошт таго, што яны працуюць і над спасціжэннем механізмаў тэатральнай творчасці, абвяргаючы сваімі новымі п'есамі састарэлыя стэрэатыпы адносна непрыдатнасці для прафесійнага тэатра і несцэнічнасці іх твораў.

Конкурс прафесіяналаў,

 а не "Алё, мы шукаем

таленты!"

Шмат размаўляючы з прафесіяналамі аб новай драматургіі, нярэдка чую, што лідарамі па эфектыўнасці яе прасоўвання з'яўляюцца драматургічныя конкурсы. І, прынамсі, паказальны досвед той жа Расіі, дзе дзякуючы "Еўразіі", "Любімаўцы", "Новай драме" і шэрагу больш дробных конкурсаў вырасла цэлае пакаленне новых аўтараў. Чаму ж у нас гэты механізм не спрацоўвае? Дакладней, перастаў спрацоўваць: з трох соцень п'ес, якія дасылаліся на драматургічныя конкурсы Міністэрства культуры ў 90-я гады, сёння гэтая лічба "скацілася" да аднаго-двух дзясяткаў...

Дзе ж хаваюцца прычыны, па якіх беларускія аўтары перасталі "давяраць" конкурсам? Можна шмат казаць пра тое, што, відаць, сучасным драматургам не хапае "заахвочвальнага стымулу" ў выглядзе грашовай прэміі або гарантаванага права пастаноўкі ў прафесійным тэатры. Ды толькі ўсё гэта будзе "не да канца" праўдай. На мой погляд, асноўная прычына крыецца ў тым, што адсутнічае сам факт спаборніцтва паміж драматургамі. Іншымі словамі, іх удзел у конкурсе не становіцца для кожнага з аўтараў выхадам на "спартыўную дарожку", дзе ў гонцы прафесіяналаў перамагае наймацнейшы. Бо сёння самі конкурсы сталі, у большай ступені, заахвочвальнымі да творчасці, і не больш. Які ж сэнс, прыкладам, чэмпіёну краіны выходзіць на адну дарожку з аматарамі, для якіх гэта - хобі ў вольны ад працы час?

Апошнім часам, і тэатральная сфера - не выключэнне, значная ўвага надаецца пошуку маладых талентаў. Што і казаць, справа - высакародная і надзвычай важная, так што пераацаніць яе значэнне немагчыма. Іншая ж - нярэдка гэты "пошук" становіцца самамэтай і адцясняе на другі план больш важную задачу: адаптацыі і ўкаранення гэтых пачаткоўцаў у тэатральную прастору, ператварэнне "талентаў" у "прафесіяналаў". А калі гэтую звышзадачу не трымаць пастаянна ў галаве, складваецца сітуацыя, пры якой маладыя "парастачкі" ператвараюцца ў "гербарый", так і не паспяваючы вырасці і даць які-кольвечы плён.

Логіка - відавочная: для таго, каб вярнуць драматургічным конкурсам іх мэтазгоднасць, неабходна, як у спорце, дакладна і падрабязна прапісаць умовы гульні, а галоўнае - патрабаванні да ўдзельнікаў. Бо логіка спаборніцтваў можа вярнуцца толькі тады, калі ладзяцца яны сярод прафесіяналаў, прычым у асобных вагавых катэгорыях. Тады і не давядзецца лішні раз распавядаць пра тое, што творчыя працэсы немагчыма запланаваць ды пралічыць. Пралічыць - так, а вось падлічыць - цалкам магчыма. І гэта, зрэшты, зусім не адмяняе драматургічную "фізкультуру" для ўсіх тых, хто жадае ў перспектыве займацца напісаннем п'ес.

Хто замаўляе п'есу?

Яшчэ адным, не менш дзейсным, фактарам прасоўвання маладых аўтараў з'яўляецца іх цесная і непасрэдная праца з тэатрамі. Прычым на самым пачатковым этапе: не тады, калі рэжысёр, заклапочаны жаданнем паставіць новы твор, перабірае стосы п'ес і бачыць, што ўсё "не падыходзіць", а яшчэ на ўзроўні задумы спектакля. Іншымі словамі, каб пазбавіцца ад скрушнага "Не тое!" існуе вельмі просты спосаб: замовіць будучую п'есу непасрэдна драматургу. У якасці аргументаў "супраць" звычайна гучыць тое, што, маўляў, "неправераны" аўтар не можа з дастатковай доляй верагоднасці забяспечыць касавыя зборы будучаму спектаклю. Але ж на гэткае сцвярджэнне маецца і контраргумент: няўжо карпатлівая, але мэтанакіраваная праца з драматургам у патрэбным табе як рэжысёру кірунку не кампенсуе цалкавітай пустаты і адсутнасці на сцэне жывога, новага тэатра?

У сучасным беларускім тэатры не толькі разуменне, але і паслядоўную працу ў гэтым кірунку праводзіць, бадай, толькі адзін рэжысёр - Сяргей Кавальчык. Апошні прыклад - спектакль "Пане Каханку", драматургічную аснову якога першапачаткова было вырашана замовіць драматургу Андрэю Курэйчыку. Не аналізуючы ў дадзеным матэрыяле мастацкія вартасці спектакля, усё ж нельга не адзначыць той факт, што пастаноўка трымаецца ў рэпертуарнай афішы ўжо два сезоны і нават карыстаецца папулярнасцю ў пэўнай катэгорыі гледачоў. Безумоўна, у гэтага тэксту, як і ў многіх іншых п'ес сучасных беларускіх аўтараў, паводле назіранняў, ёсць вялікая верагоднасць стаць "аднаразовым" і не пабачыць святло рампы зноў. Аднак ці гэта дастаткова важкі аргумент для таго, каб не пісаць і не ставіць сучасныя п'есы зусім?

Прынамсі, частку "рызыкі", звязанай з пастаноўкай сучасных п'ес беларускіх аўтараў, можна было б зняць, скарыстаўшыся досведам у дадзенай галіне іншых краін. Так, прыкладам, у Фінляндыі, дзе культурная палітыка шмат увагі надае "затрыманню" маладых аўтараў у краіне, існуе практыка закупкі Міністэрствам культуры новай п'есы нацыянальнага аўтара. Дзякуючы гэтаму ўсе ганарарныя выдаткі драматургам здымаюцца з тэатра, што калі і не спрыяе непасрэдным чынам, то, па меншай меры, змяншае колькасць "насцярожваючых" аргументаў у дачыненні да сучасных твораў.

Маладому

драматургу -

маладога рэжысёра

І яшчэ адзін аспект, які немагчыма абмінуць, - пошукі маладымі драматургамі "свайго" рэжысёра. Зусім нядаўняя гісторыя: адзін з беларускіх тэатраў вельмі зацікавіўся п'есай Дзмітрыя Багаслаўскага "Любоў людзей". Але - справа "прытармазілася" таму, што ніяк не знаходзіцца рэжысёр, які змог бы адэкватна прачытаць і паставіць дадзены твор на сцэне. "Ды я і сам за тое ўзяўся б, - кажа мне дырэктар тэатра, - аднак жа разумею, што гэта зусім новы, яшчэ нязвыклы для нас тып драматургіі, а таму і ставіць яго павінен рэжысёр з прынцыпова іншым, адрозным ад нашага, мысленнем".

Самы вядомы спосаб стварэння сітуацыі, пры якой драматург мае максімальныя шанцы "пазнаёміцца" са "сваім" рэжысёрам, - творчыя і лабараторыі. І, прынамсі, у нас таксама маецца плённая практыка падобнай работы. Так, у рамках Міжнароднага маладзёжнага форуму "М.@rt.кантакт", які, дарэчы, на наступным тыдні распачнецца ў Магілёве, з першых гадоў ладзіліся лабараторыі для маладых рэжысёраў, у рамках якіх яны прэзентавалі свае тэатральныя міні-работы. Аднак рэальны плён стаў заўважны толькі тады, калі "лакалізавалася" само драматургічнае поле. Так, летась лабараторныя работы праводзіліся выключна на творах Паўла Пражко. А сёлета ў рамках конкурснай афішы - прэм'ера Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра - спектакль "Гаспадар кавярні" па п'есе гэтага ж аўтара. Чым не рэальны, канкрэтны вынік?

Безумоўна, нельга раз і назаўсёды вынайсці і пралічыць механізм, які беспамылкова будзе прасоўваць маладых беларускіх драматургаў, рабіць іх папулярнымі і, што больш важна, запатрабаванымі айчыннымі тэатрамі. Тым больш немагчыма зрабіць гэта "загадам зверху". Аднак цалкам у нашых сілах - заўважаць тыя станоўчыя і плённыя праявы творчага жыцця айчынных драматургаў, якія маглі б быць падмуркам для іх далейшага росту. Не чакаць, пакуль яны ашчаслівяць нас "хітамі на ўсе часы", а больш актыўна ўключаць іх у штодзённы тэатральны працэс. Бо ён, гэты працэс, складаецца не з нашых мар, а з тых канкрэтных крокаў, якія кожны творца робіць тут і зараз.