Тры варыянты для кінаразвіцця

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Як стварыць “новыя рэаліі” для экраннага “буму”?

Што аб'ядноўвае творча настроеных людзей у адзіную плынь? Грошы, магчымасць займацца любімай справай, агульны інтарэс? Безумоўна. Але яшчэ - і розныя інстытуцыі, якія дазваляюць абменьвацца думкамі, мець рознабаковыя стасункі, дзяліцца вопытам і сачыць за поспехамі адно аднаго на карысць агульнай справы. Інстытуцыі гэтыя могуць быць самага рознага кшталту, але без іх існавання якасных змен у мастацтве не адбываецца. Асабліва тое датычыцца кіно, дзе творчасць шчыльна пераплецена з індустрыяй, што сама па сабе патрабуе адмысловай інфраструктуры.

У дадзеным матэрыяле мы паспрабуем разгледзець некалькі магчымасцей, з дапамогай якіх можна паскорыць працэс інтэграцыі творчага кінематаграфічнага асяроддзя.

Пра выхад беларускага кіно на прынцыпова новы ўзровень апошнім часам гаворыцца шмат. Тым больш, неабходныя перадумовы для гэтага паступова з'яўляюцца: працягваецца мадэрнізацыя галоўнай кінастудыі, пакрыху развіваюцца арганізацыі, што аказваюць паслугі здымачным групам, з'яўляюцца новыя адукацыйныя праекты ў кінасферы, штогод з'яўляюцца новыя кінаклубы і г. д. Гэта значыць - у Беларусі паступова шырыцца кола людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да кіно і жадаюць звязаць з ім свой лёс. Колькасць, безумоўна, на пэўным этапе, раней ці пазней, павінна перарасці ў якасць. Але для творчага "кінабуму" трэба, каб канцэнтрацыя талентаў на адзін умоўны кінаметр стала крытычнай, як тое адбывалася, напрыклад, у Францыі на пачатку - у сярэдзіне 1950-х або ў Галівудзе 1970-х.

Варыянт першы.

Прафесійны

Як вядома, творцы ва ўсе часы гуртаваліся ў аб'яднанні па інтарэсах і творчыя саюзы. У нашай краіне, як і ў іншых рэспубліках былога СССР, склалася традыцыя буйных творчых аб'яднанняў, куды ў свой час ўваходзілі амаль усе, хто прафесійна займаўся мастацтвам. Беларускі саюз кінематаграфістаў быў заснаваны ў 1962-м, такім чынам, бягучы год у БСК - юбілейны. Колішні Саюз быў цэнтрам прыцягнення творчых кадраў з усёй рэспублікі, прычым не толькі кінематаграфічных. А галоўная пляцоўка - знакаміты Дом кіно ў сценах сучаснага Чырвонага касцёла ў Мінску - нездарма стала легендарнай. З асяродка Саюза выйшла нямала адораных асоб, у час перыяду росквіту нарадзілася шмат цікавых ідэй. Практычна ўсе, хто цяпер узгадвае дзейнасць колішняга БСК, называюць, у першую чаргу, менавіта Дом кіно. Думаецца, у тым ліку, - з-за непаўторнай атмасферы творчага братэрства, якога відавочна бракуе сучасным творцам.

Слаўнае мінулае БСК, на жаль, пакуль не мае годнага працягу. Становішча творчых саюзаў, у тым ліку эканамічнае, значна змянілася. Але калі мастакам і дызайнерам у новых рэаліях дзейнічаць куды прасцей, то актыўнасць Беларускага саюза кінематаграфістаў на дадзены момант зводзіцца да неабходнага мінімуму падтрымкі сваёй жыццядзейнасці. Сталічны кінатэатр "Партызан", атрымаўшы назву "Дом кіно", на справе другім домам для айчыннага кінаасяродка не стаў, хоць і прапануе гледачу вельмі цікавыя кінапраграмы. Але, галоўнае, члены БСК не праяўляюць ранейшай цікавасці да агульнай справы...

Між тым, у рыначных умовах, калі "кожны - сам за сябе", аб'яднанні прафесіяналаў маюць асаблівы плён. Дастаткова ўзгадаць ураджэнца Беларусі, аднаго з заснавальнікаў галівудскага кіно Луіса Маера і яго руплівую дзейнасць па стварэнні розных кінематаграфічных аб'яднанняў. Пагадзіцеся, цяжка ўявіць сучасны Галівуд без заснаваных Маерам кінаакадэміі і яе галоўнай узнагароды - прэміі "Оскар"! Апрача таго, практычна ва ўсіх краінах з актыўнымі кінематаграфіямі паспяхова дзейнічаюць асобныя гільдыі - акцёрскія, аператарскія, прадзюсарскія, - якія не толькі з'яўляюцца творчымі арганізацыямі, але і абараняюць правы сваіх членаў.

Магчыма, і беларусам трэба задумацца над актывізацыяй працы ў кірунку прафесійных гільдый, што маглі б займацца, у тым ліку, і вызначэннем лепшых у сваёй сферы. Тым больш, творчыя спаборніцтвы станоўча ўплываюць на прафесійны рост (тое яскрава даказалі Тэатральная і Музычная Нацыянальныя прэміі).

Варыянт другі.

Кінаклубны

Знакамітая Парыжская Сінематэка Анры Ланглуа для сусветнага кінамастацтва - што Акадэмія Платона для антычнай культуры. На яе сеансах знаёміліся і атрымлівалі азы кінамайстэрства найбольш яркія прадстаўнікі знакамітай "новай хвалі" - Жан-Люк Гадар, Франсуа Труфо, Клод Шаброль ды іншыя цікавыя творцы, якія з глядзельных залаў перайшлі на здымачныя пляцоўкі і неўзабаве зрабілі Францыю вядучай кінематаграфічнай дзяржавай свету.

У нашай краіне традыцыі кінаклубнага руху таксама багатыя. Пік яго прышоўся на канец 1980-х - пачатак 1990-х, калі ў грамадстве назіраўся ўсплёск цікаўнасці не толькі да кінамастацтва, але і да мастацкай творчасці ў цэлым. Самы знакаміты кінаклуб тых гадоў - "Профіль" у сталічным кінатэатры "Піянер", на сеансах-пасяджэннях якога да кіно было далучана нямала таленавітых маладых людзей. Многія з іх потым падаліся ў прафесіяналы (дастаткова ўзгадаць цяперашняга дырэктара Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алега Сільвановіча, які быў адным з самых актыўных арганізатараў кінапраглядаў у Мінску).

Апошнія некалькі гадоў, пра што ўжо неаднойчы згадвала "К", у Беларусі назіраецца небывалы ўсплёск кінаклубнай актыўнасці. Звязана гэта, у першую чаргу, з развіццём лічбавай тэхнікі, якая дазваляе арганізоўваць паказы без асаблівых затрат. Найбольшая колькасць імправізаваных клубаў, зразумела, знаходзіцца ў сталіцы. Аднак даступнасць лічбавых копій робіць кінаклубны рух геаграфічна неабмежаваным. Не дзіва, што кінаклубы ў Беларусі растуць як грыбы, прычым назіраецца тэндэнцыя да іх спецыялізацыі: гістарычнай, філасофскай, мастацкай.

Кінаклубы не толькі стымулююць цікавасць да прагляду стужак, але і садзейнічаюць развіццю прафесійнай адукацыі ў кінасферы. Самыя актыўныя іх арганізатары і наведвальнікі - студэнты факультэта экранных мастацтваў БДАМ, а таксама ўдзельнікі кінашкол, якія з'яўляюцца ў нашай краіне ў апошнія гады.

Прынамсі, з тых, хто аднаўляў кінаклубны рух пяць-шэсць гадоў таму, ужо атрымаліся маладыя рэжысёры, аператары, майстры гукавога цэха і мантажу. Справа за тым, каб працэс пераходу з аматараў-сінемафілаў у прафесіяналы-кінематаграфісты быў прадоўжаны. А для гэтага аматарскі кінаклубны рух павінен атрымаць нейкую апору - можа, нават у выглядзе інфармацыйнай ды арганізацыйнай падтрымкі. У свой час кінаклубны рух у СССР меў вельмі добрую базу ў выглядзе Бюро прапаганды савецкага кіно. Клубы, якія базіраваліся па кінатэатрах і дамах культуры па ўсёй вялікай краіне, мелі магчымасць не толькі бясплатна атрымліваць копіі стужак ды інфармацыйна-рэкламныя матэрыялы, але і запрашаць у госці стваральнікаў карцін.

Такой раскошы, як творчыя сустрэчы і мэтанакіраваная інфармацыйная работа, сучасныя беларускія кінаклубы бадай пазбаўлены. Пэўную карысць сталічным кінааматарам прыносяць сустрэчы пад час Мінскага Міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", які, фактычна, працуе ў фармаце своеасаблівага кінаклуба. Але форум праходзіць раз на год, і далёка не ўсе мінскія аматары кіно маюць магчымасць наведаць кожны яго прагляд ды пазнаёміцца з гасцямі фестывалю.

Такім чынам, кінаклубнай працы ў Беларусі для лепшай яе эфектыўнасці патрэбна нейкая формаўтваральная аснова, у якасці якой можа выступіць аб'ект наступнага раздзела нашага імправізаванага даследавання.

Варыянт трэці.

Інфармацыйны

Яшчэ адзін добра вядомы феномен: новыя творчыя сілы ў кіно заўсёды гартуюцца вакол нейкага інфармацыйнага рэсурсу. Раней у якасці апошняга выступалі, зразумела, друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. Адзін знакаміты французскі часопіс доўгі час служыў пляцоўкай для аўтарскага выяўлення вышэйзгаданых аўтараў "новай хвалі", якія перайшлі з кінакрытыкі ў рэжысуру. Але перш чым змяніць аблічча кіно ў рэальнасці, аўтары часопіса незваротна змянілі яго ў свядомасці творцаў і гледачоў з дапамогай сваіх артыкулаў.

Пры ўсім багацці журналісцкіх матэрыялаў пра кіно ў Беларусі, моцнага інфармацыйнага рэсурсу, вакол якога маглі б гуртавацца прафесіяналы, у нас пакуль няма. Адпаведна, няма і сур'ёзнай медыябазы для прапаганды нацыянальнага кіно і магчымасцей айчынных кінавытворчых арганізацый. Між тым, у іншых краінах такія базы ўжо актыўна ствараюцца з дапамогай Інтэрнэта. Адпаведныя сайты не толькі выконваюць функцыі нацыянальных кінапарталаў, даюць магчымасць кінавытворцам не толькі рэкламаваць, але і прадаваць стужкі, а прафесіяналам кіно - абмяркоўваць надзённыя пытанні ды прапаноўваць свае паслугі, урэшце, даваць магчымасць выказацца гледачам, забяспечваючы функцыі зваротнай сувязі.

Асобныя элементы такога інтэрнэт-сэрвісу ўжо існуюць у выглядзе сайтаў асобных вытворчых і кінапракатных арганізацый, аматарскіх кінаклубаў і электронных СМІ. Справа за тым, каб аб'яднаць іх у агульную плынь. Няма сумневу, што з'яўленне сеткавых інфармацыйных рэсурсаў, як у свой час будаўніцтва чыгунак і хуткасных аўтамабільных дарог, дае моцны штуршок развіццю ўсіх сфер нашага жыцця. Кіно тут - не выключэнне, і нацыянальны інфармацыйны кінарэсурс можа стаць не проста карысным, але і сістэмаўтваральным для айчыннага кінематаграфічнага асяроддзя на новым этапе яго існавання.

Зразумела, пералічаныя варыянты - толькі агульныя прапановы па развіцці цікавасці грамадскасці і саміх прафесіяналаў да нашага кіно. Каб хоць адзін з гэтых варыянтаў спрацаваў, патрэбны намаганні не аднаго чалавека, а мэтанакіраваная дзейнасць усёй кінематаграфічнай супольнасці, якую разам з зацікаўленымі асобамі "К" запрашае да далейшага дыялога.

Слова — кінематаграфістам
Што трэба зрабіць для якасных змен
у развіцці кінематаграфічнага асяроддзя?

Юрый ІГРУША, рэжысёр, прадзюсар, дырэктар РУП “Беларускі відэацэнтр”:

— Мяркую, што нашаму кінематаграфічнаму асяроддзю не хапае перш за ўсё звычайных чалавечых стасункаў, абмеркаванняў, дыскусій. Людзі розных кінематаграфічных спецыяльнасцей павінны ведаць адно аднаго ў твар, абменьвацца думкамі, і не толькі пад час фестываляў або праглядаў, якіх у нас заўсёды бракуе, але і на пастаяннай аснове. У якой форме гэта можа быць зроблена — пытанне таксама цікавае. Магчыма, пачынаць варта з арганізацыі шэрагу “круглых сталоў” па асобных пытаннях, куды трэба запрашаць зацікаўленых асоб. Паступова такія мерапрыемствы могуць перарасці ў нешта большае і аб’ектыўна паўплываць на развіццё кінематаграфічнага асяроддзя. Аднымі віртуальнымі стасункамі ды абмеркаваннямі абмяжоўвацца нельга…

Віктар ВАСІЛЬЕЎ, акцёр, рэжысёр, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў:

— Наша прафесійнае асяроддзе не знаходзіцца ў вакууме, а цалкам залежыць ад грамадства. Таму пачынаць трэба, мяркую, з сям’і. Безумоўна, нам бракуе прафесійнага развіцця спецыялістаў. Мы ў Саюзе кінематаграфістаў і спрабуем цяпер вярнуць творцам павагу ды разуменне сутнасці іх прафесіі, бо за мінулыя гады шмат хто на яе забыўся. Паступова, але ў БСК гэтую праблему імкнёмся вырашаць…

Аляксандр ЯФРЭМАЎ, рэжысёр, акцёр, народны артыст Беларусі:

— Праблем у нашым прафесійным коле вельмі шмат. Хутка і проста, баюся, іх не вырашыць. Пачынаць патрэбна з зусім, падавалася б, прыземленых рэчаў — кшталту абароны правоў кінематаграфістаў, развіцця прафесійных гільдый. У Беларусі паспяхова дзейнічае Гільдыя акцёраў кіно, але гэтага відавочна недастаткова, бо супрацоўніцтва з замежнымі калегамі ставіць перад айчыннымі кінематаграфістамі пытанні абсалютна практычнага плана, кшталту памеру ганарару і г. д. Выйсцем тут можа быць шчыльная кааперацыя з нашымі калегамі, якія ўжо зрабілі вельмі шмат у гэтым кірунку...

Галіна АДАМОВІЧ, рэжысёр-дакументаліст:

— Мне падаецца цікавай ідэя міжнароднага супрацоўніцтва. Замыкацца ў сваім асяроддзі ў сучасных умовах не варта — трэба актыўна шукаць замежных партнёраў па кінавытворчасці, тых, каго зацікавяць беларускія тэмы. Калі актыўна ўключыцца ў сусветны працэс, відавочны прагрэс чакае наша кінематаграфічнае асяроддзе...

Таццяна ЛОГІНАВА, аператар:

— Пытанне зараз стаіць не аб тым, каб развіваць кінематаграфічнае асяроддзе, а аб тым, як яго ствараць з самага пачатку. Сучасны кінематаграфічны працэс цяпер зусім не такі, як быў пятнаццаць — дваццаць гадоў таму, не кажучы ўжо пра здымачную тэхніку і спецэфекты. Можна сабе ўявіць, як змяніліся людзі! На сённяшні дзень кожны з кінематаграфістаў дзейнічае сам па сабе, што і адбіваецца на выніках…