“Ракета” стартуе з Японскага

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

21 — 25 сакавіка Пасольства Японіі ў Беларусі пры падтрымцы праекта “Cinemascope” і Японскага фонду прадстаўляе ў сталічным кінатэатры “Ракета” традыцыйны Тыдзень кіно Краіны ўзыходзячага сонца. Сёлета ў праграму ўключаны не толькі фільмы з “залатога фонду” японcкага кінематографа, але і стужкі, якія адлюстроўваюць сучасную кінакультуру краіны.

/i/content/pi/cult/369/7146/2-5.jpeg

У рамках рэтраспектывы будуць паказаны знакавыя для японскага кіно работы Ясудза Масумуры "Загнаны воўк" (1960 г.), Ёсіміцу Марыты "Сямейныя гульні" (1983 г.) і Такесі Кітана "Санаціна" (1993 г.). Больш позні перыяд будзе прадстаўлены сямейнай драмай Ёіці Хігасі "Мой грандпа" (2003 г.) і фільмам-эксперыментам Ёсіхару Нісігакі "Лес - мая школа" (2002 г.). Усе стужкі будуць дэманстравацца на мове арыгінала з субцітрамі.

Старт японскай праграмы ў "Ракеце" адкрывае новую старонку дзейнасці добра вядомага жыхарам сталіцы праекта "Cinemascope", які раней праводзіў свае рэтра-паказы ў кінатэатры "Перамога" і "Цэнтры-відэа". Дарэчы, частка відэаабсталявання апошняга, што быў закрыты напрыканцы года, таксама перавезена ў "Ракету" і будзе выкарыстоўвацца для рэтра-паказаў з лічбавых дыскаў у адрамантаванай зале.

Нагадаем, што кінатэатр "Ракета" цягам ужо сямі гадоў з'яўляецца базай для аднаго з самых вядомых сталічных кінаклубаў "Феномены кіно".

На здымку: кадр з фільма "Санаціна".