Квадрат кахання “Людзей на балоце”

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Чым Генадзь Гарбук заінтрыгаваў карэспандэнта “К”?

/i/content/pi/cult/369/7145/2-4.jpeg

Учора на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў адбылася прэм'ера спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы "Людзі на балоце" ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева. Яшчэ два паказы - сёння і заўтра. Напярэдадні здачы спектакля карэспандэнту "К" удалося пабываць на адной з рэпетыцый і распытаць стваральнікаў дзеі пра новае сцэнічнае ўвасабленне вядомага твора Івана Мележа.

Але, вядома, сцэна Купалаўскага тэатра бачыць "Людзей на балоце" не ўпершыню. У 1966 годзе Барыс Эрын, Зінаіда Браварская і Галіна Уладамірская стварылі спектакль па трылогіі беларускага класіка. Васіля ў ім іграў Генадзь Гарбук, а ролю Міканора выконваў... акцёр Аляксандр Гарцуеў.

- Гэта была мая першая роля ў тэатры, - удакладняе Аляксандр Фёдаравіч. - Спекталь ішоў, мяне ўвялі... Потым здымаўся і ў стужцы Віктара Турава... Шмат чаго было звязана з гэтым творам.

Калі Аляксандр Гарцуеў стаў займацца рэжысурай, тады і ўзнікла ідэя вярнуцца да славутага твора. Але, вядома, была патрэбна новая інсцэніроўка.

- У выніку я яе зрабіў, - распавядае ён. - Год сядзеў і пісаў, вылучаючы тыя лінія, якія, на мой погляд, актуальныя для с/i/content/pi/cult/369/7145/2-2.jpegённяшняга часу. Атрымалася больш чалавечая гісторыя: менш калгасных збораў, а ў цэнтры - любоўны трохкутнік ці, калі хочаце, нават чатырохкутнік...

Прызнацца, на сцэне і сапраўды кіпяць жарсці. Вядомых герояў палескай хронікі ўвасабляюць маладыя акцёры, і нельга сказаць, што гісторыя кахання Ганны Чарнушкі, Васіля Дзятліка, Яўхіма Карча і Хадоскі ўспрымаецца імі як паданне даўно мінулых дзён.

- Прызнацца, каб сыграць свайго персанажа, мне шмат чаго трэба было перабароць у сабе, - кажа выканаўца ролі Яўхіма Павел Харланчук.  - Такім я яшчэ не быў. Але, безумоўна, ён - з тых людзей, якія ўмеюць працаваць, для якіх зямля шмат што значыць, ды Яўхім - мужчына, які шчыра можа кахаць. Але яго галоўная памылка, мяркую, у тым, што ён зрабіў сябе камандзірам уласнага лёсу, адмовіўшыся разам з прыходам савецкай улады ад Божых законаў. Адсюль - ягоная самаўпэўненасць і тыя памылкі, якія ён робіць...

/i/content/pi/cult/369/7145/2-3.jpegВольга Скварцова, якая іграе Хадоску, што, паводле твора, больш за ўсіх пакутуе ад памылак Яўхіма, таксама мае сваю трактоўку лёсу гераіні.

 - Мне не хочацца рабіць яе абсалютнай ахвярай, - дзеліцца актрыса, якая як харэограф таленавіта выкарыстоўвае і мову цела ў стварэнні аблічча сваёй гераіні. - Трагедыя Хадоскі - адно ў тым, што яна не ўспрымае, не бачыць рэальнасці праз сваё адданае каханне. Але калі ілюзіі разбураюцца... У дачыненні да яе далейшага лёсу не застаецца, на жаль, таго шматкроп'я, якое ўсё ж маюць іншыя персанажы дзеі...

Галоўную ж пару пастаноўкі - Ганну Чарнушку і Васіля Дзятліка  - увасабляюць на сцэне Вікторыя Чаўлытка/Валянціна Гарцуева і Раман Падаляка/ Аляксандр Паўлаў. І, зноў-такі, кожны з акцёраў па-свойму бачыць "блукаючую зорку" вядомых персанажаў.

- Каб дакладна выпісаць майго героя, мне, напэўна, не хапае пару сцэн, - разважае Раман Падаляка. - Васіль - гэта інтраверт, які ўсё трымае ў сабе, цяжка паказаць яго ўнутранае жыццё па-за сцэнай. Ён існуе нібыта паасобку. У кіно, дзе ёсць буйныя планы, і мы дзякуючы ім разумеем, што Васіль думае пра Ганну, ці бачым, што ён хоча да яе падысці і не можа, ён выглядаў бы, магчыма, больш аб'ёмна. Але, безумоўна, нерашучасць робіць Васіля персанажам надзвычай неадназначным. Я б змагаўся за сваё каханне...

- Ганна - гэта адзіны чалавек, якому, на мой погляд, удалося вырвацца з цяжкіх абставін, - Ганна Чарнушка ў выкананні Вікторыі Чаўлытка і сапраўды падобная на тую "рабінку, што зачырванела ў маразы". - Яна ўвасабляе Асобу, якая, нягледзячы на ўсё, рушыць наперад. І нават яе няшчаснае каханне не перашкодзіла ёй адчуць сябе вольным чалавекам... /i/content/pi/cult/369/7145/2-1.jpeg

 Трэба адзначыць, што спектакль не абышоўся і без мэтраў Купалаўскага тэатра - Генадзя Аўсяннікава і Генадзя Гарбука. Для апошняга "Людзі на балоце" ўвогуле сталі знакавым творам: за ролю Васіля ў аднайменнай тэлевізійнай пастаноўцы Аляксандра Гутковіча Генадзь Міхайлавіч атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР, а праз дваццаць два гады ўжо роля бацькі Ганны Чарнушкі ў славутым фільме Віктара Турава прынесла акцёру Дзяржаўную прэмію Савецкага Саюза. Гэта не лічачы дваццацігадовага стажу Васіля ў Купалаўскай пастаноўцы Эрына.

- Смешна сказаць, дайце мне зараз партнёра, - кажа майстар, - і ўсё сыграю! 20 гадоў ішоў той спектакль - зразумела, што кожная роля захавалася ў маёй душы і памяці...

Генадзь Міхайлавіч адзначыў, што да гэтай пары знаходзіцца ў палоне той пастаноўкі, ды ўсё ж прымае новую версію класічнага твора.

- Я магу толькі пахваліць рэжысёра, што ён не пайшоў на паўтор старога спектакля,  - адгукаецца славуты акцёр. - Ён зрабіў цалкам іншую пастаноўку і, тым не менш, захаваў галоўную думку твора: людзі ды іх зямля...

Майстар падкрэсліў і новыя трактоўкі роляў Міканора, Хоні і Лёшы Губатага.

- Звярніце на іх увагу,  - заінтрыгаваў ён.

А што ж да галоўнай лініі закаханых, то Генадзь Міхайлавіч пакінуў усё без каментарыяў, мудра заўважыўшы толькі адно: "Што зробіш, расстанне - і ёсць асноўны заклад моцнага пачуцця. Аб гэтым пісаў не толькі Мележ, але і Шэкспір, Пушкін, Талстой ды іншыя..."

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"