Графіка і пяць моў

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

“Беларускі відэацэнтр” скончыў працу над дакументальнай стужкай “Леанід Левін”. Карціна распавядае пра асобу стваральніка знакавых мемарыялаў у Хатыні і Чырвоным Беразе ды змяшчае шэраг фота- і відэаматэрыялаў з асабістага архіва Майстра.

Як ні дзіўна, але дакументальных фільмаў пра асобу выбітнага беларускага архітэктара і скульптара да сёння не выпускалася. Гістарычная Няміга, помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу, праекты будынкаў МЗС, ВДНГ, станцый Мінскага метрапалітэну, архітэктурныя рашэнні многіх куткоў беларускай сталіцы - усё гэта плён творчасці Леаніда Левіна, добра вядомы кожнаму беларусу, але пра яго самога ведае далёка не кожны. Аўтары стужкі - сцэнарысты Галіна Левіна (дачка галоўнага героя) і Вольга Крамянецкая, рэжысёр Андрэй Леўчык - паспрабавалі раскрыць шматбаковую асобу Леаніда Мендзелевіча як мастака, грамадскага дзеяча, заснавальніка архітэктурнай школы, пісьменніка, мужа і бацькі.

Разам з галоўным героем здымачная група наведала Хатынь, Чырвоны Бераг, мемарыял у вёсцы Шунеўка, Шагалаўскі цэнтр у Віцебску, украінскі горад Ізюм - месцы, дзе знаходзяцца левінскія творы. Расповед аб помніках дапаўняюць элементы мастацкай рэканструкцыі з выкарыстаннем высакаякаснай камп'ютарнай графікі. Персанажы стужкі размаўляюць адразу на пяці мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай ды іўрыце.