Харэографы і “канверсаванасць”

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры

Другая частка калегіі, прысвечаная праблемам харэаграфіі, цалкам разбурыла міф пра "маўклівасць" гэтага віду мастацтва. Наадварот, дыскусія закранула самыя розныя аспекты: прафесійную галіну і аматарскую, падрыхтоўку кадраў на пачатковым, сярэднім і вышэйшым узроўнях, недахоп балетмайстраў, прагалы ў рэпертуарнай палітыцы, праславутую "канверсаванасць" прафесіі, якая дапамагае танцоўшчыкам хутка змяняць тэатры і краіны.

Тон задаў міністр культуры Павел Латушка, акрэсліўшы не толькі здабыткі айчыннай харэаграфіі як аднаго з галоўных складнікаў іміджа Беларусі, але і болевыя кропкі. У прыватнасці, няма новай плеяды балетмайстраў-пастаноўшчыкаў, з-за чаго практыкуецца запрашэнне замежных. З'яўляюцца таленавітыя танцоўшчыкі, але яны хутка з'язджаюць за мяжу. Толькі за год з Вялікага тэатра звольніліся 15 артыстаў балета, з Дзяржаўнага ансамбля танца - 14, з гродзенскіх "Белых росаў" - 7, з "Харошак" - 6. Усяго ж апошнім часам ужо каля сарака нашых зорак працуюць у замежжы. Нацыянальная тэматыка, хаця і прысутнічае ў рэпертуары, ды не стала асноўнай. Няма ў нас і тэатра сучаснай харэаграфіі: гэты напрамак развіваецца толькі Міжнародным фестывалем у Віцебску (IFMC). Узровень падрыхтоўкі кадраў наўпрост залежыць ад пачатковага і сярэдняга звёнаў, якія патрабуюць новага этапа свайго развіцця.

Сярод выступоўцаў былі першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі, намеснік міністра Тадэуш Стружэцкі, начальнік аддзела навучальных устаноў і работы з творчай моладдзю Міністэрства Алена Рыбчынская, загадчык кафедры харэаграфіі БДУКіМ Святлана Гуткоўская, дырэктар Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Зорыя Дусенка, першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Рылатка, мастацкі кіраўнік балета тэатра Юрый Траян, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч, дырэктар IFMC Марына Раманоўская, кіраўнік клуба бальных танцаў "Мара" Лідзія Кац-Лазарава, галоўны балетмайстар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Уладзімір Іваноў і іншыя.

Гучала шмат слушных прапаноў па паляпшэнні становішча. Зразумела, шмат залежыць ад узроўню і прынцыпаў аплаты (пакуль, да прыкладу, выкладчыкам не аплачваюцца пастаноўкі, зробленыя ў дзіцячых калектывах, а стартавая заработная плата артыста першай катэгорыі складае парадку мільёна). Але і акрамя матэрыяльнай сферы ёсць куды звярнуць дзяржаўную ўвагу. Так, было б няблага вярнуцца да ранейшай практыкі выкладання азоў харэаграфіі ў агульнаадукацыйных школах, не пакідаючы гэтыя заняткі выключна ў статусе платных факультатываў, бо інакш у гэтае мастацтва трапляюць не самыя таленавітыя, а тыя, чые бацькі згодны аплачваць навучанне. У сярэднім звяне - большасць гадзін прысвячаць заняткам па спецыяльнасці, а не агульнаадукацыйнаму цыклу. У вышэйшым - скараціць навучанне да чатырох гадоў замест пяці. На ўсіх трох узроўнях трэба было б увесці і новы кірунак - сучасны танец, які не можа быць паяднаны з эстрадай. Ніхто не рыхтуе спецыяльна і балетных канцэртмайстраў, а тут ёсць свае асаблівасці, на засваенне якіх нават высокапрафесійным піяністам патрабуецца некалькі гадоў практыкі. Паўстае і задача ўключэння народных танцаў у побытавую культуру беларусаў, каб "танчыць сваё" ўмеў кожны. Метадычныя распрацоўкі фальклорных узораў даўно падрыхтаваны, іх трэба распаўсюдзіць па краіне, зацікавіць народнымі танцамі праз той жа тэлеэкран, прадоўжыўшы ранейшыя традыцыі "відэанавучання". На карысць дыскатэчнаму руху пайшлі б і майстар-класы масавых танцаў.

Больш гастролей трэба праводзіць па краіне, а не толькі ў замежжы. Часцей адпраўляць сваіх спецыялістаў на замежныя стажыроўкі, у тым ліку на Захад, і, наадварот, запрашаць замежнікаў праводзіць працяглыя майстар-класы ў нас. Адкрыць на базе Дзяржансамбля танца пастаянны семінар, накіраваны на павышэнне кваліфікацыі аматарскіх калектываў і іх кіраўнікоў (дадамо, што ідэя стварэння Цэнтра метадычнай дапамогі, які таксама займаўся б папулярызацыяй айчыннага танцавальнага фальклору, ужо некалькі гадоў запар агучвалася мастацкім кіраўніком ансамбля "Харошкі" Валянцінай Гаявой, якая на дадзеным пасяджэнні, на жаль, не прысутнічала). Распрацоўваецца і прапанова стварыць Акадэмію танца, што рыхтавала б, найперш, балетмайстраў-пастаноўшчыкаў, адкрыць аўтарскія творчыя лабараторыі, праводзіць больш балетмайстарскіх конкурсаў. Нарэшце, стварыць Тэатр сучаснай харэаграфіі, бо ёсць і адпаведныя калектывы, прызнаныя нават у замежжы, і прафесійныя крытыкі ў гэтай галіне.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"