Тыдзень у дуэце

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

23 — 24 сакавіка на беларускай балетнай сцэне адбудзецца сапраўднае свята: госцем Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета нашай краіны стане Тбіліскі тэатр імя З.Паліяшвілі.

У двух з сямі грузінскіх балетных спектакляў партнёрам сусветна вядомай Ніны Ананіяшвілі выступіць наш Ігар Артамонаў.

Цяперашнія гастролі Тбіліскага тэатра оперы і балета сталі вынікам колішняга падпісання мемарандума аб двухбаковым супрацоўніцтве паміж тэатрамі. Грузінская трупа наведала нас ужо летам 2010-га, паказаўшы тры аднаактоўкі: "Серэнаду" ў харэаграфіі Дж.Баланчына, "Сагалабелі" ў пастаноўцы Ю.Посахава і знакамітыя кіліянаўскія "Шэсць танцаў". Не ўсе ведаюць, што той прыезд меў працяг: Ніна Ананіяшвілі на правах мастацкага кіраўніка балетнай трупы запрасіла народнага артыста Беларусі Ігара Артамонава ў Тбілісі.

- Грузінская трупа - калектыў аднадумцаў. Кожны выхад на сцэну яны лічаць за гонар, і працаваць разам з імі - сапраўдная асалода, - кажа Ігар Артамонаў. - За месяц знаходжання ў тамтэйшым тэатры я павінен быў вывучыць аднаактоўку "Дуа канцэртант" у харэаграфіі Іржы Кіліяна і танцаваць Базіля ў "Дон Кіхоце". Але раптам мне прапанавалі: можа, яшчэ і "Мацарціяну"? Вядома, уваходжанне ў новы матэрыял заўсёды цікавейшае, чым чарговае выступленне ў папулярным класічным спектаклі. Тым больш, гэта была цудоўная магчымасць сутыкнуцца з харэаграфіяй вялікага Баланчына...

З тбіліскай трупай І.Артамонаў выступаў не толькі ў Грузіі, але і ў Таліне, дзе ладзіўся "Вечар Баланчына", у Італіі. Нарэшце, гэта будзе і ў Мінску! А з часам, як запэўнівае кіраўніцтва Вялікага тэатра Беларусі, адзін з балетаў Баланчына з'явіцца і ў нашым рэпертуары. Далейшы ж плён супрацоўніцтва з тэатрам імя З.Паліяшвілі мы ўбачым ужо ў маі: у час Маладзёжнага опернага форуму, што пройдзе ў нас, Тэона Двалі праспявае Джыльду ў оперы Дж.Вердзі "Рыгалета".