"Энцыклапедыі тонаў"

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Сімфонія — праз чатыры гады, або Што трэба знайсці перад прэм'ерай?

/i/content/pi/cult/369/7141/1-2.jpeg

Увага! Гістарычны момант: у адзін дзень на розных сцэнах сышліся прэм'еры і новыя выкананні твораў беларускіх кампазітараў ХХ - ХХІ стагоддзяў.

Дзякуючы галоўнаму дырыжору і мастацкаму кіраўніку Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі Аляксандру Анісімаву і маладым музыкантам - студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, новую трактоўку набылі 2-і цымбальны канцэрт Дзмітрыя Смольскага і "Троіцкія фрэскі" Галіны Гарэлавай. Дарэчы, менавіта гэты дырыжор колькі гадоў таму быў "першаадкрывальнікам" музычнага "фрэскапісу" кампазітара. Тагачасныя салісты Яўген Ляттэ і Дзмітрый Макарэвіч надалі праграмнаму Канцэрту для дзвюх труб філасофскае асэнсаванне. Цяперашнія трубачы - Антон Мацвееў і Дзмітрый Касцюшка - у той жа самай музыцы знайшлі светлыя вобразы дзяцінства, блізкія калядным казкам.

"Музнумералогія"

Кульмінацыяй вечара, безумоўна, стала 4-я сімфонія Вячаслава Кузняцова, напісаная ў чатырох частках без перапынку, якая чакала свайго выканання "ўсяго толькі" чатыры гады - па цяперашніх мерках, не так ужо і доўга. А ўзгадваючы даўнюю прагу кампазітара да сімволікі лічбаў, "чацвёркавасць" увогуле можна назваць "неад'емнай часткай" твора. Сімвал Боскай творчасці і гармоніі з прыродай (поры года, часткі сутак, прыродныя стыхіі, напрамкі свету - усіх па чатыры), гэтая лічба, паводле нумералогіі, азначае павольны, з пераадоленнем перашкод, але няўхільны прагрэс. І сімфонія - таму пацверджаннем: гэта, безумоўна, вялікі крок наперад для ўсяго нацыянальнага і нават сусветнага сімфанізму.

Можа, і сапраўды дапамагла "чацвёрка"? Жарты жартамі, а тое, што сімфонія "адляжалася" праславутыя чатыры гады, пайшло ёй на карысць. Бо збегам абставін узнік дадатковы, не запланаваны аўтарам, выканальніцкі прыём: сумяшчэнне двух струнных аркестраў на адной сцэне. Гэта надало твору новыя акустычныя эфекты, зрабіла гучанне яшчэ больш аб'ёмным і нават падштурхнула да новых кампазіцыйных ідэй, якія маглі б распрацоўвацца ў будучым. Бо аркестр насупраць яшчэ аднаго такога ж па складзе аркестра - гэта, па сутнасці, перанос на інструментальную глебу так званых антыфонных спеваў, уласцівых харавой музыцы розных культур і эпох.

/i/content/pi/cult/369/7141/1-1.jpeg- Сімфонія, - кажа В.Кузняцоў, - сталася вынікам маіх роздумаў пра феномен гукавой матэрыі, што рухаецца паралельна нашаму зямному часу, які, у сваю чаргу, змешчаны ў касмічным "хронасе" - Найвышэйшым часе. Перачытваючы рускага філосафа сярэбранага веку Мікалая Бярдзяева, асабліва - яго кнігі "Сэнс творчасці" і "Сэнс гісторыі", эпіграфам да сімфоніі ўзяў ягоныя словы: "Дасягнутая ў імгненні вечнасць застаецца назаўжды... Але мы самі выпадаем з імгнення вечнасці і зноў уступаем у час"...

Эпіграф, занатаваны ў партытуры, не быў агучаны вядучай, не трапіў ён і ў тэкст праграмкі. Можа, усё гэта таксама аказалася - "да лепшага"? Бо складаныя, на першы погляд, развагі кампазітара пра феномен гукавой матэрыі выліліся, як гэта заўсёды бывае ў Вячаслава Кузняцова, у надзвычай стройную канцэпцыю, поўную, што асабліва важна, зачаравана-прыгожай музыкі. Атрымалася вельмі стыльнае, бездакорна вытрыманае, ажно да класічнасці, палатно - тая папраўдзе найвышэйшая прастата, якой дасягаюць толькі рэдкія сталыя майстры.

Аўтар па-новаму прадоўжыў базавыя прынцыпы самога музычнага мыслення, што выкарыстоўваліся ў сусветнай і нацыянальнай гісторыі культуры. Ён быццам "скаваў", у адпаведнасці са сваім прозвішчам, у адзіную сістэму прынцыпы знаменнага распеву, поліфанічных тэхнік пісьма ХV - ХVІ стст., мінімалізму "па-смольску" (калі Дзмітрый Смольскі ў 2-й сімфоніі, як адзначалі ў свой час музыказнаўцы, стварыў "энцыклапедыю" паўтону - сімвала стогну ды ўкленчвання, дык Кузняцоў у 4-й пашырыў яе да "энцыклапедыі" тона - сімвала спакойнага сцвярджэння). Сапраўднымі мастацкімі знаходкамі сталі выкарыстанне альтоў як водгукаў-"абертонаў" кантрабасаў і імітацыя арганных гучанняў - за кошт вялікай колькасці адкрытых струн у шматгалоснай фактуры.

Адзінай недарэчнасцю падаліся фінальныя літаўры, што ўзніклі, бы "чорцік са скрыначкі". Пэўна, ударнік з залішняй адказнасцю кінуўся выконваць свае абавязкі. Паводле ж партытуры, мелася на ўвазе абсалютна ціхуткае гучанне, блізкае да амаль няўлоўнага шамацення: літаўры як "абертоны" альта.

Адшукаць і аднавіць!

Не менш адметны вечар-адкрыццё падарыў ансамбль драўляных духавых "Riviera". Гэта была прэзентацыя кампакт-дыска "Яўрэйская музыка беларускіх кампазітараў", выдадзенага пры садзейнічанні Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі. У Канцэртнай зале Акадэміі музыкі сабраліся прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, пасольствы замежных дзяржаў у нашай краіне. Вёў канцэрт вядомы мастацтвазнаўца Алег Ойстрах. У многіх творах да ансамбля далучаліся запрошаныя салісты, неабыякавыя да культурнай мінуўшчыны нашай краіны. Мастак-аматар Анатоль Наліваеў - адзін з першых, хто пачаў яшчэ ў
1990-я выконваць адроджаныя яўрэйскія песні і малітвы. Збіраннем жа гістарычных матэрыялаў ён займаецца ўжо больш за 60 гадоў. Скрыпачка Марыя Зыкава - аспірантка Акадэміі музыкі, даследуе айчынную скрыпічную школу пачатку ХХ стагоддзя, падрыхтавала да выпуску зборнік не выдадзеных раней твораў.

Сабраць разам цэлую каманду апантаных людзей змог Максім Расоха, які ўзначальвае ансамбль "Riviera" і ўжо не ўпершыню звяртаецца да айчыннай музычнай спадчыны. На сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі і ў рэгіёнах гучала некалькі такіх праграм, адна была цалкам прысвечана творчасці Яўгена Глебава.

- Наперадзе, - кажа Максім, - выпуск кампакт-дыска, складзенага з твораў Самуіла Палонскага - да 105-годдзя з дня нараджэння кампазітара. Заключана дамова з Дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва Беларусі аб сумесным выданні кампакт-дыска з музыкай Льва Абеліёвіча: частку тыражу падорым установе. Цяперашні альбом (а да яго прыкладзена яшчэ "кніжачка" са звесткамі пра кампазітараў) таксама не паступіць у продаж, а будзе распаўсюджаны па бібліятэках і ўстановах культуры краіны і замежжа...

Падрыхтоўка і выпуск такіх аўдыязапісаў патрабуе вялікіх намаганняў. Справа - не толькі ў выкананні і папярэдніх пералажэннях, зробленых кіраўніком калектыву. Творы трэба спачатку - знайсці.

- Пачыналіся пошукі, - працягвае Максім Расоха, - вядома, з бібліятэчных фондаў. Яшчэ адным штуршком стала знаёмства з маладым музыказнаўцам Таццянай Халева. Рыхтуючы дыпломную працу, прысвечаную яўрэйскай музыцы, яна назбірала багата нотных матэрыялаў, і мы змаглі іх скарыстаць. Шмат часу правёў у Архіве-музеі літаратуры і мастацтва і я сам...

Дык, можа, цяперашні збег двух прэм'ерных канцэртаў у адзін вечар - прадвесце тых часоў, калі музыка айчынных творцаў будзе, нарэшце, гучаць штодня? Адначасова - на некалькіх пляцоўках.

На здымках: дырыжор

Аляксандр Анісімаў

і кампазітар Вячаслаў Кузняцоў у дзень прэм'еры; ансамбль "Riviera".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"