“Я часта не ведаю пра лёс сваіх карцін…”

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Бачанне "па Сезану" Вячаслава Руцая

/i/content/pi/cult/369/7140/2-1.jpg

...Са згаданага мной напрыканцы першай часткі артыкула каталога прывяду фрагменты артыкула крытыка Мікалая Машкоўцава: "...Руцай вучыўся ва ВХУТЕМАСе, трапіўшы туды ў самы разгар педагагічнай "дзейнасці" фармалістаў. Маніпуляцыі гэтых "настаўнікаў" цяпер нагадваюць спрытнюг з казкі Андэрсэна, якія на пустых кроснах "ткалі" парадны строй караля, у той час як кіраўніцтву мастацкай школы была яшчэ не зразумелая злачынная сутнасць гэтай "педагагічнай работы" - моладзь пачала супраць яе пратэставаць. Завадатарамі аказаліся Дорахаў, Пуставалаў, Рубанаў, Руцай, Хазанаў і іншыя, што, не прымаючы фармалістычных тэорый школы, пачалі працаваць у рэалістычным плане. На гэтых творцаў, асабліва - на Руцая, зрабілі ўплыў зносіны з мастаком Ржэзнікавым, сумесная праца з якім пачалася яшчэ з 1928 года..."
(Заканчэнне. Пачатак у № 10.)

І далей тагачасны крытык піша: "Нягледзячы на малады ўзрост мастака, выстаўка дае цалкам выразнае ўяўленне пра тыя мэты, якія ён ставіць сабе, пра тыя шляхі, якімі ён ідзе. Ён, безумоўна, паспяхова і да канца пераадолеў фармалістычныя ўстаноўкі школы, ён добра бачыць і ўважліва вывучае прыроду. У пейзажы ён больш за ўсё любіць той пяшчотны серабрысты тон, што аб'ядноўвае шырокую прастору далін, якія адыходзяць у бясконцасць далечыні... Руцай любіць і ведае вялікіх жывапісцаў мінулага. Ён умее ў іх вучыцца. Нешматлікія нацюрморты з'яўляюцца сапраўднымі штудыямі каларыту і кампазіцыі. Але мастак ставіць сабе больш складаныя і больш важныя задачы. Ён малюе вялікія шматфігурныя кампазіцыі..."

Далей Машкоўцаў аналізуе карціну Руцая "Курлоўскі расстрэл", якую мастак скончыў у 1935 годзе, калі працаваў на Беларусі: "...Курлоўскі расстрэл" - адзін з самых драматычных момантаў барацьбы з рэвалюцыяй у 1905 г. на Беларусі. Рэвалюцыянеры, якія былі вызвалены з астрогаў, сталі ахвярай пачварнай правакацыі царскай улады, яны ішлі бяззбройнымі на мітынг да вакзала (справа адбывалася ў Мінску) і тут былі сустрэты ружэйным залпам. Менавіта гэты момант і адлюстраваў Руцай у карціне. У руху натоўпу людзей з чырвонымі сцягамі, падкошаных ружэйным агнём, ёсць пачуцце сапраўднага трагізму. Добра знойдзены маштаб чалавечых фігур у адносінах да прасторы. Але ўсё ж карціна здаецца вялікім эскізам, бо твары намаляваны прыблізна..."

Я не бачыў гэтага палатна, таму "ад сябе" дадаць нічога не магу, хаця ведаю, што ў творчасці Руцая захавалася некалькі фігуратыўных карцін, якія засталіся, так бы мовіць, на стадыі добра распрацаванага эскіза. І што цікава: такія творы, асабліва - позняга перыяду, як правіла, былі прысвечаны асабліва "афіцыйным" тэмам кшталту "Сустрэча М.В. Фрунзэ з рабочымі Іванава", "М.І. Калінін на падпольным сходзе Мівускай падстанцыі", "Абвяшчэнне савецкай улады", "Штаб Кастрычніка", "Заўсёды з народам", палотны пра Леніна і г. д.

На пытанне да Руцая аднаго мастацтвазнаўцы, які жанр самы цікавы, Вячаслаў Мікалаевіч адказаў: "Кампазіцыйная карціна. Але, на жаль, так складваліся ў мяне абставіны, што я часта нават не ведаю пра лёс сваіх карцін. Сыходзяць яны ў клубы, дамы піянераў, часцей за ўсё - знікаюць без весткі". Але ж і мы не ведаем, куды яны, гэтыя карціны, зніклі. Відаць, мастак маляваў іх не па "замове" сэрца, а для таго, каб выжыць: тыповая гісторыя тысяч савецкіх мастакоў-сацрэалістаў. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што ў летапісе савецкага выяўленчага мастацтва падобнага кшталту творы не засталіся.

Усё ж, як ні круці, Руцай быў мастаком-лірыкам, майстрам пейзажа і нацюрморта і - выдатным педагогам, пра што ў СМІ амаль ніколі не гаварылася. А ён цягам некалькіх гадоў, з перапынкамі, на пачатку 1930-х, вельмі паспяхова настаўнічаў і ў Віцебску, і ў Маскве. Яго любімымі педагагічнымі "кропкамі" да і пасля Вялікай Айчыннай вайны былі не "кафедры" буйных мастацкіх інстытутаў, а студыі маскоўскага Дома піянераў Баўманскага раёна, Дома вучоных, Дома культуры МДУ на Ленінскіх гарах. Можа, менавіта такая сціплая, малапрыкметная праца і дапамагла яму выжыць у эпоху сталінскіх рэпрэсій і жыць нармальна ў час "хрушчоўскай адлігі". Дзякаваць богу, Руцая абмінуў лёс, што выпаў на долю яго няшчасных беларускіх сяброў маладосці - Р.Семашкевіча, Я.Мініна, братоў Даркевічаў, М.Шчакаціхіна... Канешне ж, тут трэба адзначыць і характар Руцая як чалавека мяккага, асцярожнага, не вельмі нонканфармісцкага па натуры. Аднак ён заўсёды ганарыўся тымі, хто выйшаў з яго студый і стаў з цягам часу выдатным мастаком.

А яшчэ Руцай ганарыўся сваім удзелам у баях за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай. З першых да апошніх дзён вайны ён быў на перадавой: змагаўся пад Масквой і на Курскай дузе, вызваляў Бранск і гарады роднай Беларусі, Латвіі і Лі/i/content/pi/cult/369/7140/2-2.jpgтвы.

Вайну Руцай скончыў у званні гвардыі маёра і на пасадзе намесніка камандзіра палка па страявой частцы. Вярнуўся ў Маскву інвалідам... Як памяць пра тыя гады - карціна "Вайна скончана", што распавядае пра радасць пасляваеннага быцця. Яна, гэтая радасць, - і ў прыгажосці маладых цел, і ў ззянні сонечнага святла, і ў пяшчотнай зеляніне квітнеючай зямлі, і ў сяброўскіх стасунках членаў шчаслівай сям'і... Хаця ўласна пра вайну ў франтавіка Руцая карцін амаль і няма, акрамя адной - пра юнага крымскага партызана Валодзю Дубініна. І тая засталася на ўзроўні эскіза. Чаму так? Сам ён казаў: "Я не люблю трагедый, а таму і не малюю на тэму вайны. Я люблю прыгажосць мірнага стваральнага жыцця, хараство зямлі і ўсё тое, што ствараецца рукамі чалавека. За гэтае жыццё мы ваявалі...". Таму замест танкаў і кулямётаў мастак малюе кветкі ў сваёй майстэрні на Маслаўцы, экзатычныя архідэі і ліловыя званочкі на раскрытым акне пад святлом летняга сонца, піша вясеннія фіялкі, дары мора-акіяна - перламутравыя ракавіны самых разнастайных форм, празрыстую серабрыстую смугу, якая растае ў небе... Для Руцая нават маленькі эцюд - не толькі штудыя натуры, а - заўсёды - вобраз і настрой.

Свае карціны-пейзажы Руцай малюе падоўгу. Калі ён не дачакаецца такога стану, каб пачаць пісаць, дык іншым разам праца пераносіцца, нават на наступны год. Толькі так, не спяшаючыся, ён стварыў карціну "У лесе", дзе выверана кожная дэталь і ўсё абагульнена ў адно цэлае. Спякотнае лета, цішыня, нерухомыя пышныя кроны дрэў, пранятыя сонечным святлом, выводзяць у халаднаватую глыбіню лесу сцежка, па якой ідзе жанчына...

І тут я хачу распавесці пра адну вучаніцу Руцая, з якой быў трошкі знаёмы (праз тагачаснага кіраўніка Саюза мастакоў БССР Уладзіміра Стэльмашонка). Гэта было напрыканцы 80-х, калі я ў Маскве сустрэўся з удавой расстралянага Рамана Семашкевіча - Надзеяй Міронаўнай Васільевай. Менавіта яна дала нам нумар тэлефона мастачкі Алы Аляксандраўны Андрэевай, удавы "гулагаўца", знакамітага пісьменніка Данііла Андрэева, аўтара сусветна вядомай містычнай кнігі "Ружа Міру": маўляў, гэтая жанчына нешта можа распавесці пра ейнага мужа. Але аказалася, што Семашкевіча яна ведала мала (у 1937-м ёй было 22 гады), хаця і сустракалася з ім незадоўга да арышту мастака. Нічога цікавага яна мне не расказала. Аднак у ходзе гутаркі, дазнаўшыся, што мы з Беларусі, Ала Аляксандраўна паведаміла, што была вучаніцай іншага беларуса - Вячаслава Руцая, пра якога, уласна кажучы, я, у адрозненне ад Стэльмашонка, тады нічога не ведаў. Але імя запомнілася. Праўда, яно да сённяшняга часу чамусьці так і не трапіла ні ў адну нашу энцыклапедыю (нават - у 18-томнік "Беларускай энцыклапедыі"!). І ніводнага артыкула пра жыццё і творчасць нашага земляка таксама не было надрукавана ў СМІ. Дадзены тэкст - першы.

Дык вось, гэтая Ала Андрэева, як і ейны муж, прайшла сталінскія лагеры, і з 25 гадоў дадзенага ёй тэрміну за "антысавецкую агітацыю і арганізацыю замаху на Сталіна" адсядзела - восем (прычым першыя 13 месяцаў - у камеры Ляфортава), пасля чаго ў 1956-м была вызвалена, рэабілітавана і адноўлена ў Саюзе мастакоў СССР. Так, на пачатку 1930-х яна (тады яшчэ "прафесарская дачка" і "вытанчаная прыгажуня" Ала Бружэс) пазнаёмілася з Руцаем і Ржэзнікавым, якія адкрылі ў ёй талент нацюрмартыста і літаральна прымусілі займацца жывапісам. Калі Ала ў гэтых адносінах падужэла, то паспрабавала паступіць у Паліграфічны інстытут, але - зведала фіяска. І тады Руцай зрабіў усё, каб яна паступіла ў Інстытут павышэння кваліфікацыі мастакоў-жывапісцаў, дзе яна правучылася тры гады, да 1938-га, у В.Бакшэева і Б.Іягансона.

А пасля, у 1943-м, таксама пры садзейнічанні Руцая, стала членам Саюза мастакоў. Праз два гады Алу (ужо па мужу - Андрэеву) выклікалі ў Маскоўскі саюз мастакоў (МОСХ) для справаздачы па зробленай за мінулы перыяд творчай працы. Спецыяльная камісія, куды ўваходзіў Руцай, павінна была ацаніць вынікі. Мастачка прадставіла дзясятак тэатральных эскізаў да спектакля "Гамлет". І раптам старшыня камісіі П.Сакалоў-Скаля, лаўрэат Сталінскай прэміі, стваральнік эталонных твораў сацрэалізму і так званага стылю трыумф, заявіў: "Што гэта за савецкі мастак, які без усякага заказу малюе эскізы да "Гамлета"? І чаму да "Гамлета"? Што мог савецкі мастак знайсці ў гэтым Гамлеце? Замак - шэры, усё - чорнае, цьмянае, атмасфера - не жыццярадасная, нічога народнага, ніякага крытычнага стаўлення да прынца Дацкага. Ды і наогул: патрабую паставіць пытанне аб прабыванні такога "дзіўнага персанажа", як Ала Андрэева, у нашым творчым саюзе".

Тут выступіў Руцай і звярнуўся да Сакалова-Скаля: "Павел Пятровіч, вы памыляецеся! Ала - вельмі таленавіты чалавек, я яе ведаю шмат гадоў і ганаруся тым, што яна мая вучаніца! Ну, зараз яна намалявала эскізы да "Гамлета", заўтра намалюе эскізы да іншага спектакля або створыць жывапісныя палотны, бо ейны талент - відавочны! Нельга ж так, адным махам, выштурхваць людзей!.."

Андрэева засталася ў МОСХу. Праўда, камісія прыняла такое рашэнне: даручыць Сакалову-Скаля ўзяць над мастачкай шэфства і выхаваць яе ў духу савецкага патрыятызму. Але ўсё пайшло інакш. Тады істотных дзяржаўных заказаў было мала, і, каб выжыць, Ала, зноў жа, пры дапамозе Руцая, занялася вырабам копій вядомых карцін накшталт "Ля дзвярэй Тамерлана" Верашчагіна або "Сакавік" Юона. На пачатку 1947-га нечакана быў арыштаваны ейны муж Данііл Андрэеў (ён прасядзеў у ГУЛАГу 10 гадоў; памёр у 1959-м). А праз год, у 1948-м, і яна сама апынулася ў мардоўскай Поцьме пад нумарам А-402. І, зноў жа, Вячаслаў Руцай, пакуль яна сядзела яшчэ ў Ляфортава, нейкім чынам перадаваў жанчыне прадукты і рэчы. У 1974 г. дапамог мастачцы арганізаваць у Маскве яе першую персанальную выстаўку. Праз шмат гадоў, дзесьці ў сярэдзіне 2005-га, я прачытаў ейную кнігу ўспамінаў "Плаванне да Нябеснай Расіі", і тады ж даведаўся, што 90-гадовая Ала Аляксандраўна Андрэева загінула пад час пажару ў сваёй маскоўскай кватэры...

Вось такія невядомыя шляхі-дарогі звязвалі мастакоў самых розных лёсаў і поглядаў на той складаны свет, у якім ім давялося жыць, любіць, радавацца, ненавідзець, пакутаваць, памыляцца, часам наступаць на горла ўласнай песні, а часам - адчуваць сябе свабоднымі творцамі. Думаю, што праз усе гэтыя пачуцці прайшоў і наш зямляк Вячаслаў Мікалаевіч Руцай. Сёлета роўна 30 гадоў, як ён пайшоў з жыцця...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"