Лукам і суліцамі

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Кап’ё з арнаментам і пяром у сячэнні

/i/content/pi/cult/369/7137/1-1.jpeg

Уяўленне пра знешні выгляд ваяра ў ХІІ - ХІІІ стст. (пра гэта мы пачалі расповед у № 8 за 2012 г.) не будзе поўным, калі не даведацца пра зброю, якую ён выкарыстоўваў у баях і насіў з сабой у паходы. Дык чым жа быў узброены прафесійны воін таго часу?
Масавай зброяй дружыннікаў і простых вояў было кап'ё. У Беларусі вядома каля 100 знаходак наканечнікаў коп'яў старажытнасці. Дрэўка ў гэтага віду зброі было таўшчынёй 2,5 см. Пяро яго мела ланцэтападобную, ромбападобную, падоўжана-трохвугольную, падоўжана-яйкападобную, лаўралісную ці ножападобную форму. Асобныя наканечнікі коп'яў аздаблялі ўтулкі, выкананыя каляровымі і нават каштоўнымі металамі, пакрытыя арнаментацыяй. Такія дэталі сустрэты ў раскопках курганных пахаванняў каля Лукомля і Ваўкавыска.

Але сапраўдным трыумфатарам узбраення вершніка ХІІ - ХІІІ стст. стала дзіда, якая, у адрозненне ад кап'я, мела доўгае і вузкае, чатырохграннае ў сячэнні, пяро. Знаходкі наканечнікаў пікі зафіксаваны ў Ваўкавыску, Капылі, Лукомлі, Мінску, Навагрудку, ля гарадзішча Вішчын Рагачоўскага раёна.

Распаўсюджванне дзіды было звязана з панаваннем на той час цяжкаўзброенай конніцы на палях бітваў. З прычыны пастаяннага паляпшэння даспехаў ранейшы прыём нанясення капійнага ўдару замахам рукі страчваў сваю эфектыўнасць. Таму ў ХІІ ст. ён быў выцеснены таранным ударам, які дазваляў сканцэнтраваць усю энергію руху вершніка на кані. Такая тэхніка вымагала большай трываласці дрэўка. Пры нанясенні тараннага ўдару коннік цвёрда трымаў дрэўка зброі рукой і фіксаваў яго, прыціскаючы локцем да боку. Энергія дазваляла прабіць пікай даспехі праціўніка ці скінуць яго з сядла.

Для баявых дзеянняў у глухіх лясных раёнах, дзе немагчыма было весці бой кап'ём або дзідай, даўжыня дрэўка якіх была 2,5 - 3 м, дружынная конніца спешвалася і вяла бой суліцамі - кароткімі коп'ямі даўжынёй 1,2 - 1,5 м. Пры гэтым даўжыня наканечніка суліцы была 15 - 20 см, з якіх 8 - 12 прыходзілася непасрэдна на само лязо.

Галоўнай зброяй, якая вызначала баявую годнасць княжацкага дружынніка, быў меч. У ХІ - ХІІІ стст. на Беларусі выкарыстоўваліся мячы паўднёва-ўсходніх і агульна-еўрапейскіх раманскіх тыпаў (капетынгскіх), якія адрозніваліся больш вузкім сякуча-колючым клінком. Варта адзначыць, што меч насіўся ў скураных похвах, якія ў Х -
ХІІІ стст. часта аздабляліся наканечнікамі з бронзы, радзей - з жалеза. Даўжыня раманскага мяча складала 220 см.

/i/content/pi/cult/369/7137/1-2.jpegАле дадзены від зброі меў не толькі практычнае, але і сакральнае прымяненне: менавіта пры дапамозе мяча адбываўся абрад прысвячэння ў рыцары, а ў міфалогіі славян мячу надавалася чароўная сіла.

Поруч з мячамі, на землях Беларусі выкарыстоўваліся і шаблі. Пра гэта сведчыць, па-першае, фігурка вершніка, які трымае шаблю, выяўленая пры раскопках Вішчынскага замка, а па-другое - знаходкі фрагментаў шабляў і іх похваў у Мінску, Навагрудку, Копысі, Слуцку, Гомелі, Мсціслаўлі, Вішчыне. Усяго такіх знаходак - 16, што сведчыць пра адносна невялікае іх распаўсюджанне ў Беларусі ў параўнанні з паўднёварускімі землямі, куды яны трапілі як запазычанне ад народаў стэпу яшчэ у ІХ - Х стст.

Маюцца звесткі, што на Беларусі ажыццяўлялася вытворчасць дэталей дзяржання шаблі і іх манціроўка да прывазных клінкоў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць раскопкі збройнай майстэрні ў Гомелі.

Акрамя таго, распаўсюджаным відам зброі блізкага бою былі сякеры. Іх баявая эфектыўнасць нашмат саступала мячам ці коп'ям, але папулярнасць тлумачылася танным коштам. У азначаны перыяд распаўсюджанне набылі баявыя вузкалязовыя з прафіляваным абухом сякеры. Сустракаюцца ў гэты час і чаканы - баявыя сякеры з малаткападобным выступам на тыльным баку абуха, прызначаным для нанясення "дробячых" удараў, і доўгім вузкім лязом трохвугольнай формы. Яны былі знойдзены ў Ваўкавыску, Лукомлі, паселішчах Мохаў і Ясенец, у курганах каля вёсак Чарневічы, Апонаўцы, Вензаўшчына.

Добрым памочнікам для дружынніка ў рукапашнай сутычцы быў нож. У адрозненне ад звычайнага гаспадарскага, баявы меў доўгае масіўнае лязо. Баявыя нажы насілі ў цвёрдых скураных футаралах, якія падвешваліся да пояса, або проста засоўвалі за халяву бота, за што яны і атрымалі назву - "засапожники" (адзін з такіх нажоў знойдзены на Верхнім замку Віцебска). Каштаваў добры баявы нож тры грамы срэбра, або адзін дырхем. На гэтыя грошы тады можна было набыць адну шкляную пацерку ці шкурку куніцы.
/i/content/pi/cult/369/7137/1-3.gif
Усе пералічаныя віды зброі прызначаліся для блізкага бою. Для вядзення ж бою на адлегласці на ўзбраенні дружынніка меліся лук і стрэлы. У ХІІ ст. стральба з лука перайшла ад больш бедных ваяроў апалчэння, якія не маглі дазволіць сабе іншай зброі, у рукі адмыслова абучаных малодшых дружыннікаў. Пры аблозе крапасных умацаванняў яна дапамагала падавіць абаронцаў на сценах і адкрыць шлях наступаючым войскам, альбо, наадварот, утрымаць іх на адлегласці ад сцен.

Генрых Латвійскі, аўтар хронікі Лівоніі, у якой апісваюцца падзеі ў Беларускім Падзвінні і Прыбалтыцы канца ХІІ - ХІІІ ст., адзначае, што пры аблозе крэпасці Гольм, якую ўзвялі мечаносцы, дружыннікі з Полацка былі "звыклыя да стральбы з лукаў, біліся шмат і паранілі многіх на сценах". Пра тое, наколькі лук і стрэлы былі грознай зброяй у руках вопытнага воіна, сведчыць такі прыклад: адлегласць палёту стралы складае 80 - 100 метраў, а скарастрэльнасць спрактыкаванага лучніка дасягае да 20-ці стрэлаў у хвіліну!

Напрыканцы ХІІ - у пачатку
ХІІІ стст. ваяры Беларусі ў сутычках з мечаносцамі і крыжакамі спазналі і такі від узбраення, як арбалет. Гэта ручная кідальная зброя далёкага бою, якая складаецца з лука, прымацаванага да ложа - прыстасавання для ўтрымання цецівы ў нацягнутым стане - і спускавога механізма. На нашых землях гэтая зброя мела назву "самастрэл". Дэталі арбалетаў і наканечнікі стрэл для іх выяўлены ў Брэсце, Віцебску, Мсціслаўлі, Мінску, Лідскім замку. Па скарастрэльнасці арбалет саступаў луку, але цаляў значна далей і прабіваў бронь рыцара.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, дацэнт БДПУ імя М.Танка, археолаг

На ілюстрацыях: княжацкая дружына выбіраецца ў паход (мастак - А.Фёдараў); наканечнік кап'я ХІ - ХІІ стст. (Капыль, раскопкі Л.Калядзінскага); сякерка-амулет (Гальшаны, ХІІІ ст.).