Спачатку была… Літара?

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Гусоўскі, іерогліфы ды інспіраваны метал

/i/content/pi/cult/369/7136/2-6.gif

7 сакавіка ў Палацы мастацтва распачала працу VІ Рэспубліканская выстаўка шрыфта і каліграфіі "Літ-арт". Наведвальнікаў тут сустракае сімвалічны ў Год кнігі персанаж - Кніжны чалавек - і вялізная кампазіцыя з металу ў выглядзе літар. Выстаўка сапраўды атрымалася рэспубліканскай не намінальна: тут прадстаўлены мастакі амаль з усёй Беларусі і нават кітайскі госць - Лі Цзо./i/content/pi/cult/369/7136/2-4.jpeg
Зразумела, з кожным годам свайго правядзення рэспубліканская выстаўка становіцца ўсё больш важнай, ды ўдзел у ёй надае ўсё большы прэстыж творцам. Урэшце, дзе, як не тут, могуць быць прадстаўлены амаль усе пакаленні айчынных мастакоў, дызайнераў і каліграфістаў? Ды і з ростам колькасці прэзентаваных работ немагчыма ўявіць, што першыя "Літ-арты" праходзілі ў камерных залах Музея сучаснага мастацтва. Нават вялікага другога паверха Палаца становіцца ўжо замала: работы размешчаны вельмі шчыльна.

У выставачнай прасторы знайшлося месца для класічнай еўрапейскай каліграфіі, за якую перш за ўсё "адказвае" яе беларускі класік - Павел Семчанка (дарэчы, напэўна больш за палову ўдзельнікаў выстаўкі - ягоныя вучні), што гэтым разам прадставіў творы, зробленыя з металу. І яны не згубілі адчування лёгкага ўзмаху пяра. Уражваюць і сучасныя "лічбавыя" тыпаграфічныя кампазіцыі, выкананыя ў разнастайных стылістыках. Яны амаль поўнасцю ахопліваюць галіну айчыннага графічнага дызайну ад жартоўных, пабудаваных на парадаксальнасці, работ Уладзіміра Цэслера і /i/content/pi/cult/369/7136/2-5.jpgархітэктурнага алфавіту Антона Баранава, канструктывісцкіх плакатаў Руслана Найдзіна, графічна багатых жартаўліва-футурыстычных работ Кацярыны Бушук, амаль цалкам пабудаваных на гульні разнастайных фактур Уладзіміра Цярэнцьева і добра вядомых тэатралам, зробленых з вялікай увагай да кожнай лініі, плакатах Юрыя Тарэева.

Работы ж акварэліста Вячаслава Паўлаўца нагадваюць вынікі дынамічных медытацый: тут перш за ўсё бачная свабода рукі і думкі. Майстар кніжнага дызайну Аляксандр Кулажэнка прысвяціў серыю сваіх плакатаў "вечнаму" гораду Рыму. Дарэчы, у экспазіцыі шмат работ, што прадстаўляюць класічную кніжную графіку. Тут перш за ўсё варта згадаць серыю Юрыя Якавенкі "Alphabet", а таксама выкананыя ў класічнай тэхніцы творы Міколы Купавы, натхнёныя кніжнай спадчынай Францыска Скарыны, ды інтэрпрэтацыі "Песні пра зубра" Міколы Гусоўскага аўтарства Сяргея Пісарэнкі.

Не абышлося і без ўжо традыцыйнай у гэтым выставачным годзе ўсходняй каліграфіі: прадстаўлены работы як этнічнага носьбіта гэтай культуры - вершы Лі Цзо (нагадаем, яго персанальная выстаўка працавала ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пару месяцаў таму), - так і айчыннага інтэрпрэтатара старажытнай традыцыі - серыя твораў Алега Усціновіча.

Ф.А.