Каталізатар эфектыўнасці

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Якія нашы праекты прадставяць у Парыжы?

/i/content/pi/cult/369/7133/1-1.jpeg

Літаральна колькі дзён таму ў Парыжы скончылася чарговая,
189-я, сесія Выканаўчага савета UNESCO, удзел у якой прымала і наша краіна. Тое зусім не выпадкова, паколькі Беларусь з'яўляецца членам аднаго з кіруючых органаў UNESCO. Да таго ж, шэраг пытанняў, што разглядаліся на сесіі, маюць важнае значэнне для далейшага развіцця айчыннай культуры і навукі. Па падрабязнасці вынікаў сесіі, як і абяцалі, мы звярнуліся да кіраўніка беларускай дэлегацыі, Старшыні Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO, пасла па асобых даручэннях Міністэрства замежных спраў нашай краіны
Уладзіміра ШЧАСНАГА.
- Як стала вядома з прадстаўленага на сайце UNESCO прэс-камюніке, бліжэйшым часам будзе адбывацца правядзенне паэтапнай рэформы гэтай уплывовай арганізацыі. Хацелася б даведацца, у чым яе сутнасць?

- Якімі б ні былі рэформы, прыярытэтныя напрамкі дзейнасці арганізацыі, скіраваныя на падтрымку адукацыі, культуры, навукі, будуць і надалей развівацца ды падтрымлівацца. Справа ў тым, што арганізацыя апынулася ў даволі складанай фінансавай сітуацыі, а таму з гэтай, і не толькі, прычыны нейкім чынам неабходна яе рэфармаваць. Генеральны дырэктар Ірына Бокава яшчэ раней задумала змены, у першую чаргу - дзейнасці сакратарыята арганізацыі, накіраваныя на больш эфектыўную работу UNESCO. Цяпер выдаткі будуць ісці галоўным чынам на праграмную дзейнасць, а не на адміністратыўную. У сваім выступленні на сесіі я падкрэсліў, што трэба падтрымліваць кірункі дзейнасці арганізацыі, запатрабаваныя ва ўсіх краінах свету, і адмовіцца ад тых, якія страцілі сваю актуальнасць.

- Якія ж, на вашу думку, кірункі дзейнасці UNESCO маюць патрэбу ў падтрымцы?

- Калі ўзяць, да прыкладу, сферу адукацыі, то для нашай краіны актуальная праблема інтэгравання адукацыі і навукі. Не так даўно ў нашых ВНУ былі створаны некалькі кафедр UNESCO, што мусяць скіроўваць студэнтаў на навуковую працу, асабліва - у галіне прыродазнаўчых навук, да якіх апошнім часам зніжаецца цікавасць з боку моладзі. Іншы напрамак, што мае для нашай краіны інтарэс, - гэта прафесійна-тэхнічная адукацыя. Мы захавалі гэтую сістэму і нават самі можам падзяліцца вопытам.

У галіне культуры прыярытэтным з'яўляецца напрамак дзейнасці па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, але ўжо трохі ў іншым ракурсе. Яшчэ нядаўна асноўная размова гісторыкаў, прадстаўнікоў органаў улады вялася пра аднаўленне, рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, але ніхто не думаў, што з імі рабіць далей. Не было добрага гаспадарчага падыходу, і тыя ж адрэстаўраваныя аб'екты пачыналі прыходзіць у заняпад наноў. Гэтая тэндэнцыя аказалася характэрнай для пераважнай большасці краін свету.

Сёння ж актуальнае выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны ў мэтах устойлівага развіцця. Калі казаць прасцей, то цяпер адзін з галоўных напрамкаў UNESCO - выкарыстоўваць аб'екты, уключаныя ў Спіс сусветнай спадчыны, для эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця рэгіёна.

Прыемна адзначыць, што па гэтым пытанні ў Нясвіжы ў маі пройдзе міжнародны семінар, які будзе называцца "Захаванне і выкарыстанне аб'ектаў сусветнай спадчыны ў мэтах устойлівага развіцця" з удзелам экспертаў высокага ўзроўню і прадстаўнікоў адміністрацый аб'ектаў з нашага рэгіёна Еўропы. Плануецца разгледзець на прыкладзе Нявіжскага палацава-паркавага ансамбля, як выкарыстоўваць унікальны аб'ект, не ствараючы пагрозу для яго захавання.

- Вы закранулі тэму Спіса сусветнай спадчыны UNESCO. Наколькі ведаю, зараз працэс уключэння аб'ектаў у гэты прадстаўнічы рэестр істотна замарудзіўся. У выніку тыя аб'екты, што ўжо працяглы час прэтэндуюць на дадзены статус у нашай краіне, не могуць туды трапіць. Гэта, у тым ліку, і полацкія архітэктурныя перліны - Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква...

- Сапраўды, цяпер адбор у гэтым плане - вельмі жорсткі, бо многія краіны заяўляюць, што лепш надаваць больш увагі захаванню ўжо прынятых у Спіс аб'ектаў, чым уключаць туды новыя. Наша краіна з такой пазіцыяй катэгарычна не згодная, паколькі Спіс сусветнай спадчыны UNESCO - гэта не нейкі элітарны клуб. Галоўная яго мэта  - спрыяць захаванню значных аб'ектаў гісторыі, і калі ўключэнне таго або іншага будынка ў Спіс паспрыяе, хоць у нейкай ступені, яго выратаванню, то якія яшчэ могуць быць дыскусіі на гэты конт?!

Што да нашай краіны, то ў першую чаргу варта засяродзіць увагу на захаванні нематэрыяльнай спадчыны. Так, мы ўжо атрымалі фінансавую падтрымку UNESCO на стварэнне спіса рэальна існуючых элементаў нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. На гэтыя сродкі спецыялісты будуць фарміраваць адмысловую базу даных, партал у Інтэрнэце, рабіць захады па выяўленні людзей - носьбітаў нематэрыяльнай спадчыны.

Што да Полацка, то, як вядома, ужо было падрыхтавана дасье па ўключэнні аб'ектаў гэтага старажытнага горада ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO - "Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны Ефрасінні Полацкай". Аднак, на жаль, атрымалі не вельмі станоўчую рэцэнзію з боку ІКАМОСа. Але апускаць рукі не варта. Наадварот, цяпер трэба дапрацаваць дасье, у першую чаргу - праз падачу аб'ектаў горада як унікальных з'яў на тэрыторыі ўсёй Еўропы. Перакананы, што, хоць трапіць у Спіс вельмі цяжка, у нашай краіны ёсць яшчэ аб'екты, якія вартыя ўключэння, і ў будучым яны будуць вылучацца. Галоўнае - каб была ініцыятыва на месцах.

- Хочацца запытацца і пра навуковыя праекты, што падтрымлівае UNESCO. У якой ступені яны маюць дачыненне да нашай краіны?

- Па дадзеным пункце адзначу функцыянаванне праграмы "Памяць свету". У гэты сусветны рэестр быў уключаны наш сумесны з Польшчай, Украінай і Літвой праект "Віртуальная рэканструкцыя бібліятэкі і архіва Радзівілаў". Ды і надалей плануем рабіць захады, каб і іншыя элементы нацыянальнай навуковай спадчыны былі ўключаны ў "Памяць свету". Акрамя таго, ажыццяўляюцца праекты па захаванні біяразнастайнасці. У прыватнасці, будзе працягвацца наш праект на Палессі. Гэта стварэнне экалагічных калідораў, у тым ліку дзякуючы нядаўна падпісанаму, пры садзейнічанні Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, з калегамі з краін-суседак пагадненню аб стварэнні біясфернага рэзервата "Заходняга Палесся".

- Якія праекты ў сферы культуры найбліжэйшай будучыні мяркуецца ажыццяўляць пры фінансавай падтрымцы UNESCO ў нашай краіне?

- Літаральна днямі завяршаецца праект па выданні серыі кампакт-дыскаў - своеасаблівай анталогіі музыкі Беларусі XVII - XX стст., што будзе прэзентаваны ў красавіку. На 13 дысках, упершыню ў нашай краіне, падрабязна прадстаўлена музыка айчынных кампазітараў. Акрамя таго, мы падалі заяўкі на разнастайныя праекты на наступныя два гады. І спадзяюся, што большасць з іх будзе падтрымана, нягледзячы на складаную фінансавую сітуацыю ў арганізацыі. У першую чаргу, гэта мерапрыемствы, звязаныя з юбілеем Полацка. У прыватнасці, мы плануем арганізаваць выстаўку, прысвечаную дадзенай падзеі, у штаб-кватэры UNESCO ў Парыжы восенню гэтага года і правесці міжнародную канферэнцыю ў самім Полацку. Налета плануем аказаць дапамогу, у тым ліку фінансавую, XVI Міжнароднаму кангрэсу славістаў, які адбудзецца ў Мінску.

Сярод заявак, што яшчэ будуць разглядацца, можна адзначыць стварэнне віртуальнага Збору літаратурнай спадчыны Юзафа Крашэўскага - аўтара соцень раманаў і нарысаў, шэраг з якіх прысвечаны нашай гісторыі. Не менш цікавыя праекты "Філасофская спадчына Беларусі праз мову мастацтва", а таксама "Культурная спадчына этнічных супольнасцей Беларусі", што прадугледжвае стварэнне турмаршрутаў.

- Думаецца, гэтыя праекты, калі і не атрымаюць фінансаванне з боку UNESCO, усё адно на месцах будуць ажыццяўляцца...

- Безумоўна, тым больш, UNESCO з'яўляецца каталізатарам. Дапамога гэтай арганізацыі не столькі фінансавая, колькі іміджавая. А таму, калі гэтая ўплывовая арганізацыя звяртае на той або іншы праект увагу, гэта падкрэслівае значнасць справы. Адразу ж з большым піетэтам пачынае ставіцца да праекта мясцовая ўлада...

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"