Гісторыя аднаго... (не)партнёрства

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Пра неаднойчы агучаны кірунак на развіццё дзяржаўна-прыватнага парнёрства ў сферы культуры апошнім часам не чуў толькі лянівы. А на старонках газеты “Культура” тэма гэтая не першы год з’яўляецца адной з вядучых. “Адваротным” жа “бокам медаля” бачыцца жаданне многіх работнікаў культуры атрымаць гатовы “рэцэпт” партнёрскіх стасункаў з прыватнікамі: без рызык і з гарантаваным вынікам. Чым прывабіць бізнес? Як выкрышталізаваць універсальную стратэгію сумесных дзеянняў? Урэшце, было б жаданне. А перадумовы — знойдуцца. Скажам, ці не кожнай маркетынгавай тэорыяй разглядаецца паняцце “стаўкі на імя”. Пажадана, зразумела ж, вядомае. І такіх “імёнаў Беларусі”, праслаўленых у свеце, маем нямала. Згадайма тую ж рубрыку нашай газеты “Вяртанне імёнаў”: за два з невялічкім гады даследаваны лёсы і творчасць ужо шасці дзясяткаў постацей мастакоў, народжаных і ўзгадаваных зямлёй Беларусі.

Патэнцыйна з “іменем” пашанцавала невялічкаму клубу-музею Чэслава Нэмэна ў Старых Васілішках, што на Шчучыншчыне. Ды і наогул, не кожная ўстанова культуры ў вёсачцы на які дзясятак дамоў можа пахваліцца такой увагай айчыннай і замежнай культурнай грамадскасці, СМІ. Далёка не ў любой буйной установы культуры ў сталіцы ці абласным цэнтры знойдзецца свой касцяк актывістаў, прыхільнікаў, спрыяльнікаў і, скажам без перабольшання, сталых мецэнатаў, набытых менш чым за пару гадоў.
Падумалася: чым гэты вясковы клуб-музей ледзь не ідэальная вопытная пляцоўка для рэалізацыі канкрэтнага праекта ўзаемадзеяння аддзела культуры райвыканкама і групы энтузіястаў (сярод іх, зноў жа, — і прадстаўнікі бізнесу)? Адпаведна, праглядаліся перспектывы, па ўсім, хуткага ўтварэння апякунскага савета… Аднак менавіта на гэтым пункце справа, як аказалася, запаволілася. Дык што ж адбылося ў Старых Васілішках?
Але перш чым выслухаць меркаванні бакоў, якія зрабілі “стаўку на імя” Нэмэна, прапаную ўзбуйніць маштаб тэмы брэндавых імён. Як гэта зрабіць, падказала іншая гісторыя.

Хто вы, Рыгор Мулявін?

Пра "парк постпесняроўскага перыяду" і мёртвыя сайты

“Знакаміты лідар “Песняроў” Рыгор Мулявін…” — са здзіўленнем прыкладна такую цытату неяк выхапіў у кантэксце аднаго з артыкулаў, прысвечаных гастролям чарговага “клона” (нават не згадаю, якога менавіта) легендарнага беларускага ансамбля. Здаецца, “рэбрэндынг” ажыццявіў краснадарскі журналіст, мусіць, натхніўшыся каларытнымі вусамі артыста, што нагадалі яму кінаўвасабленне шолахаўскага Рыгора Мелехава.

Згадалася гэтая анекдатычная дэталь на мінулым тыдні, калі прагортваў старонкі штотыднёвага выпуску-“таўстушкі” тыражнай газеты. Да тэксту пад гучнай назвай пра падзел грошай і славы “Песняроў” прыкладалася займальная схема. У ёй, відаць, меркавалася зрабіць цалкам празрыстымі і зразумелымі для чытача ўсе калізіі, што адбываліся з ансамблем з 1998 года да дзён сённяшніх.

У кожным фрагменце схемы, прысвечаным канкрэтнаму сучаснаму ансамблю-двайніку, выкарыстоўваўся пералік з некалькіх пунктаў. Самы дзіўны з іх — “Людзі з першага складу” ў пэўным постпесняроўскім ўтварэнні. Першы ж ён і ёсць першы, ці не так? А канкрэтна — 1969 года. І калі ў выпадку з “Беларускімі песнярамі” Уладзіслаў Місевіч — сапраўды музыкант “з першага саставу” “Песняроў” (нават — “Лявонаў”), дык Валерый Дайнэка, таксама аднесены да “піянераў”, з тых жа сённяшніх “БП” прыйшоў у ансамбль Мулявіна ў 1977 годзе. У так званых “Песнярах” Свечкіна” да “першых” прылучылі Аляксандра Віслаўскага (запрошаны ў мулявінскія “Песняры” ў 1987-м), Уладзіміра Марусіча і Віктара Малчанава (“пяснярылі” з 1993-га), а таксама чамусьці колішняга намесніка дырэктара Белдзяржансамбля Ігара Свечкіна. Што да цяперашняга Беларускага дзяржаўнага ансамбля, то ў нібыта першы склад з яго артыстаў “трапілі” Валерый Скаражонак (у сапраўднасці — мулявінскі “пясняр” “прызыву” 1998 года) і колішні гітарыст Аркадзь Іваноўскі (прыйшоў у ансамбль у 1997-м). Карацей, з лёгкай журналісцкай рукі на газетнай паласе ўтварыўся, лічы, новы супергурт!

Але калі нават прыняць логіку, што пад “першым саставам” меліся на ўвазе мулявінскія “Песняры” наогул (з 1969 па 2002 год), то чаму ў гэтым пункце не названы іншыя артысты, чый талент адкрыў публіцы сам легендарны Мулявін? Не сумнявайцеся, амаль у кожным з калектываў, што маюць назвы са словамі “песняры” ці “лявоны”, яны ёсць. Востры дэфіцыт такіх музыкантаў — хіба ў такіх рэпертуарных “двайнікоў” нашага ансамбля, як ВІА “Верныя сябры” (раней, дарэчы, ансамбль гэты выступаў як “Лявоны-Песняры”), ВІА “Белавежская пушча” і ў “Чувашскіх песнярах” (у апошнім поўная адсутнасць “аўтэнтычных” артыстаў кампенсуецца, відаць, падвойным прозвішчам музыканта гэтага ўтварэння — Ларыёнаў-Мулявін).

Не будзем спыняцца і на тым, што фота складаў пост-“Песняроў”, пададзены па стане на немаведама які год і даўно спазналі пачкаванні, дзяленні і зліянні: хоць ты выразай фігуркі ды склейвай у патрэбныя “ансамблі”! Ды інфармацыя ўзята, відаць, з даўно “памерлых” сайтаў: многія артысты колішняга ансамбля змянілі па некалькі “каляпесняроўскіх” калектываў…

…Так, усё згаданае вышэй — дэталі, канешне ж, не першараднай важнасці (хоць дакладнасць відавочна не пашкодзіла б) ды не маюць непасрэднага дачынення да асноўнай тэмы артыкула. Хаця… Сутнасць прыведзенай сітуацыі з “Песнярамі” мне бачыцца, калі шчыра, у іншым. Увага і любоў самага шырокага кола гледачоў да феномену ансамбля пасля смерці Уладзіміра Мулявіна набыла новы віток. Гэта ўжо любоў да легенды, авеянай славай не аднаго дзесяцігоддзя, якую не-не — ды і хочацца на пару гадзін адрадзіць і пабачыць у больш ці менш набліжаным да першапачатковага выканання выглядзе. Адсюль і рэнтабельнасць для ўсялякіх ТАА ў замежных краінах "Песнярамі" звацца...

Асобу лідара беларускага ансамбля многія супастаўляюць з постацямі Джона Ленана і Пола Макартні. І ў падобных супастаўленнях — шматаблічная сутнасць і маштаб Мулявіна-творцы. А я б дадаў у гэты пералік яшчэ і нашага земляка — Чэслава Нэмэна.

Прызнацца, мне заўжды карцела паяднаць постаці Мулявіна і Нэмэна ў адзіны вузел, музычныя карані якога спарадзіла сама беларуская зямля. І калі ў творчым плане яны, кожны ў сваім напрамку, рушылі шмат у чым паралельна, дык у рэальных біяграфіях знайсці кропку перасячэння гэтых асоб аказалася няпроста. А сустрэча адбылася ў 1971-м на фестывалі ў польскім Сопаце, дзе “Песняры” прадстаўлялі СССР на конкурсе песні. Захаваліся сведчанні артыстаў ансамбля пра тую гутарку.

— А на маёй памяці Уладзімір Георгіевіч па тэлефоне запрашаў Чэслава Нэмэна для ўдзелу ў адным са “Славянскіх базараў”. І, як правіла, сам ён тэлефанаваў тым, каго ведаў асабіста, — кажа ўдава артыста Святлана Пенкіна, загадчык Музея Уладзіміра Мулявіна ў Белдзяржфілармоніі.

Што ж, ёсць чарговы факт, якога не хапала ў біяграфічным пазле!

Агучваю Святлане Аляксандраўне і ідэю праекта, народжанага ў сценах рэдакцыі газеты “Культура”. У невялічкім клубе-музеі Чэслава Нэмэна ў вёсцы Старыя Васілішкі маецца салідная калекцыя фатаграфій артыста. Унушальны фонд і ў Музея Уладзіміра Мулявіна. Дык чаму б не правесці абменныя выстаўкі: мулявінскую спадчыну паказаць на Гродзеншчыне, а нэмэнаўскую — у сталічнай філармоніі? Ідэя Святлане Пенкінай спадабалася.

Апавёў пра яе і бізнесмену, дырэктару буйнога мінскага рэкламнага агенцтва Сяргею Філіпаву. Ён акурат цяпер сканіруе і апрацоўвае рарытэтныя здымкі Чэслава Нэмэна для далейшага ўключэння іх у каталог установы.

— Праект сапраўды цікавы. Каб не вазіць лішні раз здымкі, гатовы сваім коштам аддрукаваць банеры для экспазіцыйных стэндаў і дапамагчы з транспартам, — прапануе суразмоўца.

Карацей, ідэя, падаецца, “закруцілася”, прынамсі — на ўзроўні ініцыятывы. “К” будзе сачыць за яе рэалізацыяй і спрыяць працэсу інфармацыйна. А цяпер, падаецца, самы час вярнуцца да тэмы, заяўленай на самым пачатку...

 

Стоп-сігнал для мецэната, або Як я ў апякунскім савеце аказаўся… непатрэбны

Маналогі бізнесмена: “Ці зможам прыйсці да паразумення з аддзелам культуры?”

Чарговы праект для Старавасілішкаўскага клуба-музея стаў нагодай для згаданага бізнесмена Сяргея Філіпава, які прымае ўдзел у лёсе нэмэнаўскага музея не першы год, падзяліцца з карэспандэнтам “К” уласным бачаннем перспектыў развіцця ўстановы. І адразу ж суразмоўца здзіўляе: “У якасці мецэната крылы сёлета вырашыў не складаць і як мага больш людзей аб’яднаць калі не ў апякунскі савет, дык, так бы мовіць, у грамадскі аргкамітэт Музея Нэмэна”. У чым жа справа? Чаму раптам грамадскі аргкамітэт, а не апякунскі савет?

“Мы ўсе хочам нешта зрабіць, — тлумачыць у якасці прадмовы Сяргей Філіпаў. — Часам нават “б’ёмся” за права ўвасобіць той або іншы праект. Што ж, гэта нармальная канкурэнцыя! Аддзел гатовы рабіць сам, мы, актывісты, — таксама. Карацей, усе — “за”! Але…”.

У чым жа “соль” праблемы стасункаў аддзела культуры з рэальным мецэнатам, які гатовы не проста фінансаваць не менш канкрэтны праект, але яшчэ і прыўносіць свой крэатыў?


Канкрэтнае рашэнне і пад уплывам ініцыятывы

— У справе стварэння і развіцця Музея Чэслава Нэмэна давялося сустрэць зацікаўленых людзей, аднак нярэдка ўзнікала і, на жаль, узнікае непаразуменне паміж прадстаўнікамі органаў мясцовай улады і бізнесменамі, нібыта размаўляем мы “на розных хуткасцях”, — акрэслівае абрысы праблемы Сяргей Філіпаў. — А па сутнасці ж, мэта перад намі — адзіная: зафіксаваць імя нашага земляка Нэмэна ў айчыннай культурнай прасторы шляхам развіцця яго музея.

Пачну аповед з гісторыі. Пачаўся мой мецэнацкі досвед у гэтай справе з ініцыятывы кінасцэнарыста, рэжысёра Веры Савінай, што ў 2009 годзе зняла дакументальны фільм “Дзіўны гэты свет”, прысвечаны Чэславу Нэмэну. Па праглядзе стужкі ў мяне ўзніклі пытанні, мы з Верай Юр’еўнай сустрэліся, абмеркавалі іх. Так і нарадзілася ідэя адведаць разам раён і, у прыватнасці, Старыя Васілішкі.

Ужо ў Шчучыне, гутарачы з намеснікам старшыні райвыканкама, нам стала зразумела: жаданне стварыць музейны куток у родным доме Чэслава Нэмэна, які на той час трынаццаць гадоў пуставаў і пакрысе разбураўся, у мясцовых улад мелася — праблема стаяла за фінансаваннем. Каб не цямніць, я адразу выклаў карты і прапанаваў набыць дамок у якасці прыватнай асобы, бізнесмена, з мэтай стварэння там музея спевака. Намеры быў гатовы пацвердзіць дакументальна. Суразмоўца прапанове здзівіўся: маўляў, а навошта вам гэта патрэбна? Пасля намеснік старшыні назваў цану аб’екта, заяўленую райвыканкамам. На мой погляд, сума не адпавядала рэальнаму стану пабудовы. Аднак я пагадзіўся: маўляў, давайце нумар рахунку — заключым дамову, буду пералічваць грошы.

Тым не менш… Сустрэча тая не завяршылася канкрэтным рашэннем, але амаль адразу райвыканкам узяў лядашчы дом на баланс аддзела культуры. І гэта быў першы рэальны ды важкі крок. На маю думку, выдатна, што яго (пад уплывам і грамадскай ініцыятывы) зрабіла менавіта мясцовая ўлада, пацвердзіўшы: зямля наша ганарыцца сваім слаўным сынам. Мы ж, мінскія энтузіясты, выказалі жаданне дапамагаць справе фінансава, удзелам — усімі магчымымі спосабамі.

І справа зрушылася. Супрацоўнікі аддзела культуры і асабіста яго начальнік Яніна Міраненка, тагачасны старшыня Старавасілішкаўскага сельскага савета (праз колькі месяцаў — па выхадзе на пенсію — загадчык клуба-музея) Уладзімір Сянюта з жонкай, аднавяскоўцамі, мінскімі актывістамі ладзілі там суботнікі: фарбавалі плот, рамантавалі вокны і дзверы… Вялікая заслуга тут — менавіта Сянюты, сапраўднага патрыёта свайго краю, які вельмі актыўна ўзяўся за справу: цягам года знайшоў шмат экспанатаў у мясцовых жыхароў. Дапамаглі і мінчане, што перадалі некаторыя прадметы. Карацей, задума ўвасобілася ў незвычайным, але адзіна магчымым цяпер фармаце клуба-музея.

“Дыялог так і не завязваўся, але — завязалася перапіска”

— Даведаўшыся пра гэткую падзею, у беларускіх і замежных музыкантаў узнікла ідэя сумеснага канцэрта, — працягвае экскурс у гісторыю Сяргей Філіпаў. — Дарэчы, сярод ахвотных наведаць нашу краіну артыстаў — і польскія музыканты, што гралі разам з Нэмэнам, яго апошні імпрэсарыа, вядучыя філарманічныя салісты. Усе яны выказалі гатоўнасць не толькі прыехаць за свой кошт, даць канцэрты, ахвяраваць сродкі ад продажу білетаў, на рамонт дома, але і папоўніць фонды ўстановы новымі экспанатамі...

У той самы час я накіраваў ліст у Міністэрства культуры, дзе выклаў свае прапановы, датычныя музея, форм яго падтрымкі і таго самага канцэрта. Станоўчы адказ на мой зварот за подпісам першага намесніка міністра Уладзіміра Карачэўскага прыйшоў “з лёту”, а праз лічаныя дні адбылася сустрэча з ім, дзе была паабяцана арганізацыйная падтрымка з боку Міністэрства. Як не сказаць і пра тое, што міністр культуры краіны Павел Латушка адным з першых наведаў новаствораную ўстанову і падтрымаў ініцыятывы па яе далейшым развіцці. Тым не менш, з райвыканкамам дыялог на тэму сумеснага міжнароднага праекта (лічы, усяго праз колькі месяцаў пасля адкрыцця вясковага клуба-музея) не завязваўся, але — завязалася перапіска.

Справа ў тым, што замежныя музыканты папрасілі адну ноч пераначаваць у Васілішках, Старых Васілішках або, прынамсі, у Шчучыне — на зямлі, што ўзгадавала Нэмэна. Але паколькі аддзел культуры шчыра сказаў, што нават на адны суткі засялення такой вялікай дэлегацыі — дваццаць сем чалавек — не мае сродкаў, я пачаў пракручваць варыянты. У гэтым становішчы для мяне як для бізнесмена стала відавочна: сродкаў, якія магчыма акумуляваць ад калег-бізнесменаў для правядзення буйнога канцэрта ў нэмэнаўскім доме (у тым ліку на вырашэнне “жыллёвага пытання”), акажацца недастаткова. Вось і пачаў прыкідваць: мо месцамі ў сваіх інтэрнатах, вядома, пры наяўнасці, дапамогуць прадпрыемствы раёна або прамысловыя гіганты вобласці?..

У сітуацыі, калі не атрымалася дамовіцца наконт правядзення аднаго канцэрта, стала зразумела: яшчэ больш складана будзе рэалізаваць цэлую праграму мерапрыемстваў, прадуманую ініцыятыўнай групай з Мінска. Улічваючы сферы, дзе праявіўся талент нашага земляка, бачылася правядзенне ў Старых Васілішках штогадовых міжнародных фестываляў музыкі, паэзіі, пленэраў з удзелам мастакоў з Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, чые работы маглі б пасля прадавацца з аўкцыёнаў на карысць музея… Не засталіся па-за ўвагай праграмы таксама і работы ў жалудкоўскім палацы, дагляд за магілай пісьменніцы Цёткі, што за пяць кіламетраў ад малой радзімы Нэмэна… Усе праекты падтрымала ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама ў адказ на мой ліст.

З улікам усяго сказанага вышэй з’явілася ідэя прыцягнуць сродкі адной з еўрапейскіх трансгранічных праграм культурнага супрацоўніцтва, якія актыўна развіваюцца ў памежных раёнах Гродзеншчыны. І адзін з фондаў сапраўды выказаў зацікаўленасць, прапанаваўшы ў адказ на мой запыт з распісаным планам мерапрыемстваў мэтавы грант у сто тысяч еўра “на развіццё культурнай інфраструктуры Шчучынскага раёна”. Згодна з тыпавымі ўмовамі, дзесяць працэнтаў ад сумы меў скласці ўнёсак партнёраў з краіны-атрымальніка. Рэальна ацэньваючы фінансавыя магчымасці аддзела культуры райвыканкама, я выказаў прапанову сабраць асноўную частку з патрэбных дзесяці тысяч еўра, падключыўшы калег-прадпрымальнікаў, і дадаць яе да сімвалічнага ўкладу раёна як атрымальніка гранта. Чым не варыянт у рэчышчы развіцця ініцыятыў дзяржаўна-прыватнага і міжнароднага партнёрства ў сферы культуры? І аддзел падтрымаў ініцыятыву.

Але перамовы, тым не менш, відавочна зацягваліся, і ўрэшце замежныя партнёры прапанавалі перанесці тэрміны праекта. Шкада, канешне: многія музыканты ўжо перабудоўвалі свае графікі. А мерапрыемства меркавалася зладзіць акурат пасля дажынак, каб прыцягнуць у Старыя Васілішкі як мага больш шчучынцаў ды распавесці ім пра земляка.

“А пасля мы памяркуем…”

— Апрыёры разумеючы зацікаўленасць аддзела культуры райвыканкама ў падобных імпрэзах, заставалася спадзявацца на сумесную з ім працу. Аднак наступным разам звярнуўся ўжо з прапановай весці далейшае супрацоўніцтва ў фармаце апякунскага савета пры клубе-музеі Чэслава Нэмэна, каб дапамагаць рэальна і не адчуваць сябе, даруйце, мухамі-назоламі са сваімі ідэямі. А мо сапраўды мы паспяшаліся, надта фарсіруем падзеі? Дык давайце абмяркоўваць, дамаўляцца! Зацвярджэнне ж палажэння аб падобнага кшталту савеце, па-першае, цалкам у рэчышчы дзяржаўнай культурнай палітыкі, а па-другое, у яго рамках куды прасцей прыцягваць энтузіястаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, бізнесменаў.

Блізу паўтара месяца доўжылася перапіска, я высылаў узоры дакументаў на адрас аддзела культуры. Але праз названы тэрмін, наведаўшы райвыканкам, мне прапанавалі прыцягнуць сродкі, у тым ліку і замежныя, на “развіццё культуры Шчучыншчыны”, правесці прапанаваны фестываль уласнымі сіламі, а ўжо пасля, маўляў, мы памяркуем, ці ўключаць вас, Сяргей Анатольевіч, у склад апякунскага савета. Па праўдзе, тут ужо я ў пэўнай ступені пакрыўдзіўся, паколькі да згаданага дадалося: маўляў, вы прыязджаеце, каб зарабляць на нашых святынях…

Зарабляць, кажаце? Але на чым? Тут патрэбна пастаянна працаваць і выдаткоўваць грошы, “прадукаваць” ініцыятыву. Зразумейце ж, мецэнацтва, апякунскі савет — не пагоны, а грамадская нагрузка, грамадскі абавязак. Падаецца, за два з паловай гады мая мецэнацкая дзейнасць і ўдзел актывістаў з Мінска былі скіраваны на тое, каб імя Чэслава Нэмэна стала брэндам Шчучынскага раёна ў прыватнасці, беларускім брэндам наогул. І, зноў жа, паўстае праблема неканструктыўнага ўзаемадзеяння мясцовай улады з бізнесменамі: маўляў, сродкаў у вас — дастаткова, дапамагайце нам — і ўсё. Ды прадпрымальніку ж грошы таксама не з неба валяцца. Ён падтрымлівае, калі яго просяць, або калі тое — яго ініцыятыва.

І яшчэ. Слова дзелавога чалавека трэба трымаць. Тут справа — у рэнамэ. Хтосьці скажа, што тыя запрашэнні аказаліся маёй уласнай ініцыятывай. Так, але зроблены яны былі з мэтай прыцягнення ўвагі, сродкаў, нарэшце, турыстаў у музей. Хіба гэта ўсё не на карысць справе?

Пункт з CV мецэната ў прававой прасторы

— Спадзяюся, усё задуманае здзейсніцца. Але… відаць, пазней, — кажа Сяргей Філіпаў. — Пасля той гутаркі ў аддзеле культуры райвыканкама (адбылася яна ўвосень) я ўзяў тайм-аўт у сваіх афіцыйных стасунках з кіраўніцтвам сферы культуры Шчучыншчыны. Але сам клуб-музей наведваў, проста не афішыраваў прыватныя візіты разам з іншымі мінчанамі.

Цяпер вось разважаю: урэшце, гэтая апошняя гутарка ў аддзеле культуры і сапраўды атрымалася на эмоцыях, магчыма, адбылася яна не ў самы спрыяльны час… А ў аддзеле ж працуюць сумленныя і адданыя справе людзі, якія вельмі шмат зрабілі для ўсталявання статуса клуба-музея, выдаткавалі грошы на рамонт, папаўненне фондаў, самі працавалі на суботніках. І сёння яны курыруюць і забяспечваюць усім неабходным мерапрыемствы ў Старых Васілішках…

Дык чаму ж мы не можам прыйсці да паразумення? Мо размаўляем на розных мовах? А можа, у нас рознае стаўленне да справы? Я прывык да таго, каб на роднай зямлі трывала стаяць на нагах, але галавой быць вышэй за аблокі і бачыць канкрэтныя перспектывы. Знойдзем мы сродкі, каб прывезці беларускіх музыкантаў і гасцей з замежжа, знойдзем і апаратуру… Спадзяюся, што рэалізуем праект гэты ўжо ў бягучым годзе, як і меркавалі летась, напрыканцы жніўня — у пачатку верасня.

Карацей, як мецэнат крылы сёлета вырашыў не складаць і як мага больш людзей аб’яднаць калі не ў апякунскі савет, дык у, так бы мовіць, грамадскі аргкамітэт Музея Нэмэна. Для чаго? Хаця б для таго, каб больш людзей даведалася пра выдатнага сына беларускай зямлі, які, да ўсяго, зрабіў і важкі ўнёсак у развіццё сусветнай рок-музыкі. Калі ёсць магчымасць здзейсніць нешта для ўвекавечання памяці такой асобы, лічыце — нашага сучасніка, чаму не падтрымаць ініцыятыву і прадстаўнікам бізнесу? Не складана ж прыехаць, скасіць траву, сабраць яблыкі з нэмэнаўскага саду, якія ў сезон літаральна валяцца з дрэў ды проста ў кошык. Прыедзьце, паглядзіце: там сапраўды цудоўна! А захочаце — падтрымайце: скажам, далейшыя рамонтныя работы, на якія патрэбны грошы.

/i/content/pi/cult/369/7132/pic_24.jpgМо варта для спрашчэння атрымання фінансавай дапамогі стварыць мэтавы рахунак дома-музея? Так, пакуль існуе мэтавы дабрачынны рахунак аддзела культуры, але, скажам, для многіх патэнцыйных замежных спрыяльнікаў важна пералічваць грошы менавіта адрасна: на імя Музея Чэслава Нэмэна. А можа, варта падумаць пра варыянт мясцовага дабрачыннага фонду, як, скажам, зрабілі ў Смаргоні? Я гатовы ўнесці грошы на яго пачатковы капітал.

Урэшце, падтрымка такая — прэстыж! Ці не гонар для кампаніі і важкі пункт у ейным CV паліграфічная прадукцыя ўстановы, што пасля павязуць з сабой турысты з усёй Беларусі і замежных краін? Кіраўнік “Беларускага відэацэнтра” Юрый Ігруша прапануе ініцыяваць стварэнне яшчэ аднаго дакументальнага фільма пра Нэмэна з улікам адшуканых за апошнія гады матэрыялаў. Пётр Ялфімаў, які ў свой час узяў Гран-пры з “Дзіўным тым светам” на “Славянскім базары ў Віцебску”, рыхтуе праграму з песень артыста. Ёсць тыя, хто вырашае пытанні з урэгуляваннем аўтарскіх правоў, каб выпусціць дыск з песнямі Нэмэна на айчынным лэйбле. Магу назваць, прынамсі, некалькі турфірм, што гатовы ўключыць у маршрут “Навагрудак — Гродна — Ліда — Жалудок” і наведанне музея для айчынных ды замежных груп.

Вядома, вельмі хочацца, каб мы працягвалі актыўную супрацу з аддзелам культуры райвыканкама ўсё ж у фармаце апякунскага савета: гэта сталася б, на маю думку, годным рэчышчам для ініцыятыў. Аказваючы падтрымку, бізнесменам (тут, мяркую, выкажу думку большасці патэнцыйных мецэнатаў) хочацца дзейнічаць у прававой прасторы…

 

Савет — ці не савет?

Чым жыве сёння клуб-музей, які актыўна жадаюць падтрымліваць і развіваць сталічныя энтузіясты? Ці магчыма рэальна стварыць апякунскі савет пры ім? Паколькі начальнік аддзела Яніна Міраненка на момант здачы нумара ў друк знаходзілася ў адпачынку, па адказы на гэтыя пытанні “К” звярнулася да метадыста Раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці аддзела культуры Шчучынскага райвыканкама Таццяны ПЯТРОВАЙ, якая курыруе развіццё сельскай установы культуры.

— Старавасілішкаўскі клуб-музей як структурнае падраздзяленне аддзела культуры статуса юрыдычнай асобы не мае, таму і апякунскі савет пры ім утварыць нельга. Быў падрыхтаваны праект рашэння райвыканкама па стварэнні савета менавіта пры клубе-музеі, які на стадыі ўзгадненняў нам вярнулі юрысты. Таму падобны савет, атрымліваецца, мы маем права стварыць толькі пры аддзеле культуры. З іншага боку, сёння працуе мэтавы дабрачынны рахунак, куды зацікаўленыя асобы могуць пералічваць сродкі на добраўпарадкаванне клуба-музея. Яго каардынаты ёсць у Інтэрнэце, мы неаднойчы агучвалі іх патэнцыйным мецэнатам.

— І сродкі паступаюць?

— Многія казалі: маўляў, толькі адкрыйце рахунак, і грошы ракой пальюцца. Пакуль актыўнасць праявілі толькі… школьнікі раёна.

— Агучце рэквізіты яшчэ раз.

— ЦБУ № 424 філіяла № 400 ГАУ ААТ “АСБ “Беларусбанк” код 752, горад Шчучын, вуліца Чырвонаармейская, 5. Нумар рахунку — 3642527002193; мэта — рамонтна-аднаўленчыя работы дома Чэслава Нэмэна (капітальны, бягучы, касметычны рамонт будынка), добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

— Сказанае датычыцца, у асноўным, фінансавага складніка. А стварэнне апякунскага савета змагло б акумуляваць ініцыятыву. Партнёры адчувалі б стымул далучыцца да праекта, а пасля статус абавязваў бы прымаць у справе чынны удзел…

— Рэзкай неабходнасці ствараць апякунскі савет аддзел не бачыць. Аддзел заўжды імкнецца аператыўна адгукацца на ініцыятыву. Урэшце, з цягам часу нельга выключаць магчымасці стварэння савета або пры клубе-музеі, або ў нейкім іншым фармаце. Зрэшты, усе зацікаўленыя асобы ідуць на кантакт, праблемы — абмяркоўваюцца. А савет дзеля савета… Скажам, маем добрыя стасункі з мінскай групай: Вера Савіна і Сяргей Філіпаў перадалі ва ўстанову піяніна ды іншыя каштоўныя экспанаты, а таксама камп’ютар. Наша ААТ “Васілішкі” дапамагае ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, у правядзенні мерапрыемстваў…

— І ўсё ж сама цікавасць да ўстановы культуры, якой не кожны клуб і музей могуць пахваліцца, вымагае ўнесці карэктывы ў стасункі з ініцыятыўнымі людзьмі, каб ісці ў рэчышчы і з іх прапановамі…

— Але ці варта тут спяшацца? Справа рушыць паступова. Вось распрацавалі праект фестывалю песеннай творчасці, які праходзіў бы раз на пяць гадоў. На Рэспубліканскі конкурс фестывальных праектаў дасылалі распрацоўку па фэсце, у цэнтры якога апынулася б постаць Нэмэна. Так, большасць ініцыятыў упіраецца ў сродкі, таму думаем пра падачу заяўкі на атрыманне трансгранічнага гранту. Праект для яго пакуль дапрацоўваем.

— Сяргей Філіпаў у гутарцы прыгадваў, што выходзіў з ідэяй атрымання гранту яшчэ ў час, калі ўстанова толькі адкрылася…

— Быў такі момант. Аддзел ініцыятыву першапачаткова падтрымаў. Але тады яна так і не была здзейснена... Наогул жа, за няпоўныя два гады для клуба-музея зроблена нямала. І каб на той жа дабрачынны рахунак паступілі значныя сродкі, можна было б дадаць нешта ў плане рамонтных работ.

Ведаеце, я выдатна разумею ўсіх аматараў Чэслава Нэмэна, нашых мінскіх актывістаў, якія пасля адкрыцця ўстановы спяшаюцца нараджаць ідэі і прыспешваюць іх рэалізацыю. А якасны прадукт, пагадзіцеся, патрабуе часу. Паверце, клуб-музей мае асаблівы статус у раёне: яго патрэбы ўлічваем найперш.

— А што да тых жа згаданых вамі фестывальных, канцэртных праектаў? Ведаю, што мелі прапановы па іх правядзенні і члены ініцыятыўнай групы са сталіцы…

— Скажам, улетку Сяргей Анатольевіч казаў, што, з удзелам ці без удзелу аддзела культуры, а канцэрт беларускіх і замежных музыкантаў — правядзе. Мы, тым не менш, паабяцалі па магчымасці падключыцца. Чаму ж не атрымалася рэалізаваць задуму? Не вазьмуся каменціраваць. Але вельмі важна, каб эмоцыі ўсё ж не бралі верх…

Пра Чэслава Нэмэна не так ужо і шмат пішуць у Інтэрнэце, ды ў Байнэце ў прыватнасці, а талент яго ўзгадаваны Беларуссю, вось тут, за 200 кіламетраў ад Мінска. Не было б у якасці стартавай пляцоўкі нашай зямлі, мне здаецца, — не з’явіўся б такі непаўторны феномен усходнеславянскай культуры — Чэслаў Нэмэн, чыя постаць у ХХ стагоддзі — нароўні з тымі выдатнымі імёнамі беларусаў і ўраджэнцаў нашай зямлі, што сталі асабовымі ў назвах гор, гарадоў, вуліц па ўсім свеце. І цудоўна, што пра імя гэтае цяпер узгадвае не толькі мясцовая ўлада і не выключна да пэўнай даты, але і бізнесмены, інтэлігенцыя па-за межамі асобна ўзятага раёна. Спадзяёмся, і наш матэрыял стане невялікай, але перадумовай да таго, каб не спрацаваў закон фізікі, паводле якога аднолькава зараджаныя элементы адштурхоўваюць адзін аднаго. А менавіта ініцыятыва і арыентацыя на канчатковую мэту партнёрства, шляхі да якіх, у кожным выпадку, — індывідуальныя, дазваляюць спадзявацца: патэнцыял выльецца ў канкрэтныя справы.

 

Простая мова

“Райвыканкам гатовы да дыялога з мецэнатамі. Прыязджайце!”

Мы звязаліся са старшынёй Шчучынскага райвыканкама Сяргеем УШКЕВІЧАМ. Якая ж пазіцыя мясцовай улады ў адносінах да мецэнатаў, што ўжо цяпер практычна дапамагаюць клубу-музею Чэслава Нэмэна? Як, на думку кіраўніка раёна, перавесці ўзаемадзеянне мясцовай улады і сталічных энтузіястаў у дзейснае рэчышча?

— Дом-музей — створаны, ён працуе на балансе аддзела культуры. Там ёсць чалавек, які вядзе яго працу. Установа мае фінансавую падтрымку райвыканкама, — зазначыў Сяргей Іосіфавіч. — А каб акрэсліць, што дакладна прапануюць мецэнаты, каб не ішла дэструктыўная размова, няхай яны прыязджаюць да нас — будзем весці нармальныя перамовы, працаваць з імі. Райвыканкам адкрыты і гатовы да канструктыўнага дыялога.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах