Як у Вялікім

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Да філіяла Вялікага тэатра, адкрытага ў Магілёве, далучаецца яшчэ адзін — у Наваполацку.

- Летась Магілёў і цяпер Наваполацк, - распавядае першы намеснік генеральнага дырэктара тэатра Уладзімір Рылатка, - гэта толькі тыя гарады, з якімі падпісаны дамовы аб стварэнні філіялаў. Насамрэч, умоўных "філіялаў" больш. Бо сюды можна аднесці і Гомель, дзе таксама рэгулярна паказваюцца нашы спектаклі, і Нясвіж: там трывала прапісаўся летні фестываль на адкрытым паветры - "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў". Падпісаныя ж дамовы замацоўваюць наша супрацоўніцтва на афіцыйным узроўні: спектаклі і канцэрты тэатра павінны праходзіць у філіяле штомесяц. Пляцоўкі пры гэтым могуць быць рознымі. Так, першы спектакль у Наваполацкім філіяле (а гэта будзе балет "Жызэль") мы пакажам ужо 23 сакавіка. І пры гэтым - у Полацку, які знаходзіцца літаральна за дваццаць кіламетраў ад Наваполацка. Надалей, думаю, у Сафійскі сабор можна пераносіць камерныя праграмы. У філіялах мы імкнёмся паказваць самыя папулярныя і дэмакратычныя оперы і балеты, нават возім "бягучы" радок з перакладам замежных оперных тэкстаў. Запатрабаванасць - вялікая. Нават на пастаноўкі ў Мінску шмат білетаў купляецца іншагароднімі - яны часта прыязджаюць цэлымі аўтобуснымі "турамі".