На гэтае мерапрыемства былі запрошаны сваякі паэта, акцёры Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, вядомыя пісьменнікі, навукоўцы, музыкі. Сярод ганаровых гасцей прысутнічаў таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Украіна ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавы. Узяўшы слова, ён распавёў, як наш Пясняр ездзіў у Кіеў на святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі, якога лічыў сваім настаўнікам у паэзіі. І.Ліхавы перадаў у дар музею Янкі Купалы зборнік вершаў Т.Шаўчэнкі “Кабзар”, перавыдадзены музеем у Каневе паводле унікальнага пражскага выдання 1940 г.
Вядома, што аднавяскоўцы празвалі Купалаву маці Бянігнай-пявунняй — так любіла яна спяваць, апавядаць казкі і паданні, якія ўвабраў у душу самы таленавіты яе сын. І на вечарыне гучалі ўзнёслыя спевы ў выкананні літургічнага хору “Голас душы” касцёла святых Сымона і Алены пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай. А ксёндз-біскуп Антоній Дзям’янка казаў пра ролю Хрысціянства ў сямейным выхаванні часоў Купалава дзяцінства.
Найстарэйшая супрацоўніца музея, галоўны захавальнік фондаў Марыя Чабатарэвіч прачытала верш К.Камейшы пра хутар пад назвай Няшота, дзе нарадзіўся будучы Пясняр. А пасля на сцэну была запрошана настаўніца Рубяжэвіцкай школы Рамуальда Сабалеўская. Яна даследуе род Валасевічаў, з якога паходзіла Бянігна Луцэвіч. У прыватнасці, ёй удалося сабраць старыя фотаздымкі, дакументы, рэчы, датычныя сваякоў Купалавай маці ў пазнейшых пакаленнях. Настаўніца з вучнямі даглядае могілкі, дзе пахаваны прадстаўнікі роду Валасевічаў; да 120-годдзя з дня нараджэння Песняра тут былі ўсталяваны 2 памятныя камяні з надпісамі. Р.Сабалеўская выказала спадзяванне, што з часам у Рубяжэвічах з’явіцца музей маці Янкі Купалы.
Як успамінаюць аднавяскоўцы, усе Валасевічы былі людзьмі добра выхаванымі, спагадлівымі, гасціннымі і, галоўнае, дружнымі. Па іх прыкладзе спадарыня Рамуальда аб’яднала і свой род Сабалеўскіх, ды так, што атрымаўся сямейны ансамбль, які і выканаў на вечарыне некалькі песень пад апладысменты залы.У гэты вечар выступаў таксама рэжысёр Уладзімір Савіцкі, чый спектакль “Сны аб Беларусі”, прысвечаны юбілею Купалы, ужо двойчы быў з поспехам паказаны ў новым тэатральным сезоне. Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, выканальніца роляў маці ў спектаклях паводле Купалавых п’ес “Паўлінка” і “Тутэйшыя”, падзялілася сваім перажываннем гэтых вобразаў. Прагучаў таксама ўрывак з паэмы Янкі Купалы “Адвечная песня” ў выкананні навуковых супрацоўнікаў музея Наталлі Настасіч і Дзмітрыя Бубнова. І завяршылася вечарына словамі дырэктара музея Алены Мацевасян: “Шчыры дзякуй нашым маці, якія прывялі нас у гэты свет”.
Святлана ІШЧАНКА