Пры гэтым, па словах старшыні Полацкага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандра Пазняка, мясцовыя ўлады гатовы забяспечыць пражыванне ўсім гасцям, прапанаваўшы ім гасцініцы, інтэрнаты, аграсядзібы на любы густ і кішэню як у самім горадзе, так і ў навакольных населеных пунктах. Па словах кіраўніка горада, урачыстасці распачнуцца 25 мая канцэртам "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі" і завершацца 5 чэрвеня - у дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай - хрэсным ходам ад Сафійскага сабора да Спаса-Праабражэнскай царквы. Варта адзначыць, што ўдзел Беларускай Праваслаўнай Царквы зусім не выпадковы. Так, у сувязі з тым, што Полацк пазіцыянуецца як горад духоўнасці, пад час урачыстасцей будзе адбывацца спалучэнне свецкіх і духоўных мерапрыемстваў.
Як адзначыў намеснік міністра культуры краіны Тадэуш Стружэцкі, мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Полацка, пройдуць і ў іншых гарадах Беларусі. У прыватнасці, у Мінску ды абласных цэнтрах плануецца арганізаваць выстаўкі, тэатралізаваныя паказы, а таксама прадстаўнічую навукова-практычную канферэнцыю ў сценах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі "Полацк і Полацкая зямля ў гісторыі і культуры Еўропы". Чакаецца, што святочныя мерапрыемствы будуць ладзіцца і пры ўдзеле дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой.