Багдановіч у парку Жылібера

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

У Гродне нядаўна былі падведзены вынікі конкурсу на лепшы праект помніка-бюста нашаму знакамітаму паэту.

/i/content/pi/cult/369/7128/1.gif

Конкурсная камісія, у склад якой увайшлі спецыялісты па мастацтве, архітэктуры і горадабудаўніцтве, з двух тураў выбрала праект мінскіх скульптараў народнага мастака Беларусі Льва Гумілеўскага і Сяргея Гумілеўскага (абодва яны - лаўрэаты прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва) і архітэктара Яўгена Мядзько.

Помнік плануецца ўстанавіць у цэнтральным парку імя Жылібера побач з фантанам, непадалёк ад Дома-музея Максіма Багдановіча. Паэт, як вядома, сваё маленства правёў у горадзе на Нёмане, дзе з 1892 па 1896 г. жылі ягоныя бацькі.

Ідэя помніка Багдановічу для Гродна ўзнікла ў Льва і Сяргея Гумілеўскіх яшчэ дваццаць гадоў таму, калі меркавалася рэалізаваць яго з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння паэта, але тады зрабіць гэта не ўдалося з розных прычын. І вось, нарэшце, надышоў час вяртання аўтара "Веранікі" і "Слуцкіх паясоў" на зямлю яго дзяцінства. Вяртання - у бронзе і граніце.

Гэта будзе манументальна-элегічны вобраз славутага сына Бацькаўшчыны. Светла-шэрая вертыкальная пяціметровая калона як сімвалічнае дрэва жыцця ўвенчана як бы лунаючым у паветры двухнатурным натхнёным партрэтам, навокал якога - журботны, трошкі ламаны, як усё жыццё Песняра, вянок з украпінамі кветак валошак..

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"