Скарбонка для Навагрудка

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Сёння для таго, каб ахвяраваць свае сродкі на аднаўленне Навагрудскага замка, можна не толькі асабіста пералічыць пэўную суму на дабрачынны рахунак, але і пакласці грошы ў адмысловую скарбонку, вырабленую пад заказ прадпрыемствам “Белрэстаўрацыя”.

Скрыні гэтыя размешчаны ў такіх знакавых аб'ектах Мінска, як Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальныя мастацкі і гістарычны музеі, Беларуская дзяржаўная філармонія, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а таксама ў самім Навагрудку. Каля кожнай скарбонкі - падрабязная інфармацыя, куды і на якія мэты збіраюцца і будуць пералічаны сродкі. Улікам жа сродкаў, ахвяраваных на кансервацыю замка такім чынам, займаецца камісія, створаная распараджэннем Навагрудскага райвыканкама.

Карэспандэнт "К" праехаў з камісіяй па некалькіх аб'ектах, дзе ўстаноўлены скарбонкі, і паўдзельнічаў у падліку сродкаў. Як адзначыла член камісіі, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры нашай краіны Аксана Сматрэнка, сабраныя грошы будуць выкарыстоўвацца найперш на праектную дакументацыю. У прыватнасці, ужо падрыхтаваны архітэктурны праект, дзе аб'ект падзелены на адпаведныя чэргі. У першую чаргу спецыялістам неабходна рабіць узмацненне касцельнай вежы замка.

Тым часам камісія падлічыла сродкі, ахвяраваныя, у прыватнасці, наведвальнікамі Нацыянальнага мастацкага музея. У скарбонцы аказалася больш за 400 тысяч беларускіх рублёў, сабраных за поўны час.

Дарэчы, акрамя грошай, пералічаных на дабрачынны рахунак, на аднаўленне аб'екта са сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў сёлета будзе выдаткавана 1,5 мільярда беларускіх рублёў. Акрамя таго, па словах Аксаны Сматрэнка, адкрыты дабрачынны рахунак на рэстаўрацыю Нясвіжскага замка, а дакладней - на работы па наданні адной з веж замка барочнага аблічча перыяду ХVІІІ ст.

К.А.