Мельпамена ў замку

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

З прыблізна паўсотні мерапрыемстваў, якія мяркуецца правесці ў рамках акцыі “Нясвіж — Культурная сталіца Беларусі-2012”, большасць прыйдзецца на летні сезон. Прычым немалаважным фактарам стане магчымасць карыстацца не толькі памяшканнямі, але і адкрытымі пляцоўкамі старажытнага горада.

Адной з акцый, якая пройдзе з 30 чэрвеня па 2 ліпеня, стане арт-фэст "Тэатр Уршулі Радзівіл". У ім прымуць удзел вядучыя тэатральныя калектывы краіны: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы з пастаноўкай "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл" Мікалая Пінігіна, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа з "Ладдзёй Роспачы" Міхася Краснабаева, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Максіма Горкага з "Пане Каханку" ў рэжысуры Сяргея Кавальчыка і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі са спектаклем "Каласы пад сярпом тваім" у пастаноўцы Валерыя Анісенкі.

Усе пастаноўкі будуць звязаны тэмай гісторыі роду Радзівілаў і ўвогуле беларускай мінуўшчыны.

Спектаклі мяркуюць паказваць як у замкавым двары Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, так і ў гасцявых пакоях, прычым, да прыкладу, 30 чэрвеня запланаваны як дзённая, так і вячэрняя пастаноўкі.

Але ж зразумела, што дадзены фэст - гэта толькі кропля ў моры музычных і тэатральных падзей, якія чакаюць жыхароў і наведвальнікаў Нясвіжа ў гэтым годзе. Тэатральнае і музычнае мастацтва ў старажытным асяроддзі будуць прадстаўляць і Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, і замежныя госці.