“Лістапад-2012”: адлік пачаўся!

№ 11 (1034) 17.03.2012 - 24.03.2012 г

Чарговы, дзевятнаццаты па ліку, Мінскі Міжнародны кінафестываль пройдзе з 2 па 9 лістапада. Тэрміны правядзення галоўнага беларускага кінафоруму былі ўстаноўлены адпаведнай пастановай Савета Міністраў краіны. Чакаецца, што і гэтым разам на форуме будуць прадстаўлены лепшыя карціны сусветнага кіно, а Мінск наведаюць вядучыя кінематаграфісты свету.

Паводле інфармацыі дырэкцыі кінафоруму, актыўная падрыхтоўка да "Лістапада-2012" ужо пачалася. У тым ліку, ідуць прагляды стужак яго патэнцыйных удзельнікаў на іншых міжнародных кінафестывалях, разглядаюцца кандыдатуры членаў журы і гасцей. "Лістапад-2012" таксама атрымае новы слоган і канцэпцыю, якія зараз распрацоўваюцца. Паведамляецца, што ў рамках падрыхтоўкі фестывалю праграмны дырэктар ігравой часткі "Лістапада" Ігар Сукманаў наведаў Еўрапейскі кінарынак, які праходзіў у час Берлінскага міжнароднага кінафестывалю, а таксама прыняў актыўны ўдзел у пасяджэнні Міжнароднай федэрацыі асацыяцыі кінапрадзюсараў (FIAPF), акрэдытаваным членам якога Мінскі Міжнародны фестываль з'яўляецца з 2011-га.

Як і ў мінулыя гады, праграма сёлетняга "Лістапада" будзе складацца з трох секцый: ігравога, дакументальнага і дзіцячага кіно. Прагляды будуць праходзіць у рамках двух конкурсаў: асноўнага і конкурсу маладога кіно. Традыцыйна ў праграме форуму плануюцца змястоўныя пазаконкурсныя паказы. У асноўны конкурс прымаюцца фільмы - удзельнікі і прызёры міжнародных кінафестываляў з краін СНД, Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Конкурс "Маладосць на маршы" прадстаўляе калекцыю яркіх наватарскіх работ маладых аўтараў з розных краін і кантынентаў, што здолелі прыцягнуць да сябе ўвагу міжнароднай кінаграмадскасці.

Апрача паказаў стужак, якія пройдуць у лепшых кінатэатрах сталіцы, прадстаўнікі фестывальнай дырэкцыі "Лістапада" абяцаюць шэраг "круглых сталоў", майстар-класаў, абмеркаванняў і дыскусій.