Паводле інфармацыі дырэкцыі кінафоруму, актыўная падрыхтоўка да "Лістапада-2012" ужо пачалася. У тым ліку, ідуць прагляды стужак яго патэнцыйных удзельнікаў на іншых міжнародных кінафестывалях, разглядаюцца кандыдатуры членаў журы і гасцей. "Лістапад-2012" таксама атрымае новы слоган і канцэпцыю, якія зараз распрацоўваюцца. Паведамляецца, што ў рамках падрыхтоўкі фестывалю праграмны дырэктар ігравой часткі "Лістапада" Ігар Сукманаў наведаў Еўрапейскі кінарынак, які праходзіў у час Берлінскага міжнароднага кінафестывалю, а таксама прыняў актыўны ўдзел у пасяджэнні Міжнароднай федэрацыі асацыяцыі кінапрадзюсараў (FIAPF), акрэдытаваным членам якога Мінскі Міжнародны фестываль з'яўляецца з 2011-га.
Як і ў мінулыя гады, праграма сёлетняга "Лістапада" будзе складацца з трох секцый: ігравога, дакументальнага і дзіцячага кіно. Прагляды будуць праходзіць у рамках двух конкурсаў: асноўнага і конкурсу маладога кіно. Традыцыйна ў праграме форуму плануюцца змястоўныя пазаконкурсныя паказы. У асноўны конкурс прымаюцца фільмы - удзельнікі і прызёры міжнародных кінафестываляў з краін СНД, Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Конкурс "Маладосць на маршы" прадстаўляе калекцыю яркіх наватарскіх работ маладых аўтараў з розных краін і кантынентаў, што здолелі прыцягнуць да сябе ўвагу міжнароднай кінаграмадскасці.
Апрача паказаў стужак, якія пройдуць у лепшых кінатэатрах сталіцы, прадстаўнікі фестывальнай дырэкцыі "Лістапада" абяцаюць шэраг "круглых сталоў", майстар-класаў, абмеркаванняў і дыскусій.