Ад старадрукаў да шакаладу

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

У год, калі Нясвіж з’яўляецца Культурнай сталіцай Беларусі, актыўна вядуцца работы па стварэнні музейных фондаў Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля. Вось і на гэтым тыдні калекцыя замка папоўнілася двума вельмі рэдкімі старадрукамі.

Першы - "Jetkiewicz Teofil. Aquila Grandis Magnarum Alarum" - на адваротнай старонцы тытула змяшчае ксілаграфію з выявай родавага герба Радзівілаў. Выданне распавядае пра каранаванне іконы Жыровіцкай Божай Маці, яе цудатворнасць і гісторыю (каранаваць ікону было вырашана пастановай папскага капітула ў 1726 годзе пасля даследавання амаль 200 цудаў абраза; у каранацыі 8 верасня 1730-га прыняў удзел полк янычараў, які належыў Радзівілам). Кніга была выдадзена ў базыльянскай друкарні ў Супраслі ў 1730 годзе.

Другое выданне - "Pruszcz, Piotr Jacek (Hiacynt). Forteca monarchow", - выпушчанае ў Акадэмічнай друкарні Кракава ў 1737-м, змяшчае апісанні жыцця польскіх манархаў, а таксама жыціі святых.

Старадрукі набыты ў прыватных калекцыянераў і будуць экспанавацца пасля здачы ў эксплуатацыю другога пускавога комплексу музея.

Павышэнню турыстычнай прывабнасці комплексу таксама спрыяе і работа па стварэнні сувеніраў. Ужо праз некалькі месяцаў будзе распачаты выпуск шакаладу "Чорная панна Нясвіжа", зараз жа вядуцца перамовы са шклозаводам "Нёман" па выкананні арыгінальных вырабаў са шкла, створаны памятныя значкі з выявай сімвала роду Радзівілаў - літары "R".