Да "Славянскага..." засталося няшмат

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Віцебск распачаў падрыхтоўку да форуму

/i/content/pi/cult/368/7109/1-4.jpeg

Днямі адбылося пасяджэнне гарадскога штаба па падрыхтоўцы і правядзенні Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". У адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама зацверджаны арганізацыйны камітэт на чале са старшынёй Віцебскага гарвыканкама Віктарам Нікалайкіным.
Як і штогод, з першых вясновых дзён пачаў дзейнічаць рабочы план па падрыхтоўцы да знакавага форуму. Пад штодзённую ўвагу ўзяты не толькі творчы складнік чарговага фестывалю, але і далейшае ўдасканаленне гарадской інфраструктуры. Віцебск, як сцвярджае начальнік аддзела культуры гарвыканкама Наталля Шыянок, павінен заставацца ўтульным і гасцінным не толькі для гасцей, але і для жыхароў. У спісе добраўпарадкавання, будаўніцтва і рамонту - каля 400 аб'ектаў абласнога цэнтра.

Да ладу будуць даведзены не толькі масты і дворыкі - больш дасканалым стане гарадское асвятленне, а на плошчы Перамогі з'явіцца сучасная сцэнічная пляцоўка.

Сродкі з гарадскога бюджэту выдаткаваны і для ўпарадкавання ніжняй набярэжнай культурна-гістарычнага комплексу, неад'емнай часткай якога стаў Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў "Дзвіна". Менавіта тут пад час "Славянскага базару..." штогод распачынае дзейнасць "Горад майстроў". Яго паслугі, па словах Наталлі Шыянок, назвычай запатрабаваны сярод гараджан, а таксама ўдзельнікаў і гасцей фестывалю. Дарэчы, аб'ект уключаны ў турыстычнае "Залатое кольца" горада. З гэтай нагоды насупраць "Дзвіны", па вуліцы Чайкоўскага, 14, адбудоўваецца сядзібны дом пазамінулага стагоддзя. Тут, як распавядае начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама, будзе ўзноўлены колішні побыт старадаўняга і слаўнага мастацтвамі Віцебска, з'явяцца ўсе ўмовы для самых розных касцюміраваных тэатралізацый.

Словам, творчая палітра сёлетняга "Славянскага базару ў Віцебску" папоўніцца новымі яркімі фарбамі.