“…Кавярня” з хэдлайнерам”

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

“М.@rt.кантакт-2012” стартуе 21 сакавіка

/i/content/pi/cult/368/7106/1-3.jpeg

Веснавыя мары пра атмасферу абуджэння, жыватворны драйв і творчае фантанаванне маладосці ды крэатыву ўжо ў хуткім часе маюць стаць рэальнасцю для прыхільнікаў тэатральнага мастацтва. З 21 па 27 сакавіка ў Магілёве ў чарговы раз пройдзе Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М.@rt.кантакт". Сёлета сваё мастацтва прадставяць калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, Славеніі і Ізраіля.

Распачнецца фестываль гучным "акордам": адзін з хэдлайнераў сучаснага тэатральнага працэсу на Беларусі Яўген Карняг, пастаноўкі якога за час існавання "М.@rt.кантакту" ўпадабалі магіляўчане, прадставіць сваю пластычную работу "Спектакль № 7". І, што немалаважна, удзельнікі ды госці фестывалю атрымаюць магчымасць убачыць, як насамрэч здольныя развівацца крэатыўныя тэатральныя ідэі. Ад энтузіястычнага жадання як мага даўжэй захаваць свае ўдалыя сцэнічныя эксперыменты, якімі былі ў свой час "Дзень нараджэння" або "Не танцы", група аднадумцаў, каго напачатку аб'ядноўвалі ўяўленні пра тое, што мусіць быць цікавым у творчым самавыяўленні і спасціжэнні прафесіі, прыйшла да таго, каб "зафіксаваць" сваё жаданне ісці агульным творчым шляхам у выглядзе "Карняг-тэатра". Яшчэ адны ўлюбёнцы магілёўскай фестывальнай публікі - арлоўскі Дзяржаўны тэатр для дзяцей і моладзі "Свабодная прастора", што неаднойчы станавіўся пераможцам "М.@rt.кантакту", прадставіць гледачам свой мюзікл "Пунсовыя ветразі" паводле А.Грына.

Арганізатары форуму працягваюць традыцыю "адкрыцця" для яго прыхільнікаў калектываў, "нага" якіх яшчэ "не ступала" на магілёўскую тэатральную прастору. Вось і гэтым разам пераважная большасць тэатраў-удзельнікаў для беларускіх гледачоў практычна незнаёмая: гэта "Тэатр-19" з "Дзвярамі" Л.Лунары з Харкава, "Незалежны тэатральны праект" з "Лафкадзіа" з Масквы, Тэатр "Марабу" з Бона і спектакль "Над вадой, пад думкамі", Тэатральная група "Містарын" з Іерусаліма і "Сны Маісея", Сцэна прэм'ер "In Vitro" з Любліна і спектакль "Камяні ў кішэнях" М.Джонс. А поруч - даволі знаныя маскоўскі Цэнтр драматургіі і рэжысуры імя А.Казанцава і М.Рошчына з "Развалінамі" Ю.Клаўдзіева, вільнюскі Рускі драматычны тэатр Літвы са "Свалачным каханнем" М.Мацявічуса, а таксама вандруючы па разнастайных тэатральных фестывалях Славенскі інтэрактыўны тэатр "Kud Liud" з Любляны з "Электрычным піццём гарбаты".

"Цяжкай артылерыяй" фестывальнай праграмы, безумоўна, стануць пастаноўкі, якія прывязуць у Магілёў калектывы з Санкт-Пецярбурга. Гэта - "Белая гісторыя" Пецярбургскага тэатральнага таварыства "Комік-трэст" і адзін з сёлетніх спектакляў - удзельнікаў прэстыжнага расійскага фестывалю-конкурсу "Залатая маска" - "Тры сястры" Невялікага драматычнага тэатра з рэжысуры Льва Эрынбурга.

Беларускую тэатральную маладзёжную прастору прадставяць адразу некалькі сталічных калектываў: Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага са спектаклем "Нататкі стомленага рамантыка" М.Задорнава, Рэспубліканскі тэатр юнага гледача са спектаклем "Мой бедны Марат" А.Арбузава і Тэатр танца з танцавальнымі перформансамі "Фарбы", "Не", а таксама Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча з пастаноўкай "Страцім-лебедзь" Ю.Сохара і гаспадары фестывалю - Магілёўскі абласны тэатр драмы, які пакажа "Гаспадара кавярні" П.Пражко.

Унутрыфестывальнае жыццё "М.@rt.кантакту" і гэтым разам будзе насычана шматлікімі абмеркаваннямі, "круглымі сталамі", дыскусіямі ды лабараторнымі паказамі, пра што мы абавязкова раскажам больш падрабязна па выніках форуму.