Выпускнік і працадаўца: першае спатканне — папярэдняе размеркаванне

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

"Кастынг" маладых спецыялістаў нярэдка адбываецца літаральна па конкурсе

З усіх каляндарных пачаткаў месяцаў 1 жніўня падаецца большасці нашых суайчыннікаў адным з самых “нязначных”: маўляў, час адпачынку. Між тым, кожны год менавіта гэтая дата становіцца вельмі важнай для тысяч выпускнікоў навучальных устаноў з усёй краіны, бо ў першы дзень апошняга месяца лета яны павінны з’явіцца да месца свайго размеркавання. Да 1 жніўня застаецца яшчэ колькі часу, але “рыхтуй сані летам”, а якаснае размеркаванне — узімку. Сапраўды, працэс размеркавання спецыялістаў, што скончылі ВНУ, пачынаецца задоўга да выпускнога балю. “К” вырашыла даведацца, на якой стадыі знаходзіцца гэты вельмі важны працэс у вядучых беларускіх ВНУ сферы культуры сёлета.

Працэс пайшоў!

Як паведамілі карэспандэнту “К” у вышэйшых навучальных установах, папярэдняе размеркаванне выпускнікоў гэтага года запланавана на канец сакавіка  — красавік, а ў дадзены момант ідзе актыўны прыём заявак ад арганізацый.

Так, да прыкладу, адбываецца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, першы прарэктар якой Юрый ЗЛАТКОЎСКІ паведаміў “К”, што само папярэдняе размеркаванне адбудзецца ў Акадэміі напрыканцы сакавіка. Падводзіць вынікі збору заявак пакуль зарана: па вопыце мінулых кампаній зразумела, што большая частка запытаў прыходзіць за апошнія некалькі тыдняў. Хаця пэўныя высновы можна зрабіць ужо цяпер.

— Пытанне з размеркаваннем рэктарат трымае на штотыднёвым кантролі, — распавяла “К” першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Святлана ВІНАКУРАВА. — Вызначаемся з кожным факультэтам паасобку, кантралюем колькасць атрыманых заявак. Калі глядзець па факультэтах, то асаблівых праблем у гэтым годзе не чакаецца. На тэатральным факультэце выпускаецца курс дэкана Уладзіміра Мішчанчука, яго лёс ужо, можна сказаць, уладкаваны. Няма праблем з асобнымі спецыяльнасцямі на факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Напрыклад, на спецыяльнасць “Мастацкая кераміка” ўжо прыйшлі па дзве заяўкі на чалавека, такім чынам, у нашых выпускнікоў ёсць пэўны выбар, што не можа не радаваць…

Паводле даных рэктарата БДАМ, добрыя перспектывы размеркавання — і на іншых спецыяльнасцях гэтага факультэта. Напрыклад, на “Мастацкае шкло” — шэсць заявак на кожных пяць выпускнікоў. Што да іншых спецыяльнасцей і факультэтаў, то заяўкі на іх толькі пачалі прыходзіць. Зрэшты, Акадэмія паводзіць сябе ў гэтым пытанні актыўна: рассылае адпаведныя лісты па тых абласных упраўленнях культуры, дзе ёсць установы з патрэбным профілем спецыялістаў, праводзіць перамовы з кіраўнікамі зацікаўленых арганізацый, каб у адказны момант ніводны з выпускнікоў не застаўся без працы.

Пэўная спецыфіка
Пэўныя пытанні, на думку першага прарэктара БДАМ, могуць узнікнуць у выпускнікоў факультэта экранных мастацтваў. У студэнтаў, якія навучаліся на кафедрах тэлевізійнай рэжысуры і аператарскага мастацтва, праблем з працаўладкаваннем, хутчэй за ўсё, не будзе, а вось што да рэжысёраў кіно, дык тое, ці атрымаюць яны першае месца працы, будзе залежыць ад Нацыянальнай кінастудыі, з якой заявак пакуль (па стане на пачатак сакавіка 2012 года) не паступала. Справа ў тым, што сучасны фармат супрацоўніцтва кінавытворчых арганізацый з рэжысёрамі прадугледжвае кантракт на канкрэтную стужку, і ў іх штатным раскладзе новых пастаянных месцаў для такіх спецыялістаў не прадугледжана. Але, як запэўнілі “К” у Акадэміі мастацтваў, гэтую канкрэтную праблему ўсё-такі плануюць вырашыць сумесна з кіраўніцтвам Нацыянальнай студыі самым бліжэйшым часам.

Унікальнасць падрыхтаваных Акадэміяй спецыялістаў абумоўлівае і працэс іх размеркавання. Напрыклад, самыя “адзінкавыя” выпускнікі — з мастацкага факультэта: іх у гэтым годзе, здаецца, няшмат, 19 чалавек, але кожны патрабуе асобнай увагі. Між тым, заяўкі “на мастакоў” ужо прыходзяць, у тым ліку — персанальныя. Сумневу ў тым, што і сёлета ўсе выпускнікі-мастакі размеркаванне атрымаюць, не ўзнікае.

У тым, што спецыялісты з мастацкай адукацыяй у краіне вельмі запатрабаваны, сведчыць і вялікая колькасць заявак з прыватных арганізацый. Асабліва гэта датычыцца спецыялістаў па дызайне. Аднак, паводле дзеючага заканадаўства, у першую чаргу задавальняюцца заяўкі дзяржаўных і толькі потым — прыватных працадаўцаў.

— Мы прытрымліваемся заканадаўства, і ў прыватныя арганізацыі размяркоўваем студэнтаў толькі пасля таго, як будуць задаволены ўсе дзяржаўныя заяўкі, — падкрэслівае Святлана Вінакурава. — Зразумела, прыватнікі часам прапануюць выпускнікам больш прывабныя ўмовы, у тым ліку, па заработнай плаце, але наша задача — задаволіць запыты найперш дзяржаўных устаноў — застаецца нязменнай, і мы яе выконваем. Канешне, усё, зноў-такі, залежыць ад спецыяльнасці: калі прыватных тэатраў у нас практычна няма і заяўкі на выпускнікоў тэатральнага факультэта ідуць ад дзяржаўных устаноў, то на дызайнераў вельмі вялікі попыт менавіта з боку прыватнікаў. Што да мастакоў, то яны запатрабаваны як выкладчыкі ў мастацкіх школах, графікі ж знаходзяць працу ў выдавецтвах. Прыватнікам, якія абураюцца, маўляў, чаму іхнія заяўкі ідуць у другую чаргу, мы заўсёды прапануем самастойна замовіць і аплаціць падрыхтоўку патрэбнага спецыяліста. Дзяржава плаціць за падрыхтоўку кожнага спецыяліста вялікія грошы і мае поўнае права прэтэндаваць на яго размеркаванне...

Да слова, працэсы набору і размеркавання — рэчы ўзаемазвязаныя, бо колькасць бюджэтных месцаў залежыць, у тым ліку, ад колькасці заявак, пададзеных на спецыялістаў той або іншай прафесіі. Таму ВНУ таксама вельмі зацікаўлены, каб колькасць заявак была не меншая за колькасць выпускнікоў.

Па словах Святланы Вінакуравай, Акадэмія мастацтваў таксама вядзе шчыльную працу з арганізацыямі, якія дасылаюць запыты, у кірунку выканання ўмоў размеркавання: каб пазбегнуць недарэчнасцей, выпускнікоў павінны чакаць на месцы адпаведныя ўмовы. Так, яны павінны атрымаць працоўныя месцы дакладна па тых спецыяльнасцях, па якіх навучаліся. Іншагароднім маладым спецыялістам павінны быць прадастаўлены і адпаведныя жыллёвыя ўмовы. У Акадэміі мастацтваў здараецца адзін-два выпадкі на год, калі выпускнік пераразмяркоўваецца менавіта з вышэйназваных прычын. Зрэшты, з-за спецыфікі прафесій, якім навучаюць у БДАМ, амаль з кожным выпускніком працэс размеркавання даводзіцца прапрацоўваць у індывідуальным парадку. Зрэшты, само размеркаванне ўжо не падаецца нікому нечым дзіўным, стаўленне да яго з боку маладых спецыялістаў спакойнае, таму для ВНУ гэты працэс у апошнія гады не з’яўляецца вялікай праблемай.

Попыт і прапанова

У рыначных катэгорыях вызначаюць працэс размеркавання выпускнікоў і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

— Попыт на нашых выпускнікоў нашмат перавышае прапанову, — кажа першы прарэктар БДУКіМ Юрый БОНДАР. — На кожнага з маладых спецыялістаў у сярэднім прыходзіцца дзве з паловай заяўкі, што, зразумела, някепска і дэманструе высокі статус нашай навучальнай установы. Такую карціну мы, дарэчы, назіраем кожны год. Але сёлета колькасць заявак, якую будзем у стане задаволіць, будзе большая, бо ў бягучым годзе мы ажыццяўляем па шэрагу спецыяльнасцей падвойны выпуск: студэнты, што навучаліся па адукацыйных стандартах першага пакалення, і тыя, якія навучаліся па адукацыйных стандартах другога пакалення са скарочанымі тэрмінамі навучання. Таму культуролагаў, бібліятэкараў будзе больш удвая, і заяўкі па гэтых спецыяльнасцях мы плануем задаволіць цалкам...

Папярэдняе размеркаванне на факультэтах БДУКіМ ужо адбылося. Па словах першага прарэктара, папярэдняе размеркаванне праходзіць з мэтай растлумачыць выпускнікам іх правы, зняць магчымыя пытанні, што ўзнікаюць пад час працэсу размеркавання, падрыхтаваць спецыялістаў да “сустрэчы” з іх месцам працы.

Спецыфікай размеркавання ў БДУКіМ з’яўляецца тое, што большасць выпускнікоў адпраўляецца на працу ў рэгіёны. Па словах Юрыя Бондара, сёлета колькасць накіраваных у рэгіёны складзе таксама 78 — 79%. Пры гэтым, колькасць заявак з Мінска даволі вялікая, але прыярытэт камісія аддае менавіта рэгіянальным.

У адпаведным аддзеле ўніверсітэта адзначылі, што найбольшую актыўнасць па колькасці дасланых заявак традыцыйна праяўляе Мінская вобласць. Так, за тры апошнія гады ва ўстановы, падпарадкаваныя ўпраўленню культуры Мінаблвыканкама, былі накіраваны 259 выпускнікоў БДУКіМ, пры агульнай лічбе размеркаваных ва ўстановы ўпраўленняў культуры 622 чалавекі. Менш за ўсё выпускнікоў прынялі ўстановы, падпарадкаваныя брэсцкаму ўпраўленню, — 53 спецыялісты, прытым, што за 2009 — 2011 гг. універсітэтам выпушчана 934 спецыялістаў дзённай бюджэтнай формы навучання. Цікава, што з агульнай колькасці ўсіх размеркаваных непасрэдна ў сельскую мясцовасць накіравана 112 маладых спецыялістаў, у малыя і сярэднія гарадскія паселішчы — звыш 200 выпускнікоў. Тая ж самая тэндэнцыя захаваецца і сёлета.

Між тым, самым вялікім попытам, мяркуючы па папярэдняй колькасці пададзеных заявак, карыстаюцца выпускнікі па спецыяльнасцях “Рэжысёр масавых відовішчаў”, а таксама — дыпламаваныя харэографы і бібліятэкары. Прынамсі, у бягучым годзе, у сувязі з пераходам на падрыхтоўку выпускнікоў шэрагу спецыяльнасцей на чатырохгадовы тэрмін навучання, універсітэтам будзе выпушчана 492 чалавекі, якія падлягаюць размеркаванню, у тым ліку 185 бібліятэкараў, 115 культуролагаў, 29 рэжысёраў святаў, 33 харэографы. Гэта ў 1,6 раза больш, чым летась, і павінна дапамагчы значна паменшыць дэфіцыт кадраў у бібліятэках ды клубных установах.

Рух у абодвух напрамках

Зразумела, размеркаванне — хвалюючы момант, у першую чаргу — для саміх выпускнікоў. Але і ВНУ робяць усё магчымае, каб нечаканых непрыемнасцей пры з’яўленні маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах не ўзнікала. Балазе апошнія сталі больш актыўна цікавіцца сваім будучым лёсам, самастойна шукаць годнае першае месца працы, таму імянных заявак у ВНУ дасылаюць даволі шмат.

У сваю чаргу, той жа БДУКіМ актыўна вядзе папярэднюю працу як з выпускнікамі, так і з арганізацыямі, якія запрашаюць на працу. У абласныя ўпраўленні культуры накіраваны лісты-запрашэнні на ўдзел у камісіі па размеркаванні, рэгулярна праводзіцца маніторынг арганізацый, дзе працуюць выпускнікі. Аналіз апошняга з іх, які зрабіў аддзел менеджменту якасці адукацыі ўніверсітэта, сведчыць, што 92,5% працадаўцаў выказваюць высокую ступень задаволенасці ўзроўнем падрыхтоўкі спецыялістаў БДУКіМ. Папераджальная праца па задавальненні найбольш важных заявак таксама прыносіць плён: у мінулым годзе чатыры спецыялісты-музеязнаўцы былі накіраваны ў Мірскі замак, што адкрыўся пасля рэканструкцыі, столькі ж — у эстрадна-сімфанічны аркестр Гродзенскай абласной філармоніі. Задаволена вострая патрэба ў маладых спецыялістах шэрагу вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны (усяго накіравана 24 чалавекі).

Разам з тым, вострай застаецца праблема забеспячэння кадрамі аб’ектаў сельскай культуры, у тым ліку ў аграгарадках, асабліва — у рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Не трэба забывацца і на існуючую па-за межамі асноўнага размеркавання праблему выпускнікоў-”мэтавікаў”, якія пасля заканчэння адразу паступаюць у магістратуру без дадатковых пісьмовых пагадненняў аб навучанні з раённымі аддзеламі культуры.

Карацей, размеркаванне — справа няпростая, і заўсёды будзе выклікаць пэўныя пытанні. Іншая справа, што вырашаць іх усе зацікаўленыя бакі — а іх, прынамсі, тры: выпускнікі, працадаўцы і ВНУ — павінны разам. Супакойвае тое, што з кожным годам размеркаванне праходзіць усё больш эфектыўна і спакойна. Спадзяёмся, і гэты першы працоўны год у жыцці соцень выпускнікоў ВНУ сферы культуры будзе плённы, а “К” абяцае ў наступных матэрыялах працягваць тэму размеркавання выпускнікоў 2012-га.