Адкрываем і чытаем

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Гродзеншчына: мультымедыя і прамоўшн

Упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага аб’явілі сярод цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм вобласці конкурс “Чытаем беларускую кнігу”, які распачаўся яшчэ летась.

У выніку актывізаваліся пошук і ўкараненне інавацыйных форм і метадаў работы, сучасных інфармацыйных тэхналогій, а таксама — распрацоўка доўгатэрміновых праектаў (супольна з іншымі арганізацыямі ды ўстановамі), якія накіраваны на павышэнне якасці і колькасці камплектавання бібліятэчных фондаў.

Высокай ацэнкі заслугоўвае работа Навагрудскай ЦБС, якая па выніках конкурсу атрымала дыплом I ступені. Супрацоўнікі падрыхтавалі праект “Адкрый для сябе беларускую кнігу”, разлічаны на два гады. Бібліятэкары даследавалі склад і выкарыстанне беларускамоўнага фонду, зрабілі высновы, вызначылі асноўныя кірункі далейшай работы. Дзеці ж з ахвотай карыстаюцца электроннай гульнёй “Скарб — у кнізе, кніга — скарб”, распрацаванай работнікамі ЦБ. Наладжана і шырокая рэкламная кампанія па папулярызацыі навінак беларускай літаратуры. Тут на дапамогу прыйшлі кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, прадпрыемстваў і ўстаноў горада. Іх водгукі размешчаны на сайце ЦРБ і дошцы інфармацыі бібліятэкі.

У Лідскай ЦБС (уладальнік дыплома ІІ ступені) распрацавана мэтавая праграма “Гартаючы каляндар”: рыхтуюцца цыклы радыёгутарак “Бібліятэка ля мікрафона”, прысвечаных юбілейным і памятным датам беларускага літаратурнага календара. Складнікам рэкламнай кампаніі сталі прамоўшн-акцыі: распаўсюджванне адмысловых лістовак-заклікаў да чытання. Не засталіся па-за ўвагай і жыхары аддаленых маланаселеных пунктаў. З дапамогай бібліобуса праводзілася акцыя “Беларускай кнізе — сельскі адрас”. Вынікам плённай працы супрацоўнікаў Лідскай ЦБС стаў выпуск мультымедыйнага дыска “Чытаем беларускую кнігу”. Дадзены матэрыял з’яўляецца добрым дапаможнікам пры правядзенні масавых мерапрыемстваў установамі культуры і адукацыі.

Трэці пераможца конкурсу (дыплом ІІІ ступені) — ЦБС Гродзенскага раёна, якая ажыццяўляе папулярызацыю роднай мовы і літаратуры пад час мерапрыемстваў з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый і відэаролікаў (“Беларускія пісьменнікі — дзецям”, “Паэт народа — Максім Багдановіч”, “Чытаем беларускую кнігу” і г. д.). Праведзенае экспрэс-апытанне “Ці чытаеце вы беларускія кнігі?” паказала, над чым неабходна працаваць бібліятэкарам, якую літаратуру набываць, якіх аўтараў актыўней рэкламаваць.

Надзея ДАВЫДЗІК, загадчык аддзела бібліятэказнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага