Начальнік аддзела культуры Клічаўскага райвыканкама Уладзімір Ваакс яшчэ паўтара года таму кіраваў ДШМ у аграгарадку “Арэхаўка”. Старая любоў не забываецца (а арэхаўскім Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь “Ансамбль народнай музыкі і песні “Жытніца” Ваакс кіруе з поспехам і па сёння), таму і акцэнт у дадзенага артыкула будзе, так бы мовіць, музычны, але — з абавязковай сацыяльна-эканамічнай поліфаніяй. У раёне ўжо распачалі актывізацыю сацыяльнага партнёрства. Апякунскія саветы створаны ва ўсіх пяці ДШМ. Адна з іх, дарэчы, — незвычайная: Дзмітрыеўская дзіцячая традыцыйнай народнай творчасці школа мастацтваў. Адкуль такая, не надта стандартная, шчыра скажам, спецыялізацыя? Ад жадання мясцовага кіраўніцтва захаваць спецыфіку традыцыйнага мастацтва кожнага паселішча Клічаўшчыны. Так у Дзмітрыеўцы з’явілася першая ластаўка гэтага руху. Школа, дзе кожны занятак заснаваны на засваенні менавіта мясцовага этнафальклорнага матэрыялу, шукае магчымасць перабрацца ў новы будынак. І тут, па словах Уладзіміра Ваакса, будуць выкарыстаны, у тым ліку, і інвестыцыі прыватнага бізнесу. Без дзейснага сацыяльнага партнёрства немагчыма будзе зладзіць у раёне і першы — магчыма, міжнародны — Фестываль традыцыйнай народнай творчасці малых гарадоў (праект, які аналагаў на Беларусі пакуль не мае). Ёсць у Клічаве і гэткі правобраз усеагульнага культурнага штаба (самага нефармальнага!) па каардынацыі ўсіх апякунскіх дзеянняў. Раз на месяц раённая інтэлігенцыя, неабыякавая да лёсу мясцовай культуры, збіраецца ў Клічаўскім краязнаўчым музеі на... салонныя вечары камернай музыкі. Урачысты вячэрні дрэс-код пакрысе стаў негалосным правілам такіх сустрэч, у выніку якіх нараджаюцца цікавыя ідэі, а таксама шукаюцца шляхі іх сумеснай рэалізацыі.
Калі акорд — фальшывы
Галоўная праблема рэгіянальнай культуры звязана на Клічаўшчыне не столькі з рамонтам клубных ды бібліятэчных сцен, колькі з пэўным дэфіцытам праяў творчай ініцыятывы на ўзроўні асобных спецыялістаў сельскіх устаноў. Не, пытанні сістэмнага аднаўлення матэрыяльнай базы з парадку дня цалкам не зняты, і лакальны ход іх эфектыўнага вырашэння я паспрабую адсачыць крыху ніжэй. А цяпер самы час паразважаць пра прэстыж прафесіі. І пачаць дазвольце з... грошай.
Сярэднямесячны заробак у такім мясцовым магутным сельгаспрадпрыемстве, як УКСП саўгас “Добраахвотнік”, складае 900 тысяч рублёў, а па аддзеле культуры, па словах Уладзіміра Ваакса, дасягае ўжо паказчыка ў 1 мільён 350 тысяч. Хтосьці запярэчыць: лепшыя даяркі ва УКСП зарабляюць ледзь не па тры мільёны ў месяц. Але ж і лепшыя выкладчыкі ДШМ і работнікі ЦКС ад іх на сёння не адстаюць. Значыць, ёсць усе падставы для гаворкі пра тое, што росту прэстыжнасці прафесіі культработніка велічыня ягонага заробку ўжо ніяк не замінае. У чым жа тады той прэстыж? У прафесійнай годнасці саміх работнікаў культуры. А годнасць найперш — у ініцыятыўнасці. Няма яе — на вялікую прэмію і разлічваць не выпадае.
Дарэчы, працэс прэміравання ў мясцовым аддзеле культуры — галосны і празрысты. Тым не менш, ёсць і незадаволеныя. Натуральна, грошы трэба адпрацоўваць. Натуральна, іншым разам не хапае для гэтага, шчыра кажучы, элементарнага прафесійнага жадання. Чаму? Адказ цудоўна ведае любы начальнік аддзела культуры. Мала спецыялістаў і кіраўнікоў з вышэйшай адукацыяй. На Клічаўшчыне такіх — 22 з агульнай колькасці ў 169 чалавек. Безумоўна, працуюць і пенсіянеры, і тыя, хто мае толькі сярэднюю неспецыяльную адукацыю. Маладых спецыялістаў — 12. Палова — мясцовыя. 26 — завочнікі ВНУ.
Так, сітуацыя выпраўляецца за кошт павелічэння колькасці завочнікаў і мэтавікаў, але такі працэс падрыхтоўкі кадраў — няхуткі, і той, хто спазніўся з прафарыентацыяй учора, ніякіх шанцаў на сённяшні поспех ужо не мае. Вось такі сумны акорд, які безнадзейна псуе мажорнае гучанне культурнага хору. І з песні яго выкінуць не выпадае. Тым больш, на сённяшні імклівы інфармацыйна-камунікацыйны час брак творчай ініцыятывы — гэта якраз няўменне ці нежаданне бібліятэкара ды клубніка наладзіць менавіта сацыяльнае партнёрства, давесці на справе, і літаральна кожнаму, што твая ўстанова — самая лепшая і дзейсная ў раёне. Але хопіць “хормайстарскіх” тэорый...
“Нясята”: усё як па нотах
Нясяцкі СДК — адзін з лепшых у Клічаўскай цэнтралізаванай клубнай сістэме. Кіраўнік установы Таццяна Барысёнак нядаўна скончыла завочна БДУКіМ, па спецыяльнасці яна — менеджар сацыякультурнай дзейнасці.
— Дык з кім, Таццяна, супрацоўнічаеце ў штодзённай дзейнасці?
— З кіраўніцтвам мясцовай школы, сельсавета, дзіцячага садка, ДШМ, СВК “Калгас “Нясята”, з участковым міліцыянерам. Нас гэтым стасункам вельмі добра вучылі ва ўніверсітэце...
Колькі слоў пра сам СДК. “Нясята” — апошні аграгарадок Клічаўшчыны. І пазалетась раённыя ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб фінансаванне названага аб’екта засталося годным. У выніку СДК займеў самую лепшую ў раёне канцэртную залу (з поспехам выкарыстоўваецца як філарманічная пляцоўка), шыкоўнае электрапіяніна, самую сучасную музычную і светлавую апаратуру, якой і ў РДК пакуль няма…
Вядома, такім матэрыяльным багаццем кіраваць трэба з розумам, і без сапраўды эфектыўнага сацыяльнага партнёрства тут не абысціся. Методыка дзяржаўна-прыватнага партёрства для Нясяцкага СДК распрацоўвалася на ўзроўні раённага метадычнага цэнтра. І калі надалей выкарыстоўваць музычную тэрміналогію, дык “хору” клубных супрацоўнікаў “ставілі голас”. Так, спатрэбіліся Таццяне Барысёнак і тэарэтычныя веды, атрыманыя ў БДУКіМ. Але, адна справа — уяўляць, як складаць і рэалізоўваць аўтарскія праекты, як наладжваць фандрайзінг ды займацца піярам будучых заказчыкаў тэматычных карпаратываў… Іншая ж — займацца ўсім гэтым практычна. Маладой Барысёнак у пэўнай ступені дапамагае дасведчаны мастацкі кіраўнік СДК Тамара Дзятлава. Дарэчы, абедзве з камп’ютарам — “на ты”, таму навучанне не спыняецца ні на дзень: Інтэрнэт — багаты на самы разнастайны творчы крэатыў.
Карацей, усенавуч па наладжванні сацыяльнага партнёрства працягваецца. “Сальфеджыа” для менеджара-пачаткоўца ад культуры наступнае: рэпутацыю для ўстановы неабходна напрацоўваць паступова і карпатліва. Для гэтага ў планах — устаноўка сістэмы відэаназірання на дыскатэках, якія штораз наведвае па 180 юнакоў і дзяўчат. З’явіцца такая сістэма — паменее клопату для ўчастковага дый бацькі за лёс дзяцей не так будуць хвалявацца… Далей. У мясцовай агульнаадукацыйнай школе — без малога сто вучняў, ледзь не кожны — клубны ды бібліятэчны гуртковец. Значыць, іхнія бацькі з культасветнікамі — аднадумцы і патэнцыйныя інвестары творчых праектаў. Яшчэ. Стаўка робіцца і на мясцовую інтэлігенцыю, рабочых СВК: клубныя падвальныя памяшканні плануецца праз час пераабсталяваць пад боўлінг. І тут павінна дапамагчы талака: і мясцовыя прыватныя прадпрымальнікі, і кіраўніцтва ўсіх арганізацый, размешчаных на сельсаветаўскай зямлі.
Сёлетні план па аказанні платных паслуг для СДК — 25 мільёнаў рублёў. План, па словах кіраўніка Дома культуры, цалкам выканальны. Але для гэтага без стомы трэба крэатывіць: і на карпаратывах, і на дыскатэках з канцэртамі… Таму рабочы план як песня складаецца. Толькі не сфальшывіць бы пры выкананні…
Партытура інавацый
А цяпер — адзін прыклад вырашэння праблемы паляпшэння матэрыяльнай базы, заснаваны на партнёрстве мясцовых улад і аддзела культуры. Ініцыятар пераўтварэння будынка колішняй паліклінікі ў новую ДШМ — старшыня Клічаўскага райвыканкама Францішак Вашчыла. Праектна-каштарысная дакументацыя будучай рэканструкцыі коштам у сто мільёнаў рублёў ужо зроблена. Сёння галоўная школа мастацтваў раёна месціцца ў састарэлым будынку, узведзеным яшчэ ў 1950-я. Уладзімір Ваакс плануе праз час размясціць у новай ДШМ не толькі навучальныя класы, але і салон-краму Дома рамёстваў. Цяпер у ДШМ — 223 вучні. Пасля рэканструкцыі, натуральна, колькасць юных прыхільнікаў мастацтваў значна павялічыцца. Хацелася б, каб кіраўніцтва Магілёўшчыны падтрымала фінансава рэалізацыю праекта. Са свайго боку, раённыя інвестары абяцаюць не спаць у шапку. Між тым, у фае новай ДШМ запланаваны вялізны… акварыум — як дзейсны складнік шматграннага працэсу эстэтычнага выхавання. Чым не інавацыя? А стары будынак ДШМ стане інтэрнатам для работнікаў культуры.
Чарговы інавацыйны праект — “ажыўленне” мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Усакіна, дзе рэканструяваны партызанскія зямлянкі часу Вялікай Айчыннай вайны. Для таго, каб ажыццявіць тэатралізацыю прарыву народных мсціўцаў праз фашысцкую блакаду, аддзел культуры звярнуўся да творчай моладзі раёна. У тэатралізацыі задзейнічаны цяпер дзясяткі маладых людзей… Дадамо, праект гэты інавацыйны хіба што для Клічаўскага раёна: аналагічныя музеі пад адкрытым небам з платнай анімацыйнай рэканструкцыяй дзейнічаюць на Расоншчыне і Гродзеншчыне. Але хто сказаў, што ў межах рэгіёна нельга выкарыстоўваць міжабласны досвед? Тым больш, для такой дзеі на Клічаўшчыне — самыя спрыяльныя ўмовы.
Пра інавацыі ў вёсцы Дзмітраўка і пра намер зладзіць у раёне першы на Беларусі этнічны фестываль малых гарадоў я ўжо казаў на пачатку артыкула..
Так, цікавых праектаў у перспектыўнай творчай “скарбонцы” клічаўскіх культработнікаў не так і шмат. І збольшага іх аўтарамі з’яўляюцца кіраўнікі раённых структур (да прыкладу, “Этнічны фестываль малых гарадоў” — тэма дыпломнага праекта Уладзіміра Ваакса, які нядаўна скончыў завочнае аддзяленне Смаленскага інстытута мастацтваў). Усё так, ініцыятывы “знізу” яшчэ недастаткова. Але, будзем лічыць, партытура агульнага гучання ўжо створана. А ў харавым сугуччы і салісты павінны праявіцца. Прынамсі, той, хто без песні жыцця не ўяўляе, заўжды шукае індывідуальны выканальніцкі стыль. І, напэўна, толькі тады творчы праект мае права называцца “аўтарскім”.
Галерэя спонсараў ад “К”
Логіка "прафесійнай" публікі
Адна з неадкладных і досыць амбіцыйных задач кіраўніка УКСП “Саўгас “Добраахвотнік” Алега Портніка — прыраўнаваць культуру вёскі Арэхаўка да гарадскіх стандартаў. Таму канцэрты ў мясцовым СДК — лепшыя ў раёне.
За апошні час тут пабывалі Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Гюнэш, Іскуі Абалян... Выступленні зорак аплачвае з прыбытку “Добраахвотнік”, а раённы аддзел культуры выступае ў ролі прадзюсара.
Колькі гадоў таму я пісаў пра Алега Портніка, пра яго сцвярджэнне, што клопат аб культуры — найпершы абавязак любога сумленнага гаспадарніка. Зыходзячы з гэтага прынцыпу, кіраўнік УКСП і дзейнічае: укладвае грашовыя сродкі ў набыццё музычных інструментаў для ДШМ, прызначае стыпендыі для маладых спецыялістаў, выдаткоўвае работнікам культуры камфортнае жытло, нястомна займаецца добраўпарадкаваннем сельскіх вуліц...
— Алег Пятровіч, вы, як вядома, — не аматар піяру, але адкажыце: чым найперш выклікана ваша жаданне насыціць духоўнасцю вясковае жыццё?
— Я — чалавек гарадскі, але ў Арэхаўцы працую шаснаццаць гадоў. Натуральна, у селяніна — больш клопату: і на рабочым месцы патрэбна выкласціся, і ўласная падсобная гаспадарка вымагае немалога клопату, і немалыя сем’і ледзь не ў кожнага... Таму проста неабходна, каб вясковыя жыхары, найперш — дзеці, не пачувалі сябе адарванымі ад тых культурных выгод, што прапаноўвае сёння горад. Разам з работнікамі СДК, ДШМ складаем рэпертуарны план. У ідэале, хачу, каб увечары для дарослых ставілася адно мерапрыемства, а для дзяцей раніцай ці ўдзень — іншае...
— Логіка тут — зразумелая: “прафесійную” публіку канцэртных і тэатральных залаў варта рыхтаваць з дзяцінства, а культуры вытворчай не дасягнуць без культуры духоўнай. Словам, дбаеце пра якасна новае пакаленне сельскай інтэлігенцыі, якой наканавана працаваць на фермах ды палетках? З якімі праблемамі сутыкаецеся?
— Пэўны час таму на першых канцэртах ці спектаклях абласнога драмтэатра былі ледзь не пустыя залы. Цяпер — спрэс аншлагі. Уваход — бясплатны, але кожнаму выдаецца білет. І калі хтосьці дазваляў сабе знаходзіцца на мерапрыемстве не “ў форме”, дык трапіць сюды зноў яму будзе ўжо праблематычна. Карацей, мы прывучылі людзей і да добрага стаўлення да артыстаў, і да якаснай сцэнічнай дзеі. Нейкага халтурнага гастралёра яны ўжо проста не ўспрымуць. Мы і аўтобус набылі, у тым ліку, для таго, каб ахвотныя маглі наведаць Мінск, Магілёў.
— Мы сёння ўсё часцей кажам пра неабходнасць сацыяльнага партнёрства. Якім яно вам бачыцца ў асобна ўзятай вёсцы?
— Прывяду канкрэтны прыклад. Калісьці прапанаваў выкладчыкам і агульнаадукацыйнай школы, і школы мастацтваў ладзіць у нашай кавярні вечары для дзяцей з запрашэннем цікавых асоб — да прыкладу, мадэльераў, мастакоў ці артыстаў. Справа пайшла, але на сёння спынілся. Я — чалавек, прыхільны да вельмі адміністратыўных метадаваў кіравання, але цудоўна разумею, што ў прасторы, дзе рэй вядзе творчасць, катэгарычнымі загадамі нічога не зробіш. Тым не менш, застаюся пры сваім цвёрдым меркаванні: без саюза работнікаў ДШМ, сярэдняй школы і дзіцячага садка пра ўсебаковае выхаванне падрастаючага пакалення казаць даволі складана. З рахункаў я не скідваў бы і супрацоўніцтва з вясковым духавенствам. У нас з айцом Сергіем, да прыкладу, вельмі шчыльныя кантакты...
— Вы кажаце, аплата любога мерапрыемства, арганізаванага аддзелам культуры, пад сілу любому сумленнаму гаспадарніку. Але чаму яшчэ так мала вашых паслядоўнікаў?
— Не мне судзіць маіх калег. Але справа тут не ў колькасці грошай, што выдаткоўваюцца на культуру (выкарыстоўваем іх для гэтага ні многа, ні мала, а ў меру), а ў тым, падаецца, каб кожны кіраўнік адчуваў пры гэтым адказнасць за тое, што робіцца наўкола.
— Як ставіцеся да таго, што ўстановы культуры абавязаны развіваць пазабюджэтную дзейнасць?
— Вельмі станоўча. Але прафесійны спорт нельга параўноўваць з фізічнай культурай. Грошы тут, натуральна, — не самамэта, а паказчык запатрабаванасці тых або іншых паслуг. А што яны павінны быць сучаснымі, яркімі і запатрабаванымі — неаспрэчна.
— Апякунскія саветы ў сферы раённай культуры…
— ...Патрэбны тады, калі ствараюцца не з дапамогай “адміністратыўных рэсурсаў”. Я ўжо казаў, што фармалізм у культуры — вельмі небяспечны. І такія саветы не павінны стаць бяздоннай “грашовай кішэняй”, іх мэта — каардынацыя дзеянняў і заахвочванне сапраўды адметных ініцыятыў. Капейчыну трэба старанна лічыць, і неабходна дакладна ведаць, што атрымаецца на выхадзе любога праекта... Міхаіл Фінберг пры апошняй сустрэчы прапанаваў наступным разам прыехаць з цэлай серыяй дзённых канцэртаў: аркестранты, разбіўшыся па групах, выступяць у школах, дзіцячым садку, у арганізацыях, а ўвечары адбудзецца агульнае выступленне. Прапанова — вельмі карысная, але трэба падлічыць, у якую суму яна нам абыдзецца...
Алег Портнік — не адзіны спонсар рэгіянальнай культуры. З поспехам шчыруюць на гэтай дзялянцы старшыня СВК “Калгас Радзіма” Васіль Белы, старшыня СВК “Калгас імя Тэльмана” Юрый Зямскоў.
Замест Коды
У аддзеле культуры не пярэчаць: мерапрыемствам іншым разам не хапае рэкламы, у тым ліку і камп’ютарнай. А вуліцам і завулкам райцэнтра ды вёсак — яркіх і падсветленых увечары банераў з абавязковай пазнакай культурных адметнасцей, якія ўстановы прапаноўваюць ахвотным. Урэшце, з такім інфармацыйным забеспячэннем і інвестараў шукаць будзе непараўнальна лягчэй. Дарэчы, менавіта з дапамогай Сеціва Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь “Ансамбль народнай музыкі і песні “Жытніца” знайшоў сяброў у Расіі, Прыбалтыцы, Аўстрыі, Малдове (кожная з гэтых краін — патэнцыйны ўдзельнік будучага Фестывалю малых гарадоў).
Але галоўнае бачыцца ў іншым. У горада і раёна ёсць памкненне стаць гэткім цэнтрам самабытнага мясцовага мастацтва. Сапраўды, кожнае наша мястэчка проста абавязана стаць заканадаўцам моды на адмысловае стаўленне да ўласнай гісторыі, традыцыйных абрадаў, спрадвечных звычак. І тут, як падаецца, немалаважна не толькі шанаваць сваю мінуўшчыну, але і дбаць пра шляхецкі, так бы мовіць, этыкет, якім і вызначаліся ў Еўропе нашы продкі. А тагачасныя выбітныя асобы, як вядома, жылі збольшага не ў сталіцах, але ж і ў правінцыі шанавалі жывапіс, балет ды класічную музыку… А тым часам у Клічаве аддзел культуры рыхтуе чарговы салонны вечар у мясцовым краязнаўчым музеі. І на запрашальніках, як і заўжды, пазначана: “Наведанне ў вячэрніх строях — вітаецца”. Як тут не згадаць чалавекалюбныя высновы кіраўніка “Добраахвотніка” Алега Портніка: кожны самадастатковы заўжды павінен быць “у форме”. І гаворка пры гэтым збольшага не пра смокінгі і вячэрнія сукенкі, а — пра адпаведнасць добрых слоў-памкненняў і не менш высакародных учынкаў.
Фота аўтара