Міфалогія буслоў

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Гомельшчына: ідэя на два гарады

/i/content/pi/cult/367/7085/2-2.jpeg

Гэтымі днямі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі працуе выстаўка "Буслы" - сумесны праект веткаўскіх і гомельскіх музейшчыкаў. Аўтар ідэі - дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава Галіна Нячаева.

- Сённяшняя выстаўка, - распавядае яна "К", - лагічны працяг праекта "Душа мая, птах". Больш за дваццаць гадоў збіралі мы ўсё, што звязана з вобразам птушкі. Гэта - замовы, кніжныя арнаменты, вышыўкі, разьба на ліштвах і аканіцах... Чаму паўліны на веткаўскіх ручніках паўтараюць выявы гэткіх жа птушак з антычных часін? Чаму і праз тысячагоддзі душа атаясамліваецца з летуценным птахам?

Адказы на гэтыя пытанні і спрабуюць даць "Буслы". Цэнтр экспазіцыі - вясковая буслянка. Вакол гуртуецца ўсё тое, што датычыцца міфалогіі бусла: повязь са старадаўнімі арнаментамі, з культам агню і сонца, з абрадавасцю Гомельшчыны. Дарэчы, калядоўшчыкі тут вадзілі на Шчодрую Куццю не толькі казу, але і бусла...

Дадзены праект - адзін са шматлікіх у шматгадовай планавай дзейнасці Веткаўскага музея народнай творчасці. І кожны (экспазіцыйны, выдавецкі ці навукова-экспедыцыйны) станавіўся знакавым і прымнажаў славу ўстановы. Безумоўна, музей гуртуецца вакол асобы. Такой асобай быў Фёдар Шкляраў - неўтаймоўны збіральнік і даследчык веткаўскай стараверскай даўніны. Такой асобай застаецца і Галіна Нячаева, не толькі этнограф ад Бога, але і цудоўная паэтка, цікавы мастак-графік. Яна - сённяшняя душа музея, гэткі смелы птах, што не баіцца паднябесных вышынь, нястомна і паспяхова праяўляе свой яркі, як вясновая вясёлка, талент у самых розных відах творчасці. Цяпер рыхтуе два чарговыя паэтычныя зборнікі з уласнаручнымі ілюстрацыямі. Гэтае адхланне - як абавязковая ўмова для існавання чалавека, які не толькі навукова-творчай дзейнасцю займаецца, але і гаспадарчыя пытанні штодня вырашае. Словам, вершы і маляванне - для таго, каб душа, як птах, лятаць не развучылася...

За плённую творчую дзейнасць Галіна Нячаева ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Чарговы праект музея ў намінацыі "Навуковая дзейнасць" будзе прымаць удзел у конкурснай праграме Першага Нацыянальнага форуму "Музеі Беларусі", што 12 - 14 кастрычніка пройдзе ў Гродне.


На здымку: Галіна Нячаева вядзе экскурсію па выстаўцы "Буслы".

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"