Праекты для Музея, але — без шоу

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Канферэнцыя: якой стане зала нумар 76

 

Вонкавае аблічча будучага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўражвае велічнай архітэктурай нават у макетах. Не менш канцэптуальнымі маюць зрабіцца і экспазіцыйныя залы ўстановы, якая ў перспектыве стане функцыянальным сацыякультурным комплексам.

Відавочна, стварэнне экспазіцый, насычаных апошнімі ноу-хау тэхнічнай і музеязнаўчай думкі, патрабуе не толькі значных выдаткаў, але і комплекснага падыходу, што прадугледжвае абмеркаванне канцэпцый будучых залаў з удзелам айчынных і замежных спецыялістаў. Па словах дырэктара музея Сяргея Азаронка, сёння ўстановай вядзецца плённае супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. У прыватнасці, распрацоўкай інжынерна-дызайнерскіх праектаў залаў музея займаецца прыватная польская фірма, што выйграла міжнародны тэндар. Але, як падкрэсліў Сяргей Азаронак, у стварэнні якасных экспазіцый не менш важную ролю адыгрывае і кансультатыўнае супрацоўніцтва з калегамі з Расіі, Славакіі, Украіны, Германіі. Так, з удзелам нямецкіх музейных спецыялістаў праводзяцца заняткі па навуковым праектаванні экспазіцый.

Працягам гэтага дыялога стала навукова-практычная канферэнцыя "Праблемы экспазіцыйнага праектавання ў новай экспазіцыі", што днямі адбылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У аснову прадстаўнічага форуму лягло абмеркаванне праекта стварэння экспазіцыі ўсяго адной залы пад нумарам 76, што мае папярэднюю назву "Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі. Смаленская бітва. Змаганне пад Масквой. 1941 - 1942 гг.".

Калі сёння музей налічвае 24 экспазіцыйныя залы, то ў новым будынку іх будзе ўсяго 10. Аднак якіх! Да прыкладу, плошча адной з іх будзе мець 1000 квадратных метраў.

Але вернемся за залы № 76. Як адзначыла Галіна Бабусенка, сярод іншага, у новай экспазіцыі будуць адлюстраваны першыя гадзіны нападзення фашысцкай Германіі на СССР. Да прыкладу, пры расповедзе пра абарону Брэсцкай крэпасці будзе прадстаўлена гімнасцёрка лейтэнанта Наганава, знойдзеная на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, а таксама пісталет героя, які загінуў у першыя дні вайны. Не абыдзецца экспазіцыя і без знакавых плакатаў часоў Вялікай Айчыннай кшталту "Родина-Мать зовёт!", жывапісных палотнаў, што перадаюць маштаб трагедыі і мужнасці народа.

Асобная частка экспазіцыі будзе прысвечана абароне Мінска. Дапамогай у візуалізацыі адзначанага фрагмента нашай гісторыі стане дыярама. Акрамя таго, упершыню ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай будзе грунтоўна прадстаўлена Пінская ваенная флатылія, яе гераічны ўдзел у абароне нашай краіны.

Калі ж казаць пра ноу-хау гэтай выставачнай залы, то нельга не адзначыць адмысловы "туманны" экран FogScreen. У выніку выкарыстання музеем даволі нятаннага "цуду тэхнікі" можна будзе не толькі ўбачыць трохмерную выяву той або іншай падзеі, але і ўвайсці ў яе прастору, адчуць "на сваёй скуры" драматычную атмасферу, дакрануцца да гісторыі. Варта толькі сказаць, што такімі экранамі могуць пахваліцца адзінкавыя музеі з усяго свету.

Не забыліся распрацоўшчыкі новай экспазіцыі і на падрастаючае пакаленне. Як адзначыла Галіна Бабусенка, практычна ў кожнай зале музея будзе створана педагагічная станцыя - новая адметнасць установы. Тое зусім не выпадкова: 80 працэнтаў наведвальнікаў складаюць менавіта школьнікі.

З іншага ў новай экспазіцыі можна вылучыць шматфарматную відэапраекцыю, што будзе размешчана ў цэнтры залы і візуальна прадэманструе налёт нямецка-фашысцкай авіяцыі на тэрыторыю Беларусі ў першыя гадзіны вайны. Акрамя таго, прадугледжана і некалькі сэнсарных інфакіёскаў, дзе будзе змешчана інфармацыя, у тым ліку алічбаваныя музейныя прадметы, што не ўвайшлі ў асноўную экспазіцыю... Відавочна, музей у новых залах будзе імкнуцца да максімуму інфарматыўнасці. Аднак ці зможа наведвальнік адразу ўспрыняць столькі цікавай інфармацыі?

На думку Тамары Казаковай, намесніка дырэктара Дзяржаўнага Цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі, сёння пры стварэнні сучасных музейных экспазіцый вельмі важным з'яўляецца адбор экспанатаў, выбар найбольш яркіх і запамінальных. Разам з тым, па яе словах, беларускі Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мусіць улічыць пры стварэнні экспазіцый і вельмі папулярны сёння музейны прыём па выкарыстанні наратыўнай, або, прасцей кажучы, апавядальнай гісторыі. Для гэтага неабходна ствараць і дэманстраваць гасцям музея відэа з успамінамі ветэранаў вайны - гэта дазволіць не толькі прадставіць баталіі, але і прасачыць за лёсам чалавека на вайне, што, у сваю чаргу, дапаможа зразумець кожнаму ўсе яе жахі. На думку госця канферэнцыі, трэба ўлічваць, што найноўшыя тэхналогіі праз час могуць істотна састарэць.

Акрамя таго, на думку літаральна ўсіх удзельнікаў канферэнцыі, нельга ператвараць музей у шоу, але і заставацца сёння на ўзроўні колішніх краязнаўчых музеяў таксама нельга. Гэта тычыцца не толькі музеязнаўчага, але і навуковага аспекту. Па словах доктара гістарычных навук, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Уладзіміра Кузьменкі, вельмі важна, што супрацоўнікі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай пры стварэнні экспазіцый імкнуцца максімальна выкарыстоўваць новыя даныя даследаванняў айчынных і замежных гісторыкаў, архіўныя крыніцы.

 

 

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"