Пане Каханку і мечнікава княгіня

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

"Да свавольстваў заўсёды люба…": “канфедэратка” з сэрцам... рымлянкі

/i/content/pi/cult/367/7080/1-1.jpegШто аб'ядноўвае знакамітага ў нас Станіслава Радзівіла, вядомага па мянушцы Пане Каханку, і не менш славутага ў Францыі пісьменніка Жака-Анры Бернардэна дэ Сэн-П'ера? Вядома ж, жанчына! Вобраз гэтай паненкі адлюстраваны ў найбольш вядомым творы Жака-Анры "Поль і Вірджынія", у аснове якога - гісторыя кахання двух юных сэрцаў.

Гэты твор, несумненна, звязаны з жыццём самога Ж.-А. Бернардэна дэ Сэн-П'ера, а дакладней - з яго каханай. Прататыпам галоўнай гераіні, Вірджыніі, стала першая жонка Караля Станіслава - Марыя Любамірская, жанчына, якой захапляліся і на якую глядзелі з зайздрасцю. Гэта пра яе Бернардэн дэ Сен-П'ер пісаў: "...Ейная прыгажосць зусім не выключная, але шарм і розум вартыя пакланення". Ён захапляўся яе ўсебаковай адукаванасцю і інтарэсамі, адзначаючы пры гэтым і такую арыгінальную падрабязнасць: усё прачытанае яна канспектавала ў асобнай кнізе, куды запісвала "найлепшыя дзеі і думкі". Ён назваў яе жанчынай, якая спалучала ў сабе сэрца рымлянкі з прывабнасцю францужанкі. Іншыя лічылі інакш: яны бачылі ў ёй заклятага палітычнага ворага, характарызуючы яе як жанчыну "невялікую, размаляваную да немагчымасці, злую, як тыгр". Дык хто ж такая была Марыя Любамірская?

Марыя Караліна нарадзілася 5 жніўня 1730 г. у сям'і Яна Казіміра Любамірскага і Уршулі Браніцкай. Яна была іх адзіным дзіцем. Пасля заўчаснай смерці бацькі ў 1737-м выхоўвалася ў родавым Глогаве ды Беластоку ў свайго дзядзькі - гетмана Яна Клеменса Браніцкага, была яго любіміцай. Захаваліся лісты Марыі  - з прыпіскамі на лістах маці - да гетмана, напісаныя яшчэ дзіцячым нязграбным почыркам у 1739 г. з Вроцлава, дзе яна вучылася ў адным з манастыроў. Рашучая дзяўчынка паведамляе дзядзьку: 
"...Вучуся лепш, але да свавольстваў заўсёды люба". І запэўнівала: "Па-нямецку ўжо размаўляю добра". У 20 гадоў яна была даволі сталай дзяўчынай не толькі для замужжа, але і для пасвячэння ў палітычныя сакрэты, тым больш, што прэтэндэнтам "на яе руку і сэрца" быў французскі Пасол у Польшчы - маркіз Дэ Ісар. У 1753 годзе пасля ад'езду з Рэчы Паспалітай французскага канкурэнта два вялікія гетманы - польскі, Ян Клеменс Браніцкі, і літоўскі, Міхаіл Казімір Радзівіл "Рыбанька",  - падрыхтавалі шлюб Марыі з Каралем Станіславам Радзівілам, які насіў тады тытул мечніка літоўскага. Вырашальныя перамовы паміж гетманамі прайшлі ў ліпені 1753-га ў Беластоку. Змовіны адбыліся 26 верасня ў Глогаве, а 23 кастрычніка таго ж года біскуп пшамыскі Вацлаў Еранім Серакоўскі благаславіў шлюб Марыі з Пане Каханку./i/content/pi/cult/367/7080/1-3.jpeg

...Аднак чаканні старэйшага пакалення не супалі з жаданнямі маладых. 19-гадовы Караль катэгарычна не хацеў жаніцца і ў дзень вяселля "быў у прыкметным падпітку", а Марыя праз два тыдні кінула мужа. Нягледзячы на намаганні гетмана Радзівіла, які ўвесь час панукваў сына суправаджаць жонку, шляхі Марыі і Караля працягвалі разыходзіцца. У жніўні яны ненадоўга з'явіліся ў Нясвіжы і былі сустрэты вельмі пампезна. Адтуль гетман правёў маладажонаў у падоранае ім Мірскае графства, аднак Караль і Марыя ўпарта працягвалі пазбягаць адно аднаго. Акрамя таго, яны паехалі ў розных экіпажах на сойм у Варшаву, дзе разлад паміж маладымі стаў здабыткам грамадскасці. 7 лістапада 1754-га Караль з'ехаў з бацькам у Нясвіж, а Марыя засталася з маці ў сталіцы. Гэта было іх канчатковае расстанне. У жніўні 1756 г. Караль Станіслаў Радзівіл распачаў працэс аб прызнанні шлюбу несапраўдным, матывуючы гэта прымусам з боку бацькі. Справа завяршылася восенню 1760-га.

/i/content/pi/cult/367/7080/1-2.gifМаладая і разведзеная, Марыя разам са сваёй маці стала адной з палітычных дарадчыц Браніцкага. Яна зблізілася з французскім паслом у Польшчы  - графам Дэ Бральі - і з агентам асабістай тайнай дыпламатыі Людовіка XV - Франсуа-Мары Дзюранам. Паступова Марыя цалкам уцягнулася ў палітыку. Можна сказаць, што яна, жывучы ў сталіцы, выконвала функцыю сувязнога паміж французскім і імператарскім пасольствамі. Марыя нават імкнулася праз французскі двор атрымаць ад Папы Рымскага запэўненне ў тым, што ён не прызнае выбары Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таксама заклікала да стварэння мясцовых канфедэрацый. Таму невыпадкова, што ў ейным жыцці якраз у гэты момант, з'явіўся Жак-Анры Бернадэн дэ Сэн-П'ер - малады афіцэр інжынерных войск. Раман з ім быў нядоўгім. Ужо ў верасні 1764 г. Бернардэн з'ехаў у Вену, атрымаўшы ад Марыі грошы на дарогу. Магчыма, што Марыя Радзівіл хацела зрабіць з яго палітычнага агента, для чаго "кавалер" зусім не падыходзіў. І калі Бернардэн працягваў шукаць сустрэч з ёю яшчэ ў 1769 - 1770 гадах, то ў лістах Марыі пасля 1767-га не засталося і следу ад зацікаўленасці чалавекам, якому наканавана было стаць знакамітым пісьменнікам.

Марыя Радзівіл у гэты час была ўжо некалькі гадоў звязана з Францішкам Сулкоўскім. Верагодна, што яна разглядала магчымасць назаўжды пасяліцца з ім у Францыі. Тым больш, Францішак быў чалавекам разведзеным, а значыць  - "свабодным", які зрабіў кар'еру ў расійскай і аўстрыйскай арміях. Аднак палітычныя інтарэсы па-ранейшаму перакрывалі яе ўласнае сямейнае шчасце. Першыя весткі аб Барскай канфедэрацыі Марыя ўспрыняла як нешта выпадковае. Але потым зразумела, што "будзе вялікая бяда", і стала заўзятай "канфедэраткай", як бы ні было складана вызначыць яе палітычную арыентацыю. Па-першае, Марыя была "вострая на язык" і мела вельмі бурны тэмперамент, па-другое, яна апынулася ў эпіцэнтры сутыкнення вельмі непаслядоўнай барскай дыпламатыі з не менш непаслядоўнай у польскім пытанні палітыкай Францыі. Пастаянная палітычная барацьба значна адбілася на яе здароўі. У свае няпоўныя 40 гадоў яна часта пакутавала ад мігрэняў і істэрык.

Вяселле з Францішкам Сулкоўскім павінна было адбыцца ў 1771-м пасля Вялікадня. У красавіку 1771 г. Сулкоўскі ўсё яшчэ знаходзіўся побач з Марыяй Радзівіл, але ўжо пагаворвалі, што вяселля не будзе да таго часу, пакуль жывы Браніцкі. У гэтым жа месяцы Францішак з'ехаў у Вялікапольшчу, а Марыя  - у Златарыю. Гэта стала канцом рамана былой жонкі Пане Каханку, тым больш, Марыя выдатна разумела, што Сулкоўскага, у якога было шмат пазык, прыцягвала толькі яе багацце.

Пасля смерці дзядзькі - гетмана Яна-Клеменса Браніцкага - у кастрычніку 1771 г. Марыя Радзівіл занялася спадчынай, вырашаючы шматлікія маёмасныя і сямейныя пытанні. Цяпер самымі блізкімі людзьмі для яе стала сям'я Пятра Патоцкага, жанатага на ейнай пляменніцы (з боку Браніцкіх). Яна ўзяла на выхаванне сыноў Пятра і прысвяціла шмат часу іх адукацыі. Так некалі неверагодна палітызаваная і свецкая дама паступова сышла ў цень...

Марыя пайшла з жыцця 10 студзеня 1795-га ў Тарнова і была пахавана там жа. Надмагільную пліту ў выглядзе абеліска ўстанавіў яе выхаванец Ян Патоцкі. Так скончылася зямное жыццё першай жонкі князя Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку - Марыі Любамірскай, княгіні мечнікавай, дамы-канфедэраткі, жанчыны, якая абавязак перад Радзімай паставіла вышэй за свае ўласныя інтарэсы.

Вольга НАВIЦКАЯ,

загадчык сектара па навуковай рабоце музея "Замкавы комплекс "Мiр"

На здымках: палац Браніцкіх у Беластоку, дзе прайшло дзяцінства Марыі Любамірскай; помнік Жаку-Анры Бернардэну дэ Сэн-П'еру і героям яго твора; старадаўняя літаграфія з выявай Мірскага замка.