Дык званіў ці не званіў Гарбачоў?, або Пра што ніколі не пісаў Максім Танк

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

А наперадзе ж — яшчэ 80 старонак чыткі “з алоўкам”: нататкі на палях дванаццатага тома Збору твораў класіка

/i/content/pi/cult/367/7079/10-1.jpeg

Год кнігі, адной з ключавых дат якога з'яўляецца векавы юбілей з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка, для прыхільнікаў і даследчыкаў творчасці класіка айчыннай літаратуры ХХ стагоддзя распачаўся не самым прыемным сюрпрызам. Не здзіўляйцеся, але я кажу пра дванаццаты том Збору твораў пісьменніка з эпісталярнай спадчынай, што трапіла ў амаль тысячастаронкавую кнігу. Дакладней - пра тое, як лісты паэта былі расчытаны і пракаменціраваны. І адразу прашу прабачэння, калі чытаў кнігу занадта ўважліва. Проста, спатыкнуўшыся на пэўнай недарэчнасці аднойчы, пачынаеш далей ісці куды больш абачліва. З аловачкам у руках, як і робяць зазвычай філолагі...

Том гэты, дарэчы, набыў пад час лютаўскай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу не выпадкова: маю папярэднія адзінаццаць, пэўныя творы перачытваю, нешта дапамагае ў працы. Зрэшты, натуральныя функцыі любога Збору твораў. Тым больш - акадэмічнага, створанага ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Пагадзіцеся, брэнд, сфарміраваны пакаленнямі, знак якасці, годны павагі. Але ў гэтай рэпліцы, якая, на жаль, не па віне Танка набыла такі маштабны фармат, хачу сказаць пра тое, як марку бывае вельмі проста страціць. Пагартаем дванаццаты том разам?

/i/content/pi/cult/367/7079/10-2.jpeg"Жалезная логіка"?,

або Ініцыял - справа

тонкая...

Вось самы першы ліст Танка, змешчаны ў томе. Адрасат - Аляксандр Аксёнаў. Паводле каментарыя - "дзяржаўны і партыйны дзеяч БССР". І ўсё, больш ні слоўца. А з афіцыйнага звароту ў асноўным тэксце вынікае, што гэта - "другі сакратар ЦК КБ Беларусі". (Так, менавіта КБ, а не КПБ. Калі апіска Танка - дзе тлумачэнне? - С.Т.) Падавалася б, чаму не сумясціць два радкі і не падаць іх агулам у каментарыі, дадаўшы яшчэ хоць колькі штрыхоў і дат да біяграфіі адрасата? Так, магчыма перапіска з ім насіла аднаразовы дзелавы характар, ды як без сістэмы з боку каментатара: пра аднаго адрасата пішам шмат, пра іншага - ні радка?

Як доказ апошняга тэзісу - змешчаны літаральна праз старонку, таксама адзіны, ліст паэта да Юрыя Андрэева. Каментатар палічыў неабавязковым наогул тлумачыць, хто ж такі Андрэеў, назваць гады ягонага жыцця, абумовіць характар стасункаў з Максімам Танкам. Маўляў, з ліста ўсё зразумела. Але чаму тады ў наступным лісце да старшыні Гродзенскага аблвыканкама ў 1987-м у якасці каментарыя пазначана перапісанае з асноўнага тэксту: "Арціменка Дзмітрый Канстанцінавіч - старшыня Гродзенскага аблвыканкама"? Падаецца, класічны прыклад "масла масленага", ды яшчэ без дат жыцця ці, прынамсі, знаходжання адрасата на дадзенай пасадзе. А мо справа ў тым, што пад памылковым, скажам так, псеўданімам "Арціменка" каментатарамі сцвярджаецца асоба, чыё прозвішча - Арціменя? Так, менавіта Дзмітрый Арціменя на той час з'яўляўся старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Зноў жа: чыя недакладнасць і дзе адпаведнае тлумачэнне?

Тое ж пытанне, да прыкладу, датычыцца пераблытаных ушчэнт ініцыялаў і прозвішча колішняга старшыні Смаргонскага райвыканкама Аляксандра Іванавіча Юзафовіча (а не Юзеровіча) у лісце 1984 года (неяк звярнуў на яго ўвагу, гартаючы кнігу, хоць, паўтаруся, не чытаў яшчэ некалькі дзясяткаў апошніх яе старонак) і каментарыі да яго. У рэдакцыйнай пазнацы ліста - "А.І. Юзеровіч", у "шапцы" самога ліста - "А.І. Юзеровіч", у рэдакцыйнай пазнацы каментарыя - таксама "А.І. Юзеровіч", а вось у звароце паэта і самім каментарыі "А.І." ператвараецца ў "Івана Аляксандравіча". Нечытэльны почырк паэта? "Апазнаць" прозвішча, імя ды імя па бацьку мне дапамагла кніга "Памяць" па Смаргоншчыне. Скарыстаўшыся ёй, лічу, у каментарыі мог бы з'явіцца радок кшталту: "Апіска Танка, правільна чытаць так: ...". Апроч таго, каментарый да ліста - такі ж "масламаслены" і неканкрэтны, як і ў выпадку з Арціменем: "Старшыня Смаргонскага райвыканкама". Зноў жа, перапытаю: у які час?

Аналагічныя выпадкі - і ў каментарыях да лістоў такім асобам, як Захар Матузаў - "дырэктар дзяржаўнага выдавецтва "Беларусь", Уладзімір Махавікоў - "намеснік міністра меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР", Юрый Міхневіч - "міністр культуры БССР"...

Ланцужок пытанняў пасля такіх "разгорнутых" і "насычаных фактамі" тлумачэнняў застаецца значна даўжэйшы за "Што? Дзе? Калі?". Таму на падобным фоне пераблытаныя, відаць, сямідзесяціпяцігадовым аўтарам імя і імя па бацьку кіраўніка шэрагу органаў улады Брэстчыны, прынамсі, у 1986-м - 1987-м, Зеляноўскага ("Анатоль Антонавіч" і "Аляксандр Антонавіч") і не ўдакладнены каментатарамі факт недакладнасці пры наяўнасці даведкі па асобе выглядаюць у гэтай кнізе амаль шарагова.

Дарэчы, згаданая вышэй сітуацыя, калі каментатары палічылі за лепшае пакінуць нас наогул без даведак пра адрасатаў, паўтарылася ў тлумачэннях да лістоў Марціну Бенеду, Іосіфу Гапановічу, Гарліцкаму, Галіне Гарэцкай ды многім-многім іншым... Усе яны ўтрымліваюць толькі дату і месца захоўвання арыгінала. Мне ж проста хацелася б зразумець "жалезную логіку" вылучэння (Або, хутчэй, "кастынгу"? - С.Т.) каментатарам асоб, пра каго цікава і нецікава даведацца чытачу.

Магчыма, "Паўлік",

або Дзе ж знік

Стэфан Атлас?

Аднак працягнем наша падарожжа па лістах да адрасатаў, чыё прозвішча пачынаецца на літару "А". Нейкая асабліва "ўраджайная" на пытальнікі на палях яна, гэтая літара, атрымалася.

Вось, скажам, амаль адразу за разгледжанымі вышэй, - каментарый наступнага зместу да падзякі Стэфану Атласу: "Атлас Стэфан - пераклаў "Лісткі календара" на польскую мову - дзённікі Максіма Танка, якія паэт вёў з 1935 па 1940 г. "Лісткі календара" былі апублікаваны яшчэ пры жыцці Максіма Танка (кн: Tank Maksym. Kartki kalendarza. Warszawa, 1977)". Акрамя не зусім зразумелай пунктуацыі, зноўку маем тое, што вынікае з самога ліста, плюс інкарпараваны сюды каментарый (па ідэі, ён мае быць асобным і становіцца такім на іншых старонках тлумачальнай часткі тома) да кнігі "Лісткоў календара". Дарэчы, згадваючы кнігу 1977-га, варта было б удакладніць, што дзённікі былі апублікаваны менавіта на польскай мове яшчэ пры жыцці Максіма Танка, бо першае іх выданне пабачыла свет у 1970-м па-беларуску.

Але ж пытанне маё як чытача з вышэйшай філалагічнай адукацыяй нават не ў гэтым: дзе знік у прыведзеным нагрувашчванні фактаў сам Стэфан Атлас? Няўжо біяграфія перакладчыка настолькі недасяжная? Прынамсі, адным пошукавым запытам у Інтэрнэце мне ўдалося знайсці згадку пра яго. А калі скарыстацца якім-небудзь літаратурным зборнікам ці даведнікам, мяркую, знойдзецца куды больш.

Самае ж цікавае, што перадапошні ліст паэта, змешчаны ў гэтай кнізе (каментарый да яго - акурат на тым жа развароце, дзе і пачатак Зместу тома), як мяркуюць тлумачальнікі, таксама адрасаваны Танкам Стэфану Атласу. І гісторыя паўтараецца: "Магчыма, у якасці адрасата выступае С.Атлас, польскі перакладчык (вынікае з кантэксту ліста)". Энцыклапедычны, даведачны ды іншыя кантэксты для каментатараў засталіся "па-за...".

Дарэчы, слова "магчыма" ў каментарыях здзіўляла неаднойчы.

Вось, бадай, самы яркі прыклад яго выкарыстання там, дзе ўсё, падавалася б, відавочна. На старонцы 797 даецца даведка па асобе Самуіла Мікітавіча Малько, дзе напісана ўсё канкрэтна (заўважце, без адцення верагоднасці або няпэўнасці): "Малько С. - маецца на ўвазе Малько Самуіл Мікітавіч (1905 - 1988) (партыйныя псеўданімы "Паўлік", "Грыц") - дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, адзін з кіраўнікоў КПЗБ, член ЦК, з якім Максім Танк меў стасункі ў падполлі з 1932 да 1939 г.". Адным з псеўданімаў Малько, як бачым, з'яўлялася мянушка "Паўлік", пра што адназначна пазначана ў гэтым каментарыі. Гэтае колішняе падпольнае імя адносна асобы Малько неаднойчы скарыстоўваў у перапісцы і сам Танк. Ёсць, адпаведна, і іншыя згадкі пра дадзеную асобу ў каментарыі, скажам, на старонцы 888 (са спасылкай на 797-ю),: "Паўлік - маецца на ўвазе Малько Самуіл, які меў партыйны псеўданім "Паўлік". Ніякіх "магчыма", ці не так?

Аднак ліст да самога Малько (у асноўным тэксце чамусьці пададзены ў рэдактарскай пазнацы з ініцыяламі "П.Н.", а ў каментарыі - ужо, як і мае быць, - "С.М.") пачынаецца словамі "Дарагі дружа Паўлік!". І вось тут у каментатараў чамусьці ўзніклі сумневы. Гэты зварот патлумачаны наступным чынам: "...Магчыма, размова ідзе пра Самуіла Малько (1905 - 1988), у якога быў партыйны псеўданім "Паўлік". Дык чаму ж цяпер раптам узнікла няўпэўненасць?

Чатыры словы,

або Што пад рукой

у каментатара?

Часам пры чытанні тома складвалася трывалае ўражанне, нібыта каментатары кіраваліся прынцыпам: маўляў, якія ёсць звесткі пад рукой, тое і скарыстоўваецца. Але ж ці заўжды дастаткова гэтага, скажам шчыра, каментатарскага "прынцыпу абмежаванасці", што аніяк не пасуе даследчыку, які працуе над зборам твораў, над спадчынай пісьменніка наогул?

З ліста Максіма Танка да паэта Міхася Васілька ад 13 лютага 1955 года: "Мне здаецца, што ў Гродна паехаць Табе варта. Людзі там (сакратары абкома т. т. Калінін і Эльман) харошыя і яны табе дапамогуць". Адгортваем каментарый на старонцы 736. У даведках пра Пятра Калініна і Андрэя Эльмана прыводзяцца даты, калі яны займалі розныя пасады, ранейшыя за 1955 год. Прычым апошняе, што пазначана пра Калініна, - "з 1948 г. - намеснік старшыні СМ БССР", а пра Эльмана - "у 1948 - 1952 гг. - намеснік старшыні Палескага аблвыканкама". Ну а на пасадах сакратароў Гродзенскага абкама партыі працавалі ў якія гады? Не перашкодзіла б у каментарыі гэта ўдакладніць.

Гэткая ж гісторыя - з дэпутацкім зваротам да старшыні Брэсцкага аблвыканкама Уладзіміра Грыгор'ева: дат ягонай працы на гэтай пасадзе (1983 - 1985 гг.) у каментарыі няма, затое ёсць час старшынства яго ў Віцебскім аблвыканкаме, пазначаны даты працы Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом нашай краіны ў Расійскай Федэрацыі і інш. Таксама ў кнізе, падпісанай да друку 14.11.2011 года, не пазначана, што Грыгор'еў пайшоў з жыцця ў жніўні 2011-га. Падаецца, месца для гэтай даты можна было б знайсці. Усяго ж чатыры знакі! Ды і часу заставалася, карыстаючыся канцылярызмам, амаль цэлы квартал...

Урэшце... Мо для чытача гэтыя асобы не будуць мець важнага значэння пры чытанні перапіскі Танка, але прынцып сістэмнасці патрабуе, прынамсі, большай уважлівасці ў падборы дат для біяграфій.

Сказанае вышэй датычылася дзяржаўных дзеячаў. Ну а пісьменнікі? Падаецца, каментатар з акадэмічнага Інстытута тут як "рыба ў вадзе". Аднак у слоўным моры - неяк засушна. Вось, скажам, паэт Адам Русак з "інтэрвалам" у шэсць старонак двойчы пракаменціраваны аднолькава і па-канцылярску стрымана: "Русак Адам Герасімавіч (1904 - 1987) - беларускі паэт. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1964)". І ні зборнікаў, ні ўсенародна любімых песень, як "Бывайце здаровы!", не названа. Як і не было.

Анатоль Вялюгін, які даволі часта згадваецца ў лістах паэта 1950 - 1970-х, трапіў на пачатковыя старонкі каментарыя без пазнакі імені па бацьку, хаця побач з ім згаданы Брыль Іван Антонавіч і Шкраба Рыгор Васільевіч. Пра імя па бацьку паэта можна даведацца з паўторнага спасылачнага каментарыя толькі праз 125 старонак, і тое - з аўтарскага "Анатоль Сцяпанавіч", а не з тлумачальнага тэксту!

А вось, скажам, Аляксей Карпюк у каментарыях упершыню згадваецца толькі ў даведцы да лістоў, адрасаваных Максімам Танкам паэтэсе Ларысе Геніюш, хоць у асноўным тэксце яго прозвішча фігуравала раней. Але і тут каментатары, мякка кажучы, не расшчодрыліся на словы. Атрымалася іх, апроч прозвішча, імя, імя па бацьку і гадоў жыцця, акурат пяць: "Беларускі пісьменнік, родам з Беласточчыны". Так, сцісласць - сястра таленту, але не ў такой жа ступені! Складваецца ўражанне, што перад намі, даруйце, максімум шараговы літаратар з замежжа, а не беларускі пісьменнік, аўтар дзясяткаў цудоўных твораў, якія трапілі ў навучальныя праграмы краіны. Нагадаем, жыў і працаваў Карпюк у Гродне поруч з Васілём Быкавым і згаданым вышэй Міхасём Васільком.

Напісаўшы гэта, натрапіў па сваіх пазнаках-закладках на новы рэкорд сцісласці. Каментарый да асобы пісьменніка Сяргея Грахоўскага папраўдзе "вычарпальны": "Беларускі паэт і празаік". Чатыры словы, акрамя гадоў жыцця, прозвішча, імя ды імя па бацьку. А хаця б адным сказам адзначыць, што Грахоўскі - чалавек трагічнага лёсу, які агульна амаль два дзесяцігоддзі правёў у ГУЛАГу, пісьменнік, які адным з першых распачаў тэму сталінскіх рэпрэсій у беларускай літаратуры?

Навошта выкрайкі паэту?,

або Што такое

"мастацтва Седа"?

Дарэчы, у тых самых лістах Максіма Танка да Ларысы Геніюш сустракаецца загадкавы "партрэт мастацтва Седа". Насамрэч, мне падаецца, што з кантэксту вынікае "мастацтваведа". А інакш, хто такі Сед? Або якое азначэнне мае гэтае мастацтва?

Пазней, у перапісцы з прафесарам-літаратуразнаўцам Уладзімірам Калеснікам (у двух лістах, размешчаных на адной старонцы) пераблыталася назва ўстановы, дзе апошні загадваў кафедрай: з педінстытута яна стала... медінстытутам. Зрэшты, можна зноўку сказаць: маўляў, почырк Танка складаны для расшыфроўкі. Магчыма. Але бадай кожны філолаг лёгка адкажа, дзе і ў які прыкладна час выкладаў вядомы крытык і літаратуразнаўца - прафесар Уладзімір Калеснік. Ці не так? Разыходжанне ў літару... Ці істотнае яно? А як жа тады праславутая коска, якая вырашае лёс чалавека: "Караць нельга памілаваць"? Мяркую, так, паколькі баласт далейшых недакладнасцей пры перадруку можа аказацца немалым.

Яшчэ адзін нечаканы момант прынёс пераклад аднаго з лістоў Максіма Танка да свайго польскага сябра Мацея Канановіча. Чамусьці сказ "Дзякую за "Wycinki z Kierunkow i Przekroju" займеў тлумачэнне на старонцы 802: "Часопіс з выкрайкамі адзення". Тут недакладнасцей некалькі. Па-першае, Танк ці ў спешцы, ці яшчэ з нейкай прычыны недакладна расставіў двукоссе ў назвах. Па-другое, часопісы гэтыя - літаратурныя, што вынікае з кантэксту ранейшых лістоў. Па-трэцяе, атрымаў наш паэт выразкі ці вытрымкі (а не выкрайкі!), відаць, са сваімі вершамі.

З адкрытай датай,

або Праліць святло

на пытальнік

Яшчэ адзін істотны, на маю думку, момант - логіка першай і наступнай згадак той або іншай асобы ў каментарыі. Скажам, Віктар Варашыльскі - паэт, перакладчык твораў Максіма Танка. Пры першай згадцы нам яго прадставілі гэтак: "Польскі паэт, празаік, перакладчык. Нарадзіўся ў Гродне. Мастацкія біяграфічныя творы прысвячаў М.Салтыкову-Шчадрыну, У.Маякоўскаму, С.Ясеніну". І ўсё. А дзе сувязь з Танкам, том з чыйго Збора твораў трымаем у руках? Ды вось яна, праз пяць старонак, - на 735-й! Толькі перад пералікам перакладных кніг чамусьці ўзнікла неабходнасць слова ў слова паўтарыць прыведзеную вышэй характарыстыку. А трэці каментарый (бліжэй да канца тома) прапануе яшчэ адну, скарочаную, версію тлумачэння.

Дык мо больш лагічна адзін раз адкаменціраваць, каб пасля спасылацца на першую згадку, як зроблена, да прыкладу, у аналагічнай сітуацыі з Янкам Брылём на старонках 725 і 732? Ды і наогул, ці патрэбна ў трэці, пяты, восьмы раз паўтараць нават спасылку на каментарый адносна асобы, што называецца пастаянна? Мо іх варта было, як і родзічаў Танка, пералічыць у пачатку тлумачальнай часткі? Калі ж паўтараць спасылкі, дык так, каб усё склалася ўпарадкавана, сістэмна і паслядоўна, а не, як кажуць, праз раз. А ў гэтай кнізе атрымліваецца нярэдка менавіта так.

Паказальны прыклад на старонцы 782, калі каментарый да аднаго ліста адносна Рыгора Шырмы даецца ў якасці спасылкі на першую згадку, а вось асоба літаратурнага крытыка Рыгора Бярозкіна ўдакладняецца па новай і па-іншаму. Усяго каментарыяў пра яго ў кнізе - ажно тры. Столькі ж разоў асобнага каментарыя ўдастоіўся польскі паэт Яраслаў Івашкевіч, двойчы - аднолькавага, адзін раз - скарочанага, але не ідэнтычнага з першымі. Пара каментарыяў з прынцыпова рознымі сэнсавымі акцэнтамі - "на рахунку" яшчэ аднаго паэта, Казімежа Яворскага.

На старонках каментарыя (асабліва ў першай яго палове) хапае і даведак пра вядомых беларускіх пісьменнікаў, дзе ў якасці спосабу падачы інфармацыі выбраны пералік рэгалій ды асобных іх зборнікаў, назвы якіх ператасаваны з дадаваннем і выключэннем асобных кніг, прычым - ці не кожным разам - у іншым парадку.

Асобны галаўны боль - пытальнікі ў датах жыцця асоб, пра каго піша ў лістах Танк, або нават у аналагічных датах саміх адрасатаў. У большасці падобных выпадкаў дамінуе пытальнік на месцы другой лічбы. Скажам, у лісце да Янкі Брыля згадваецца дзеяч КПЗБ Іван Малец. Каментатары прывялі дату яго нараджэння па старым і новым стылі (чамусьці, ці не аднойчы на ўсю кнігу, пазначана менавіта поўная дата - ды яшчэ са згаданымі варыяцыямі паводле двух стыляў!, - а не толькі год), а замест года сыходу асобы - загадкавае "200?".

Даруйце, але ж не пра ваенныя гады вядзецца гаворка: зварот у адпаведныя органы, падаецца, праліў бы святло на пошукі. Тое ж датычыцца дат смерці паэта Сяргея Новіка-Пеюна (замест пытальніка мусіць стаяць 1994 год), паэта-франтавіка Аляксандра Дракахруста (сышоў ад нас у 2008-м), армянскай паэтэсы Аршалуйс Маргар'ян (1987-ы)... А ў каментарыі да ліста, накіраванага ў свой час пісьменніцы Таісе Бондар, год яе смерці пазначаны каментатарам 2010-м (насамрэч - 2005-ы). Зноў жа: не такі даўні час - удакладніць проста і паводле прэсы, і ў Інтэрнэце.

Не хапае кнізе і ўдумлівага фактычнага каментарыя, калі многія падзеі, абставіны, пра якія паведамляецца толькі намёкам альбо недасказана, застаюцца нявысветленымі. Вось самае, на мой погляд, лёгкае. Знаёмы з біяграфіяй Уладзіміра Караткевіча чытач не зможа не супаставіць факты, прачытаўшы фразу з ліста Максіма Танка да той жа Геніюш: "У Кіеве сустрэў Калесніка, ад якога і даведаўся, што Уладзімір закахаўся ў Брэсце ў харошую дзяўчыну". Так, гаворка - пра знаёмства Караткевіча з будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай. Але дзе згадка пра гэта ў каментарыі? А такіх прыкладаў недаказу, а па сутнасці, праваленага кантэксту, - да жалю, мноства.

"Адзін Гаўрыла ў Полацку",

або Ці справядлівы

"папрок" Танку?

А вось "папрок" Максіму Танку ў "памылцы" наконт ідэнтыфікацыі старшыні Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку Р.В. Канавалава - дарэмны. Хоць сцвярджаюць каментатары (і неаднойчы!), што перад намі - рускі пісьменнік Р.І. Канавалаў, але - рацыю мае паэт, які таксама піша (і таксама неаднойчы), што Канавалаў, прынамсі, - чыноўнік. На дзіва, нават несупадзенне ініцыялу ў самім лісце да Р.В. Канавалава і каментарыі (там - "Р.І.") не прымусіла рабочую групу задумацца над разыходжаннямі. Як і апіска (паколькі няма каментарыя - не зразумела, чыя: Танка ці стваральнікаў тома), калі паэт у лісце да Ганны Новік называе таго ж Канавалава з ініцыяламі "І.В."

Яшчэ цытата і каментарый да ліста паэту Міколу Засіму, які, праўда, не ўносіць яснасці. Хутчэй, наадварот. "Калі пабачыш таварышоў з Ружаны, перадай ім прывітанні. Перадай прывітанні сваёй жонцы і Паплаўскаму. Зборнік свой, які я яму абяцаў, хутка вышлю". Адгортваем каментарый і чытаем, што гаворка вядзецца пра... Паплаўскага Георгія Георгіевіча, народнага мастака Беларусі. Факт, мякка кажучы, сумніўны: у 1953-м мастак, як ён нам патлумачыў, служыў у арміі. Да 1955 года. А з Танкам пазнаёміўся асабіста ў 1970-я. Відавочна, у лісце маецца на ўвазе зусім іншы чалавек з такім жа прозвішчам.

Паэт піша, цяпер ужо ў лісце да жонкі, датаваным 13 красавіка 1970-га: "Званіў Гарбачоў. Пытаўся, калі мы намячаем склікаць свой з'езд пісьменнікаў". Вы запытаецеся: маўляў, прычым тут усім вядомы Міхаіл Гарбачоў? А менавіта з ім, Міхаілам Сяргеевічам Гарбачовым, абазначаным у кнізе як "Генеральны сакратар ЦК КПСС (1985 - 1991), першы і адзіны Прэзідэнт СССР (15 сакавіка 1990 - 25 снежня 1991)", каментатары чамусьці супаставілі асобу пад гэтым прозвішчам. Аднак тут - нестыкоўка: у 1970 годзе Гарбачоў быў першым сакратаром Стаўрапольскага крайкама КПСС і дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (уваходзіў у склад камісіі па ахове прыроды). А гэтыя ж пасады Гарбачова па стане на год датавання ліста класіка відавочна ўказваюць на недакладную ідэнтыфікацыю асобы. З улікам гэтага, падаецца, прымаўка "Адзін Гаўрыла ў Полацку" паўстала ў сваёй актуальнасці?

А Максім Танк жа пісаў, хутчэй за ўсё, пра маскоўскага літаратурнага чыноўніка, які курыраваў у Саюзе пісьменнікаў СССР літаратуры саюзных рэспублік, перакладчыка Гарбачова, таксама, дарэчы, Міхаіла, але - не Сяргеевіча.

На мяжы з фантастыкай!

"Цікава" атрымалася і з жанчынай па прозвішчы Каржанеўская, згаданай у лістах Танка за кастрычнік 1960 года. Ад'язджаючы пад час працы чарговай сесіі ААН, у якой прымаў удзел ад Беларусі і Максім Танк, яна ўзяла з сабой па просьбе нашых дыпламатаў лісты дадому, якія вельмі марудна ішлі. Як нярэдка пісаў класік, "пошту вязуць на валах". Была там і перапіска паэта, аб чым ён паведамляе жонцы Любові Андрэеўне. У дачыненні да асобы, што пагадзілася выступіць "кур'ерам", у асноўным тэксце двойчы пададзена "тав. Каржанеўская" ("тав." у значэнні таварыш), а ў каментарый трапіла біяграфічная даведка пісьменніцы Галіны Каржанеўскай, якой на момант напісання ліста было... дзесяць гадоў.

Па праўдзе, выклікала пры чытанні сумневы і тое, што "жонка Астапенкі", якая прылятала, паводле Танка, 7 кастрычніка 1962 года ў Нью-Ёрк, - гэта менавіта жонка паэта Змітрака Астапенкі. Але спасылка на прозвішча "Астапенка" падаецца ў каментарыі так: "Астапенка Змітрок (Дзмітрый Емяльянавіч; 1910 - 1944) - беларускі паэт. Аўтар паэмы "Эдэм" (1944) і інш.". Ды ўсялякае бывае. Падумалася: калі маецца на ўвазе ўсё ж удава літаратара, які загінуў у 1944 годзе на фронце ў час Другой сусветнай вайны на перавалах Татраў, дык, пэўна, яна заняла высокую пасаду ці паўторна выйшла замуж, калі спяшаецца ў ААН да мужа, і, відаць, знаёмая Максіму Танку менавіта пад старым прозвішчам.

Але якім жа было маё здзіўленне, калі ўжо 15 кастрычніка Танк напісаў: "Сёння Астапенка запрасіў нас да сябе на вячэру". Дык атрымліваецца... сам загінулы паэт-франтавік Змітрок Астапенка, да якога, па меркаванні каментатараў, прыляцела жонка (а менавіта так аўтары каментарыя ідэнтыфікавалі названую ў лісце асобу), запрасіў... Максіма Танка з калегамі да сябе на вячэру! Ці ж не містыка ў чыстым выглядзе? Насамрэч, у 1961 годзе кіраўніком Пастаяннага прадстаўніцтва БССР пры ААН стаў тагачасны намеснік міністра замежных спраў БССР П.Астапенка.

Быццам бы разблыталі клубок? А вось і не! Колькі ні ўчытваўся ў наступны каментарый, ніяк не мог зразумець, якое дачыненне мае асоба, пазначаная ў ім, да абеду, што адбыўся 9 кастрычніка 1962-га ў Нью-Ёрку і апісаны ў лісце Максіма Танка да жонкі Любові Андрэеўны наступным чынам: "Сёння быў з сябрамі ў Паўла Яўменавіча. Жонка яго пачаставала нас бульбай, калбасой, салатам і нашым самым смачным мінскім чорным хлебам і салам". А цяпер каментарый: "Павел Яўменавіч - маецца на ўвазе Махіня Павел Яўменавіч (н. 1919) - Герой Савецкага Саюза (1944). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў камандзірам узбраення 333-га артылерыйскага палка (152-я стралковая дывізія, 28-я армія, 1-ы Беларускі фронт). Пасля вайны дэмабілізаваны. Працаваў галоўным механікам на камбінаце".

Шаноўныя каментатары, адкажыце толькі на адно пытанне: ці з'яўляецца прысутнасць пэўнай асобы ў складзе дэлегацыі ад рэспублікі ў ААН фактам, годным для ўключэння ў біяграфічную даведку той асобы? Ды несумненна, адкажаце вы! Чаму ж тады яго, факта, няма ў гэтым працытаваным абзацы? Ды таму, што "Федот, да не тот"! Згаданы кіраўнік Пастаяннага прадстаўніцтва БССР пры ААН П.Астапенка паўсюдна праходзіць (у рускамоўных дакументах) з ініцыяламі "П.Е.". Адпаведна, Павел Яўменавіч у дадзеным выпадку - гэта якраз ён, а не Герой Савецкага Саюза Махіня.

Каб завяршыць, нарэшце, тэму ААНаўскай перапіскі Танка, дадам, што ні ў адной са знойдзеных мной біяграфій земляка з Беласточчыны, знанага прафесара беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта Аляксандра Баршчэўскага (вядомага і як паэт пад псеўданімам Алесь Барскі) не знайшоў згадкі пра яго ўдзел у працы беларускай дэлегацыі. Не спасылаецца на падобны факт і даведнік "Беларускія пісьменнікі: 1917 - 1990", выдадзены ў 1994-м. Дык мо і не было факта? Зрэшты, каментатары Збору твораў Танка і не сцвярджаюць, што ён меў месца. Проста, да прозвішча "Баршчэўскі" - аднаго з членаў дэлегацыі БССР на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, пра якога піша ў дадзеным выпадку паэт, - падбіраюць каментарый з даведкай менавіта пра згаданага намі Аляксандра Баршчэўскага.

Працягнем пад дэвізам "Неверагоднае - побач". Не менш неверагоднае, чым, даруйце за сарказм, "уваскрэсенне" франтавіка Змітрака Астапенкі ў Нью-Ёрку, тое, што ў 1956 годзе Максіма Танка на пероне вакзала ў Ленінградзе сустрэў разам з перакладчыкам Паўлам Кабзарэўскім... калабарацыяніст часоў Вялікай Айчыннай вайны Радаслаў Астроўскі (прынамсі, так сцвярджаюць аўтары каментарыя на старонцы 872). А па цытаце з ліста і не скажаш, што адбылася настолькі незвычайная сустрэча: "Сустрэлі нас тут т.т. Кабзарэўскі і Астроўскі". Акурат у гэтым, 1956-м, годзе Радаслаў Астроўскі пераехаў з Германіі, куды ўцёк разам з рэшткамі фашысцкіх войскаў у 1944-м, у ЗША. Мо праз Ленінград? І яшчэ больш неверагодным падаецца, што Танк не пабаяўся ў тыя гады напісаць пра "сустрэчу" з гэткім "таварышам" у лісце да жонкі... Гаворка ж у лісце, хутчэй за ўсё, - пра перакладчыка Арсенія Астроўскага...

А яшчэ ў каментарыі да аднаго з лістоў 1942-га наогул фігуруе чалавек, які народзіцца толькі ў 1950-м. Ёсць і "пацярпелы", каго ўжо, даруйце, складальнікі папросту пахавалі, прыпісаўшы яму біяграфію іншай асобы, а заадно - званне заслужанага работніка культуры... Нарэшце, толькі са згаданага каментарыя да тома можна даведацца і пра наступны, сапраўды сенсацыйны, факт: "Пераклад паэмы А.Міцкевіча "Пан Тадэвуш" быў зроблены Б.Тарашкевічам у 1981 годзе"! Так-так, менавіта ў... 1981-м!

"Падгонка" за дужкамі,

або Пра самыя ўпартыя

факты

Мусіць, дастаткова фактаў. Яны ж - рэч упартая. А кніга даступная ў кожнай кнігарні або бібліятэцы. Прагарніце, зверце. Тым больш, што спыніўся я толькі на частцы іх, якія найбольш кідаліся ў вочы, - самых упартых, так бы мовіць. Калі ж вывесці ўсе недакладнасці, як кажуць, "за дужкі", пераконваемся: канешне ж, калектывам зроблена вялікая праца па зборы, апісанні і сістэматызацыі эпісталярнай спадчыны Максіма Танка. А знаходзілася яна як у архіўным фондзе класіка, так і ў прыватных асоб, у сховішчах розных устаноў, прычым не толькі на Беларусі. Там, дзе гэта было магчыма, устаноўлена напісанне прозвішчаў, месцамі прыведзена ўдакладненая даціроўка, распазнаны некаторыя адрасаты... Так, праца - немалая.

Але вернемся да тых самых "дужак". Не буду даваць перуноў наконт дзясяткаў прыведзеных памылак. Скажу вось што: дванаццаты том Збору твораў Максіма Танка (дарэчы, першага пасмяротнага) вывеў галоўную праблему, з якой сутыкнулася сённяшняе літаратуразнаўства і іншыя гуманітарныя дысцыпліны, - праблему школы. Літаратуразнаўчай і крытычнай, даследчыцкай і навуковай, тэксталагічнай і рэдактарскай - прафесійнай у самым шырокім сэнсе. Гэта тое, што перадаецца, як кажуць спецыялісты ў самых розных творчых сферах, "з рукі ў руку", ад майстра да вучня. І не механічна, калі пад прозвішча ў тэксце "падганяецца" каментарый пра асобу, якую ведае даследчык. Зрэшты, ці мне казаць пра гэта акадэмічным спецыялістам?

У мяне ж пакуль што яшчэ восемдзесят старонак з сямісот дваццаці асноўнага тэксту наперадзе, якія абавязкова дачытаю. З алоўкам.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах