Віктар Копач - стваральнік вялікіх форм для грамадскіх прастораў. Мабыць, ён адзіны з беларускіх скульптараў ажыццявіў гэткае мноства аўтарскіх аб'ектаў у некалькіх дзясятках гарадоў розных краін і кантынентаў.
Андрэй Вараб'ёў - нястомны эксперыментатар, што паспрабаваў сябе ў стварэнні інсталяцый і арт-аб'ектаў, а таксама перформансе, паэзіі, куратарстве. Пакуль спыніўся ён на скульптуры.
Віктар Мінко - майстар завостраных ліній і сэнсаў, выдаты малявальшчык. Арнаментальныя ўзоры яго аўтарства арганічна аплятаюць паверхні не толькі бронзавых скульптур, але і жывой чалавечай скуры, ператвараючы целы сучаснікаў у творы мастацтва.
Валянцін Борзды - высокі прафесіянал, які спалучае эфектныя прыёмы працы ў матэрыяле і нечаканую шматзначнасць. Яму заўсёды ўдаецца знаходзіць баланс паміж дэкаратыўнасцю і канцэптуальнасцю.
Сёння колішнія аднакурснікі зноў ненадоўга раздзялілі адну - цяпер ужо не навучальную, а экспазіцыйную - прастору. Яе наведвальнік атрымае магчымасць пазнаёміцца з апошнімі работамі чатырох скульптараў, якія дасягнулі "творчага паўналецця". І, магчыма, - знайсці ў іх творчасці элементы таго арганічнага цэлага, што складалі чацвёра сяброў, будучы адным курсам кафедры скульптуры, крыху менш за два дзесяцігоддзі таму...
Павел ВАЙНІЦКІ,
сакуратар выстаўкі