Жаночы ўклад у імідж краіны

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

"Школа" Аіды на шляху да "...Легенды"

/i/content/pi/cult/367/7075/2-1.jpegЗаслужаная артыстка Беларусі, салістка нашага Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Настасся МАСКВІНА днямі вярнулася з Масквы, дзе спявала Купаву ў "Снягурцы" М.Рымскага-Корсакава і Разалінду ў "Лятучай мышы" І.Штраўса - спектаклях Вялікага тэатра Расіі.

- Спектаклі там ідуць "блокамі", - расказала Настасся. - Тая ж "Лятучая мыш" - пяць разоў запар: чатыры паказы - увечары і адзін - зранку. Салісты, вядома, чаргуюцца. Я павінна была саліраваць у двух спектаклях: спачатку ў вечаровым, а праз дзень - у ранішнім. Але другая выканаўца гэтай партыі захварэла, і звярнуліся да мяне. Дадатковае выступленне - ці ж гэта не падарунак да 8 Сакавіка? Праўда, "падаруначак", як кажуць, яшчэ той. Бо атрымлівалася - два спектаклі ў адзін дзень: зранку і, праз колькі гадзін, увечары. А партыя гэтая - вельмі складаная, віртуозная, пасля яе неабходны адпачынак: голас трэба берагчы. Можна было, зразумела, адмовіцца. Але трэцяй Разалінды ў тэатры няма, і спектакль давялося б ці здымаць, ці замяняць іншым. І я вырашыла паказаць, на што здольныя беларускія жанчыны. Спачатку, безумоўна, усё "пралічыла": так, я вытрымаю. Усю ноч не спала, "пракручвала" ў думках сваю партыю. Але мяне добра загартавала праца над Аідай у аднайменнай оперы Вердзі, што была ў нас пастаўлена летась.

- Аіда найперш - лірычная гераіня. Мо няхай тэмперамент застанецца Амнерыс?

- Можа, і так. Лірычныя персанажы мне сапраўды бліжэй: Мікаэла ў "Кармэн" Бізэ, Таццяна ў "Яўгеніі Анегіне", Іяланта ў аднайменнай оперы Чайкоўскага, Леанора ў "Трубадуры" Вердзі... Пэўна, яшчэ і таму, што я па сваім характары зусім не "ракавая жанчына", цураюся жорсткіх учынкаў, бязлітасных слоў - наадварот, імкнуся ўсё вырашыць мірам, "бяскроўна", тактоўна. У гэтым, на маю думку, і заключаецца жаноцкасць і, шырэй, беларускасць: у імкненні да гармоніі з наваколлем і з самой сабой. Цяпер вучу Ірыну - таксама цалкам "мая" гераіня.

- Маеце на ўвазе оперу Дзмітрыя Смольскага "Сівая легенда"?

- Так, прэм'ера прызначана на пачатак сезона. Цудоўная музыка: меладычная, прыгожая, каларытная па аркестроўцы. Нават без народных цытат - такая беларуская! З нецярплівасцю чакаем, якім жа будзе рэжысёрскае рашэнне. У гэтую сваю маскоўскую паездку я, дарэчы, паглядзела два раней пастаўленыя спектаклі Вялікага тэатра Расіі: "Барыса Гадунова" Мусаргскага, "Руслана і Людмілу" Глінкі. А як мяне ўразілі "Мёртвыя душы" Шчадрына, якіх Марыінскі тэатр вылучыў зараз на прэмію "Залатая маска"! Цікава было параўнаць і "Снягурак": нашу і маскоўскую. Там гэтая опера ідзе "без купюр". Я дадаткова пераканалася, наколькі тактоўна зроблены ў нас скарачэнні, наколькі адметныя рэжысёрскія фантазіі Сусанны Цырук.

 - А Купава - ваша гераіня?

- Яе выбухі - наступства эмоцый. Яна іх не хавае, бо - кахае. І такіх жа адданых пачуццяў чакае ад каханага. Ці ж гэта не жаночае пакліканне: кахаць і быць каханай?

- Вось мы і падышлі да 8 Сакавіка...

- Асабіста для мяне - гэта, найперш, мамін дзень. Так склалася яшчэ ў дзяцінстве - так засталося і цяпер. Мы жывём з бацькамі ў адным доме, але ў розных кватэрах. І маці вельмі мне дапамагае - тым больш, калі я на гастролях. У майго сына, як я жартую, адразу дзве маці. А як яна ў "фоташопах" навучылася працаваць! Мастачка па прызванні, спецыяльна курсы скончыла, каб даводзіць мае фота да ладу. Мне нават у еўрапейскім замежжы, дзе камп'ютары з'явіліся куды раней, калегі зайздросцяць: маўляў, іхнія бацькі ўсё яшчэ думаюць, быццам фоташоп - гэта крама па продажы фотатавараў.

Наогул, што ні кажыце, а беларускія жанчыны - гэта яшчэ адно тое непаўторнае аблічча, па якім нас вызначаюць у свеце.

На здымку: Настасся Масквіна ў вобразе Купавы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"