Іх рок-н-рол “Над прорваю ў жыце”

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Рэжысёрская стаўка на рэальны поспех

/i/content/pi/cult/367/7073/1-1.jpeg

У літаратуры існуюць творы, у дачыненні да якіх узнікае шкадаванне ад таго, што яны напісаны зусім не для тэатра. У першую чаргу, з той прычыны, што на фоне знарочыста аморфнай драматургічнай масы, у якой аўтары хаваюцца ад рэальнага жыцця за плыні і віры слоў, гэтыя празаічныя перліны выглядаюць быццам позірк шырока расплюшчаных вачэй, ад якіх не схаваецца ніводная, нават самая маленькая, дэталь абставін. І пры гэтым не можа не падкупляць прастата і немудрагелістасць, з якой аўтар вядзе свой аповед, не імкнучыся ўзняцца па-над чытачамі, а натуральна становячыся з імі ўпоравень.

З шэрагу такіх твораў - і раман Джэрома Сэлінджара "Над прорваю ў жыце", які ў сярэдзіне ХХ стагоддзя стаў ці не адным з культавых твораў сучаснай літаратуры. Але насамрэч адзін з сакрэтаў гэткага "ўздзеяння" - у тым, што расповед 17-гадовага падлетка, які "каштуе" дарослае жыццё, падаецца без маралізатарскіх інтанацый. І, здаецца, з адной-адзінай мэтай: зразумець, што ўсе тыя праблемы і страхі, якія перажывае юначы розум, - рэальнасць, і абмінуць яе аніяк немагчыма. А таму адзінае выйсце - паспрабаваць больш пільна ўгледзецца ў гэты свет, у сябе самога. Менавіта таму і рэжысёр Цімафей Ільеўскі, які на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы прадставіў прэм'еру аднайменнага спектакля паводле рамана Сэлінджара, вызначыў жанр пастаноўкі як "гісторыя сталення ў стылі rock-n-roll".

Зрэшты, "сталенне" ў дадзеным спектаклі выступае не столькі як канчатковая мэта, колькі, згодна з рок-н-рольнай філасофіяй, - шлях, якім ідзе галоўны герой спектакля Холдэн (Анатоль Бараннік). І менавіта гэты шлях - ланцужок сустрэч, падзей і рашэнняў - вызначае гатоўнасць юнака да таго, каб выйсці аднойчы "ў свет" і пайсці насустрач яму. Ды які ён, гэты свет? Мастак спектакля Васіль Бурдзін бачыць яго падобным да дзіцячай схованкі-хацінкі, такой, аналагічныя якой ці не кожны з нас у дзяцінстве складаў з непатрэбных бацькам кардонных каробак, пустых скрынак ды іншых "карысных штучак". Гэтая прастора, дзе ўсё і ўсе існуюць толькі па тваіх законах і выглядаюць быццам цацачныя тыпажы, народжаныя падлеткавай фантазіяй, раптам становяцца... светам, дзе ты сам - гэткі ж герой, што выпраўляецца "з пункта "А" ў пункт "Б". Адпаведна, змяняюцца правілы гульні: цяпер ты сам ператвараешся ва ўласнага персанажа, так што ўжо не заўсёды вядома ды зразумела, як ім - сабой - гуляць...

За кошт яркай знешняй формы акцёрскай ігры і пабудовы спектакля як шэрагу самастойных ды часта самадастатковых сцэн-гісторый сама пастаноўка нагадвае шматсерыйны прыгодніцкі мультфільм, дзе галоўны герой у кожнай новай "серыі" вымушаны сутыкнуцца з чарговым выпрабаваннем. І Холдэн Анатоля Баранніка, бы казачны Ванька-ўстанька, зноўку падымаецца, каб рушыць далей. Вось толькі на пытанне: "Куды менавіта далей?" - адказу ў яго так і няма... І таму ягоны персанаж больш нагадвае апавядальніка, які дзеліцца былымі ўласнымі вандроўкамі ды прыгодамі, а не юнака, прагна жадаючага пазбавіцца ўсяго таго "падлецтва", што так абрыдла яму...

Варта адзначыць, што акцёрскі ансамбль спектакля складаюць пераважна маладыя акцёры тэатра, многія з якіх робяць на брэсцкай прафесійнай сцэне свае першыя крокі. І ў гэтым плане рэжысёрская стаўка Цімафея Ільеўскага на іх "незашліфаванасць" тэатральнай школай, што стварае ілюзію набліжанасці да маладзёжнай глядацкай аўдыторыі, дае свой плён. Яны стараюцца максімальна трапна наладзіць эмацыйны кантакт са сваімі раўналеткамі ў зале, але пры гэтым яшчэ не "майстраць" на сцэне. Таму іх калектыўна-эцюдныя сцэны, палкі рок-н-рол і жывы драйв знаходзяць такі шчыры водгук сярод гледачоў. І гэта датычыцца не толькі Анатоля Баранніка ў ролі Холдэна Колфілда, але і Міхаіла Ільіча, які сыграў Роберта Эклі і таксіста Горвіца, Дзяніса Сарокі ў ролі Уорда Стрэдлэйтара, Вячаслава Цыцкоўскага ў ролі Містэра Антаніёні, Кацярыны Яцкавец, якая ўвасобіла Салі Хэйс, ды іншых.

Што і казаць, у сучасным беларускім тэатры мала хто з кіраўнікоў - рэжысёраў і дырэктараў - асмельваецца ўсур'ёз зрабіць стаўку на творцаў-пачаткоўцаў, разлічваючы пры гэтым не толькі на лаўры "адкрывальніка маладых талентаў", але і на рэальны поспех у глядацкіх колах. Брэст, як бачна, на гэтую "хваробу" не пакутуе, з чаго, зрэшты, і атрымлівае дывідэнды. Вось толькі адзін прыклад: у свой час, працуючы над спектаклем "Белы анёл з чорнымі крыламі", рэжысёр "справакаваў" удзел у ім папулярнага мясцовага музычнага калектыву. У выніку ўзаемны інтарэс выліўся ў тое, што цяпер у тэатральнай кавярні пасля спектакляў ён ладзіць... тэматычныя музычныя праграмы, на якія запрашае музыкантаў самых розных кірункаў - ад класікі да джаза. Так што гледачы, якія прыходзяць на спектаклі тэатра, пасля іх заканчэння трапляюць на "трэцяе аддзяленне" відовішча. А насамрэч - у атмасферу, дзякуючы якой фарміруецца ўпэўненасць, што культурнае жыццё можа быць насычаным і максімальна рознабаковым. Галоўнае - пажадаць "выйсці" з прывычных ды такіх зручных "дамочкаў", пабудаваных уласнымі рукамі, у першую чаргу - для таго, каб адгарадзіцца ад патэнцыйных магчымасцей і перспектыў. А там - дарогу адолее той, хто ідзе...

На здымку: сцэна са спектакля.

Фота Васіля БУРДЗІНА