“Творчы калаўрот” Галіны Ляйко

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Асоба галоўнага спецыяліста Мінскага абласнога ўпраўлення культуры Галіны ЛЯЙКО зацікавіла мяне з таго моманту, калі я ўпершыню яе ўбачыла — у ролі вядучай канцэрта для культработнікаў. Было ў гэтай жанчыне столькі прыгажосці, абаяльнасці, прафесіяналізму, што міжволі падумалася: калі б трапіць Галіне Ляйко на тэлеэкран, яна пэўна магла б стаць адным з любімых нацыянальных дыктараў. Неаднойчы даводзілася бачыць, як яна ж — энергічная і ўпэўненая ў сабе — рэпеціруе розныя мерапрыемствы ў якасці рэжысёра. І вынікі гэтай яе працы заўсёды ўспрымаліся з прыемнасцю. Сёння мы гутарым з Галінай Анатольеўнай як з адной з тых, хто да прафесійнага свята ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры краіны “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.

 /i/content/pi/cult/132/707/Kalaurot.jpg
Як высветлілася, Галіна Ляйко нарадзілася на Украіне. Да нас прыехала пасля заканчэння сярэдняй школы — паступаць у культасветвучылішча. Закончыла яго, потым — Універсітэт культуры, ды так і засталася ў Беларусі. І ўжо 20 гадоў працуе ў культустановах Мінскай вобласці. Перш, чым трапіла ў абласное ўпраўленне, папрацавала харэографам у стаўбцоўскіх Доме культуры і дзіцячай школе мастацтваў, у Вілейскай школе мастацтваў.
— Па пасадзе я, — гаворыць Галіна Анатольеўна, — чыноўнік, хаця гэтае слова не вельмі люблю. Задаволена тым, што мне ўдалося з’яднаць у абласным фестывалі “Карагод сяброў” харэаграфічны досвед клубных устаноў і школ мастацтваў. Курырую Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці, але, па сутнасці, гэта не столькі куратарства, колькі творчыя стасункі з калегамі і сябрамі.
Калі шчыра, — працягвае мая суразмоўніца, — я фанат творчасці. І вельмі ўдзячная кіраўніцтву абласнога ўпраўлення культуры за тое, што мне даюць магчымасць займацца не толькі папяровай работай, але і многімі мастацкімі праектамі. Рэжысірую большасць абласных мерапрыемстваў. Не баюся брацца і за рэспубліканскія.
— Якія з гэтых рэжысёрскіх работ вам асабліва запомніліся?
— Да прыкладу, рэспубліканскія Дажынкі ў Слуцку. Яшчэ — канцэрт падчас Рэспубліканскага свята паэзіі ў гонар 125-годдзя Якуба Коласа. Хоць я не беларуска, але вельмі люблю беларускую мову, творчасць Коласа. І гэты свой настрой, сваё адчуванне сённяшняга дня і коласаўскай стылістыкі я ўвасобіла ў канцэрце, асабліва ў яго літаратурнай кампазіцыі. У ёй удзельнічалі тры пакаленні акцёраў: народная артыстка Беларусі, актрыса Купалаўскага тэатра Марыя Захарэвіч, акцёр нашага абласнога тэатра ў Маладзечне Сяргей Карзей, акцёр Бярэзінскага народнага тэатра Мікалай Пытляк і зусім юныя акцёры з узорнага тэатра “Летуценнікі” Сарачынскага сельскага дома культуры Любанскага раёна.
— А што значаць для вас выступленні ў якасці вядучай мерапрыемстваў?
— Гэтае амплуа — яшчэ адзін бок майго “я”.
— Ці застаецца пасля столькіх захапленняў час на сям’ю?
— Як ні дзіўна, я ў сям’і ўсё паспяваю зрабіць менавіта тады, калі шмат працы, калі знаходжуся ў “творчым калаўроце”. Гэта — маё паветра. Дарэчы, у мяне цудоўная сям’я. Муж таксама працуе ў культуры — ён дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. І праца ў адной сферы яшчэ больш дадае нам паразумення.
— Аб чым, пэўна, сведчыць і ваша перамога ў конкурсе сем’яў Мінска?
— Гэты конкурс сёлета праводзіўся ўпершыню. Мы з мужам і сынам выступілі ў ім ад Маскоўскага раёна і атрымалі Гран-пры.
— Ці лічыце вы сябе шчаслівым чалавекам?
— Так! Я лічу, што чалавек не будзе шчаслівы, калі не зможа рэалізаваць сябе ў тым, для чаго нарадзіўся. Той, хто нарадзіўся настаўнікам, не зможа быць добрым урачом, і наадварот. А я нарадзілася для творчай працы ў культуры. Яшчэ ў мяне шмат сяброў. У Мінскай вобласці, дзе прайшло ўсё маё працоўнае жыццё, я сустрэла шмат цудоўных людзей і прафесіяналаў, якія паўплывалі на маё станаўленне ў прафесіі. Ва Універсітэце культуры гэта была Алена Макарава — мая выкладчыца, чалавек-энцыклапедыя. У Стаўбцоўскім ДК — заслужаны работнік культуры Дзіна Кухарава, у Вілейскай дзіцячай школе мастацтваў — Анатоль Шагаў. У абласным упраўленні культуры такім чалавекам стаў для мяне начальнік упраўлення Анатоль Акушэвіч. Гэта кіраўнік, які дае магчымасць вольна мысліць і разам з тым вельмі тактоўна, амаль незаўважна скіроўвае на прыняцце правільнага рашэння. Ён той, з кім вельмі добра, утульна працаваць, каго хочацца здзіўляць поспехамі!
— Вашы пажаданні калегам?
— У дзень прафесійнага свята я жадаю ўсім работнікам культуры, каб кожны з іх быў адзначаны і ацэнены, — хто граматай, хто падзякай, хто прэміяй, хто шчырым сардэчным віншаваннем.Мы вельмі добра ўмеем ствараць святочную атмасферу для іншых. Але хачу пажадаць усім нам, каб мы ўмелі ствараць свята і для саміх сябе.

Наталля РУСАК
Фота аўтара