Ад Парыжа да Нясвіжа па Радзівілаўскай карце

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Шэрагу пытанняў далейшага развіцця і функцыянавання UNESCO прысвечана чарговая, 189-я, сесія Выканаўчага савета гэтай сусветнай арганізацыі, што зараз праходзіць у Парыжы.

 

У рамках прадстаўнічага форуму разглядаюцца пытанні аб выкананні праграмы арганізацыі і выніках, дасягнутых за апошнія два гады, а таксама планы на бліжэйшы час.

Акрамя таго, удзельнікамі сесіі плануецца разгледзець апошнія рашэнні арганізацый сістэмы ААН, якія маюць дачыненне да дзейнасці UNESCO, а таксама ход падрыхтоўкі да ІІІ Міжнароднага кангрэса па тэхнічнай і прафесійнай адукацыі.

Мы датэлефанаваліся ў Парыж да кіраўніка беларускай дэлегацыі, старшыні Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO, пасла па асобых даручэннях Міністэрства замежных спраў нашай краіны Уладзіміра Шчаснага. Па яго словах, гэтымі днямі ў штаб-кватэры арганізацыі разглядаецца шэраг тэхнічных пытанняў. Разам з тым, да закрыцця сесіі, што адбудзецца 10 сакавіка, яе ўдзельнікамі будуць абмяркоўвацца пытанні распрацоўкі праекта праграмы і бюджэту арганізацыі на 2014 - 2017 гг. Больш падрабязнай інфармацыяй пра значэнне вынікаў форуму для далейшага развіцця нашай культуры адмыслова для чытачоў "К" Уладзімір Шчасны паабяцаў падзяліцца адразу па закрыцці сесіі.

Разам з тым, сумесна са старшынёй Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Беларусі Уладзімірам Шчасным у Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе была падрыхтавана і адкрылася выстаўка "Беларусь: картаграфічныя крыніцы XVI - XVIII стст.". У прыватнасці, у адной з залаў колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў экспануюцца як арыгінальныя карты XVI - XVIII стст., так і рэпрынтныя выданні. Дзякуючы прадстаўленым экспанатам можна прасачыць паслядоўнасць з'яўлення на старажытных картах асобных беларускіх тэрыторый. Варта адзначыць, што цэнтральнае месца ў выставачным праекце займае так званая Радзівілаўская карта "Вялікае Княства Літоўскае" - арыгінал 1-й паловы XVII стагоддзя.

К.А.