Магчымыя праекты двух бакоў былі абмеркаваны на галоўным мерапрыемстве творчых сустрэч - "круглым стале" "Беларусь - Расія: узаемаўзбагачэнне культур". З беларускага боку ў пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік старшыні Грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч, галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анісімаў, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін. З расійскага - акрамя Міхаіла Швыдкога, народная артыстка СССР Людміла Чурсіна. Прысутнічалі прадстаўнікі СМІ дзвюх краін.
З прапанаваных на "круглым стале" ідэй Міхаіл Швыдкой падтрымаў прапанову аб сумесным мерапрыемстве ў літаратурна-тэатральнай сферы. "Вечар беларуска-расійскай паэзіі падаецца самым магчымым варыянтам падобнага супрацоўніцтва, - адзначыў пасол па асобых даручэннях. - Трэба звесці маладых паэтаў, каб яны пачалі перакладаць адно аднаго. Менавіта так выбудоўваліся стасункі паміж паэтамі ў савецкія часы". Цалкам магчымай і прывабнай падалася ідэя ўдзелу ў падобным вечары вядомых артыстаў Беларусі і Расіі. "Калі б вершы маладых творцаў прачыталі знакамітыя акцёры, - разважаў Міхаіл Швыдкой у адказ на прапановы ўдзельнікаў дыялога, - гэта значна павялічыла б аўдыторыю падобнай імпрэзы".
Гэтак сама не падалася бесперспектыўнай двум бакам прапанова аб стварэнні спецыяльнай прэміі для перакладчыкаў за папулярызацыю класічнай літаратуры. "Вядома, штогадовая сустрэча перакладчыкаў ладзіцца ў Ерэване, - падтрымаў узнятую Анатолем Бутэвічам праблему дэфіцыту высокамастацкіх перакладаў Міхаіл Швыдкой. - У Маскве працуе Інстытут перакладу, але я згодны з тым, што мы можам паставіць задачу арганізацыі падобнага форуму ў рамках мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы".
Цалкам слушную ідэю аб правядзенні сумеснага маладзёжнага опернага фестывалю выказаў на пасяджэнні Аляксандр Анісімаў. "Чаму б не зладзіць аналагічнае мінскаму мерапрыемства ў Самары на пляцоўцы Опернага цэнтра?" - агучыў прапанову маэстра. Акрамя таго, дырыжор указаў на адсутнасць да гэтай пары ў сталіцы Беларусі летняга фестывалю сімфанічнай музыкі. "Гэты форум мог бы злучыць не толькі аркестры Расіі ды Беларусі, але і краін СНД, - падкрэсліў Аляксандр Анісімаў. - І ў мяне нават ёсць варыянт назвы для гэтага фестывалю: "Бульвар Мулявіна"...
Перспектывы будучага маладзёжнага мерапрыемства адпаведным чынам прадэманстраваў сумесны канцэрт маладых салістаў Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі і Вялікага тэтатра Расіі, які прайшоў у рамках беларуска-расійскіх творчых сустрэч у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Канцэрт, які наведаў і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, стаў завяршальным акордам праграмы беларуска-расійскай сустрэчы. Яе арганізатарам выступіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.