“Я ніколі не забываў Беларусь!..”

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Тры падзеі ў гонар Бялыніцкага-Бірулі

 

/i/content/pi/cult/367/7062/1-1.jpeg29 лютага Беларусь культурная адзначыла памятную дату: 140-годдзе з дня нараджэння знакамітага сына нашай зямлі - народнага мастака БССР і РСФСР, акадэміка, цудоўнага песняра прыроды Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Святочныя мерапрыемствы з гэтай нагоды прайшлі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у Магілёве і ў Бялыніцкім раёне Магілёўшчыны, на малой радзіме мастака.

Так супала, што ў сераду, 29 лютага, у НММ якраз быў дзень бясплатнага наведання музея (апошняя серада кожнага месяца), і таму ў залах, як кажуць, яблыку не было куды ўпасці: усе памяшканні, асабліва - на першым паверсе, дзе праходзілі юбілейныя святкаванні, былі перапоўнены.

У зале, дзе размешчана пастаянная экспазіцыя твораў В.Бялыніцкага-Бірулі, адбылася цікавая вечарына, якую вяла намеснік дырэктара музея Надзея Усава. Сваімі ўспамінамі пра "сустрэчы" з творчасцю Маэстра і роздумамі пра месца мастака ў беларускай, рускай і еўрапейскай прасторы падзяліліся загадчык аддзела рускага мастацтва Аляксей Харак; былы галоўны захавальнік музейнага фонду Канстанцін Федарышкін, які сорак гадоў таму перавозіў у Мінск частку спадчыны Вітольда Каэтанавіча з яго цвярской дачы "Чайка"; вядомы пейзажыст Ігар Бархаткоў, чый бацька Антон Стэфанавіч Бархаткоў быў сябрам і лепшым вучнем Бялыніцкага-Бірулі; мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, рэдактар аддзела газеты "Культура" Барыс Крэпак. Потым адбыўся канцэрт класічнай музыкі ў выкананні маэстра Ігара Алоўнікава.

У той жа дзень святочныя акцыі ў гонар юбіляра прайшлі і на Магілёўшчыне. Да помніка мастаку, які размешчаны на тэрыторыі Магілёўскага мастацкага музея В.Бялыніцкага-Бірулі, жыхары ўсклалі кветкі. Спецыяльна да гэтага дня тут, у музеі, была адкрыта выстаўка жывапісу майстра, якую гараджане таксама наведвалі бясплатна. Дарэчы, гэты музей як філіял НММ быў адкрыты акурат 30 гадоў таму ў будынку XVII ст. Сярод экспанатаў - акрамя твораў, дакументы, арыгінальныя фатаграфіі, прыватныя рэчы мастака, палітра, пэндзлі, мэбля, лісты Ільі Рэпіна да маладога Вітольда...

А ў абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава прайшла вечарына творчай "эліты" горада ў гонар Маэстра, дзе была выстаўлена карціна жывапісца "Месячная ноч" і адбыўся канцэрт фартэпіяннай музыкі.

І, нарэшце, у Бялыніцкім раённым музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі адкрылася выстаўка жывапісу юбіляра з фондаў НММ і экспазіцыя твораў удзельнікаў міжнародных пленэраў, якія ў розныя гады прысвячаліся Мастаку. Гэтую акцыю прэзентавалі дырэктар Нацыянальнага мастацкага Уладзімір Пракапцоў і кіраўніцтва раёна.

У Беларусі знаходзіцца самая вялікая на постсавецкай прасторы калекцыя твораў мастака - больш за 450 карцін і эцюдаў. Асабістую ролю ў гэтым зборы, у захаванні творчай спадчыны Вітольда Каэтанавіча, канешне ж, адыграла колішні кіраўнік музея Алена Аладава, якая сябравала з мастаком і яго жонкай Аленай Аляксееўнай.

Вясной 1947 г. В.Бялыніцкі-Бірулі пасля доўгай разлукі з радзімай наведаў Беларусь. З мая па чэрвень ён жыў і працаваў пад Мінскам - на Белай дачы, дзе намаляваў колькі дзясяткаў эцюдаў, якія склалі цыкл палотнаў пра Беларусь, у тым ліку такія шэдэўры, як "Зноў зацвітала вясна", "Беларусь. Пачатак мая", "Зялёны май", "Зазелянела. Беларускія бярозкі" ды іншыя. Тады ён і запісаў: "Я не быў у Беларусі больш за 40 гадоў, але ніколі не забываў, як лясы, рэкі, азёры бясконца родныя і блізкія майму сэрцу..."

Так, Вітольд Каэтанавіч, нягледзячы на сваю пастаянную "прапіску" ў Расіі, заўсёды заставаўся шчырым беларусам. І ад "беларускасці" ніколі не адмаўляўся, а, наадварот, вельмі ганарыўся сваім паходжаннем. Дарэчы, мала хто ведае, але на ІІ З'ездзе мастакоў БССР, у 1948 годзе, ён быў абраны ганаровым старшынёй нашага Саюза (старшынёй стаў Яўген Зайцаў). Менавіта тады з трыбуны З'езда ён заявіў: "Я заўсёды ўсім сэрцам з вамі, дарагія землякі!"

Наш кар.