Конкурс кінапраектаў: Палажэнне — зацверджана

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Прэс-служба беларускага Урада паведаміла, што пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 174 ад 24 лютага 2012 года зацверджана Палажэнне аб Адкрытым рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў.

 

Конкурс праводзіцца ў мэтах павышэння ролі нацыянальнай кінематаграфіі ў сацыяльна-культурным жыцці грамадства, захавання і развіцця традыцый нацыянальнага кінамастацтва; адбору кінапраектаў для вытворчасці нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, што поўнасцю або часткова фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту; павышэння мастацкага ўзроўню фільмаў і іх відовішчнага патэнцыялу; стымулявання стварэння і развіцця недзяржаўных арганізацый кінематаграфіі; стымулявання сумеснай фільмавытворчасці; развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы кінематаграфіі.

Удзельнікамі конкурсу могуць выступаць арганізацыі кінематаграфіі Беларусі. Яны павінны мець маёмасныя правы на кінапраекты, што прадстаўляюцца для ўдзелу. Арганізацыі, якія прадстаўляюць кінапраект на конкурс, бяруць на сябе абавязацельствы стварыць фільм самастойна або сумесна з іншым вытворцам фільма (прадзюсарам), а таксама забяспечыць яго папулярызацыю, у тым ліку за межамі краіны. Удзельнікі за свой кошт нясуць расходы на падрыхтоўку матэрыялаў, што прадстаўляюцца для ўдзелу ў конкурсе.

Ацэньвае кінапраекты і вызначае пераможцу (пераможцаў) конкурсу камісія, склад і Палажэнне аб рабоце якой зацвярджаюцца Міністэрствам культуры. Конкурс праводзіцца не менш як адзін раз на год у тэрміны, вызначаныя Міністэрствам культуры. Ведамства зацвярджае пералік прыярытэтных тэм для вытворчасці фільмаў.

Склад конкурснай камісіі фарміруецца ў колькасці не менш як дзевяць чалавек. У яе ўключаюцца прадстаўнікі міністэрстваў культуры, інфармацыі і фінансаў, тэлеканалаў, кінавідэапракату, дзеячы культуры і мастацтваў, іншыя зацікаўленыя. Пры неабходнасці да работы камісіі прыцягваюцца незалежныя эксперты. У выпадку, калі ўдзельнік конкурсу (прадстаўнік удзельніка конкурсу) з'яўляецца членам камісіі, ён не можа ўдзельнічаць у абмеркаванні і прыняцці рашэння па прадстаўленым ім кінапраекце.

Інфармацыя аб правядзенні конкурсу размяшчаецца не пазней за месяц да пачатку яго правядзення на сайце Міністэрства культуры, у газеце "Культура", іншых друкаваных і электронных СМІ і змяшчае звесткі аб часе, месцы правядзення конкурсу, яго ўмовах, крытэрыях і парадку ацэнкі прадстаўленых удзельнікамі матэрыялаў, парадку і тэрмінах аб'яўлення вынікаў, а таксама іншыя неабходныя звесткі.

Да крытэрыяў ацэнкі кінапраекта адносяцца: выкарыстанне новых арыгінальных творчых ідэй і задум, актуальнасць тэмы; мастацкая якасць літаратурнага сцэнарыя; сацыяльная значнасць кінапраекта, выхаваўчая накіраванасць, абвяшчэнне духоўных, маральных, гуманістычных каштоўнасцей; стварэнне прывабнага іміджа Беларусі; абгрунтаванасць кошту фільма (выдаткаў на вытворчасць фільма); суадносіны долі выкарыстаных на вытворчасць фільма ўласных сродкаў удзельніка і (або) іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам краіны; прыцягненне да вытворчасці фільма іншых вытворцаў фільмаў (прадзюсараў); магчымасць рэалізацыі ў поўным аб'ёме мерапрыемстваў па папулярызацыі фільма, у тым ліку за межамі краіны, а таксама іншыя крытэрыі, якія характарызуюць эфектыўнасць кінапраекта.

Пры выбары кінапраекта перавага, як правіла, аддаецца тым, што адпавядаюць названым крытэрыям ацэнкі кінапраекта і пераліку прыярытэтных тэм, зацверджаных Міністэрствам культуры.

Пасля завяршэння канчатковага тэрміну прадстаўлення матэрыялаў для ўдзелу ў конкурсе старшыня камісіі вызначае час і месца правядзення яе пасяджэння.

Камісія ацэньвае прадстаўленыя на конкурс матэрыялы; пры неабходнасці запытвае ва ўдзельнікаў дадатковую інфармацыю, што датычыцца растлумачэння прадстаўленых імі матэрыялаў; выбірае адзін або некалькі лепшых кінапраектаў; цягам дзесяці рабочых дзён пасля прыняцця рашэння па выбары кінапраектаў паведамляе ўдзельнікам вынікі.

Пастанова ўступае ў сілу з дня яе афіцыйнага апублікавання.