За сардэчнасць стрэч

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

На Барысаўшчыне адзінай сям’ёй жывуць, працуюць і твораць прадстаўнікі больш чым 60 народаў і нацыянальнасцей. Пытанне міжнацыянальнай еднасці народаў Беларусі журналісты “Культуры” лічаць адной з галоўных тэм. Таму запрашэнне на ІІ раённы фестываль нацыянальных культур “Шматгалоссе Барысаўшчыны” мы ўспрынялі з радасцю. Грунтоўна пісалі пра першы фэст, які адбыўся тут пяць гадоў таму, дый з мясцовым кіраўніцтвам, аддзелам культуры адносіны ў газеты самыя сяброўскія: падпіска тут — адна з важкіх і стабільных, таму і журналісцкая ўвага да раёна больш чым пільная.

 /i/content/pi/cult/132/706/BelDom1.jpg

Армянскі ансамбль “Эрэбуні”.

6 кастрычніка, у час ІІ раённага фестывалю нацыянальных культур “Шматгалоссе Барысаўшчыны”, мы мелі шчаслівы шанц пабачыць на сцэне Старабарысаўскага СДК сканцэнтраваную па форме і змесце мадэль дружнай, творчай і стваральнай шматнацыянальнай Беларусі — не заўтрашняй, а менавіта сённяшняй. Бо, як справядліва зазначылі намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Іван Каратыш і намеснік начальніка аддзела па справах мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама Чэслаў Муліца, наша краіна спрадвек была і застаецца ўтульным ды гасцінным домам для шматлікіх нацыянальнасцей, прадстаўнікі якіх, не губляючы сваёй самабытнасці, дадаюць непаўторныя фарбы ў шматколерную палітру беларускіх традыцый. Прыклад гэтага — народнае аматарскае аб’яднанне “Шматгалоссе”, што “базуецца” ў Касцюкоўскім СДК, але вядома далёка за межамі Барысаўшчыны, — яно мае ў сваім складзе прадстаўнікоў 15 нацыянальнасцей, неўтаймоўная прага якіх да творчага самавыяўлення і паклала пачатак фестывалю “Шматгалоссе Барысаўшчыны”.
Спеўнае яго суладдзе, без перабольшвання, можа паслужыць узорам міжнацыянальнай еднасці для іншых краін. 

Восеньскіх вяселляў хараство
Начальнік аддзела мясцовага ЗАГСа Тамара Красоўская не без гонару паведаміла нам, што ў суботу, 6 кастрычніка, Барысаўшчына адсвяткавала аж 38 вяселляў, у тым ліку і інтэрнацыянальных. На Беларусі, як вядома, пражываюць прадстаўнікі больш чым ста нацыянальнасцей і народнасцей. У Барысаўскім рэгіёне — больш чым 67-мі. Тлумачыцца гэта тым, што раён — самая буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў рэспубліцы, дый умовы для жыцця і творчасці — адны са спрыяльных. Вось і атрымліваецца, што беларусаў у рэгіёне 73,1 працэнта, рускіх — 17,2, палякаў — 2,8, украінцаў — 0,4, столькі ж яўрэяў, 1,2 працэнта ў горадзе, у раёне — 2,7 працэнта прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Гэта грузіны, абхазцы, азербайджане, армяне, цыгане, чэхі, літоўцы, эстонцы, малдаване… Уяўляеце, якое суквецце традыцый, які
 /i/content/pi/cult/132/706/BelDom2.jpg

Народны ансамбль “Траецкія музыкі”.

адмысловы дэмаграфічны, нацыянальны і канфесійны партрэт рэгіёна! І прыток іншаземцаў, для якіх Барысаў і раён становяцца не проста месцам жыхарства, а — другой радзімай,працягваецца. Нават грэкі і кітайцы ўжо ёсць… Штогод на Барысаўшчыне рэгіструецца каля ста шлюбаў з замежнікамі. Прычынай таму — сусветна прызнаны факт: няма больш прыгажэйшых дзяўчат, чым беларускі! І большасць сужэнцаў у апошні час застаюцца на гэтай Богам аблашчанай зямлі. Адзін з немцаў, узяўшы беларусачку, вырашыў заснаваць на Барысаўшчыне фермерскую гаспадарку…На Брылёўскім полі, ля мемарыяла Айчыннай вайны 1812 года маладыя фатаграфуюцца. Прыгажосць вакол — выключная: кастрычніцкія барвы змешанага падлеску, велічная панарама бярэзінскай поймы і апошні гусіны клін у захмараным восеньскім небе. І шчаслівыя пары — як сімвал неўміручасці жыцця. 

Ме шэн міквархар!”
Гэта па-грузінску — “Я люблю цябе”, — расказвае Кахабер Цыракідзэ, — люблю Беларусь, яе народ і старадаўнюю культуру, якая стала роднай!”.
Каха ў Беларусі з 1987 года, у Барысаве — з 1993-га. Жонка Ірына, натуральна, беларуска. А сам Каха лічыць сябе “беларусагрузінам”, адзін з актыўных удзельнікаў народнага музычнага ансамбля “Асалода” (кіраўнік — Ірына Саўкіна), які дзейнічае пры СДК вёскі Касцюкі з 1995 года і стаў асновай раённага народнага аматарскага аб’яднання “Шматгалоссе”.
Яшчэ першы раённы фестываль нацыянальных культур на Барысаўшчыне, які прайшоў 5 гадоў таму, засведчыў веліч і хараство суквецця нацыянальных культур, раскрыў таленты самых розных людзей, з’яднаных любоўю да народнага мастацтва, годна радставіў рэгіён і на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне.
Кіраўнік аб’яднання “Шматгалоссе” Наталля Кавалеўская ўпэўнена, што за такімі фарміраваннямі на Беларусі — будучыня. І наўрад ці дзесьці ў замежжы могуць пахваліцца такім міжнацыянальным сяброўствам, якое спараджае самыя розныя творчыя праекты… Члены “Шматгалосся” — малодшаму 6 гадоў, старэйшаму за 70 — пачуваюць сябе адзінай сям’ёй. І “сям’ю” гэтую падтрымліваюць і Міністэрства культуры, і мясцовыя раённыя ўлады. А апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета
 /i/content/pi/cult/132/706/BelDom3.jpg

Ансамбль карэйскага танца з Сеула.

Міністраў РБ выдаткаваў 9 мільёнаў рублёў на набыццё нацыянальных касцюмаў. Тлумачыцца такая першарадная ўвага выключна проста: менавіта праз культуру і дружбу народаў вырашаюцца пытанні і ўнутранай, і знешняй палітыкі нашай краіны.
Натуральна, што ў “Шматгалосся” з’явіліся на Беларусі паслядоўнікі. Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Ірыны Лемцюговай, аналагічныя аматарскія аб’яднанні ўжо дзейнічаюць у Ганцавіцкім ДК (“Карагод”) і ў Мёрскім раёне (“Дружба”). На нашых вачах на Беларусі нараджаюцца новыя формы клубнай работы.
Раённы фестываль “Шматгалоссе Барысаўшчыны” — толькі адзін з кірункаў дзейнасці мясцовага аддзела культуры па згуртаванні людзей добрай волі. Маюцца на ўвазе і фестывалі “Моладзь Беларусі і Расіі ў ХХІ стагоддзі”, “Барысаўскі прыстанак”, дзе сустракаюцца прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі, Германіі.З кожным годам павялічваецца фінансаванне аддзела культуры, павялічваецца, натуральна, і духоўная аддача ад мерапрыемстваў міжнароднага характару.
“Мы рэалізоўваем сябе! — у адзін голас даводзілі і грузін Каха Цыракідзэ, і беларуская ўкраінка Вікторыя Чарняк, якая таксама працуе ў аддзеле культуры і ўваходзіць і ў “Асалоду”, і ў “Шматгалоссе”. — І кожны наш канцэрт, кожная наша сустрэча прыносіць нам неймаверную радасць!”. І з гэтай высновай немагчыма не пагадзіцца. Радасць гэтая наўпрост перадаецца і гледачу-слухачу. Радасць ад суладнага, шчырага і непасрэднага ўспрыняцця жыцця, дзе няма заштампаванасці, адно толькі найвышэйшы напал эмоцый ад усведамлення таго, што побач спявае, танцуе і радуецца сябра-аднадумца. Толькі такое мастацтва, неаспрэчна, напоўніцу кранае душу і прымушае ганарыцца і сабой, і суседам, які заўжды прыйдзе на дапамогу. 

Код нацыянальнай годнасці
Мы цалкам пагадзіліся з начальнікам аддзела культуры Барысаўскага райвыканкама Аленай Ягоравай: ІІ раённы фестывальШматгалоссе Беларусі”, фестывальны канцэрт Квітней, Беларусь!” не сорамна паказаць і на сталічнай сцэне. Прынамсі, гэта не танная эстрада, дзе кожнае выступленне падобнае на папярэдняе. Прадстаўнікі “Шматгалосся” здолелі захаваць код уласнай нацыянальнай годнасці. У выніку выступленні выглядалі арганічнымі і ўзаемадапаўняльнымі. І ўслед за пранізлівай песняй на ідыш не менш хвалююча гучала туркменская песенная споведзь пра любоў і каханне. Менавіта пра гэтыя пачуцці даводзіў гледачу і армянскі танец. І не патрэбны быў перакладчык, бо мова мастацтва палягае па-за межамі моўных непаразуменняў. Дарэчы, як родныя на старабарысаўскай сцэне ўспрымаліся і карэйскія танцоркі (ансамбль танца Універсітэта мастацтваў з Сеула, які знаходзіцца цяпер на стажыроўцы ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў, не мог не завітаць на гэтае свята народаў і нацыянальнасцей)…
І калі ў заключнай вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі “У сям’і адзінай” сышліся на
 /i/content/pi/cult/132/706/BelDom4.jpg

Тэатр авангарднага касцюма “Магія”.

старабарысаўскай сцэне ўсе прадстаўнікі нацыянальных культур Барысаўшчыны, напэўна, не знайшлося ў зале абыякавага гледача. Выступленне было не проста яркім: яно запальвала сэрцы і душы, красамоўна пераконвала, што на такі інтэрнацыянальны святочны феерверк здольная сапраўды толькі суладная сям’я, паяднаная суквеццем талентаў.
І не толькі мовай танца і песні размаўляла ў той вечар “Шматгалоссе”. Касцюкоўскі СДК сустрэў гасцей фестывалю неверагодным россыпам нацыянальных страў. Не адну гадзіну завіхаліся на кухні гасцінныя гаспадыні — прадстаўніцы многіх нацыянальных культур, — каб кожнаму ўдзельніку свята пачастунак прыйшоўся па душы. Кулінарны працяг фестывалю быў распачаты парадам нацыянальных хлябоў. А потым пачаўся сапраўдны пір, на якім таксама вялі рэй сяброўства, шчырасць і гасціннасць. І тут таксама не патрэбны былі перакладчыкі: долма дапаўняла манты, а бішбармак — шашлык і мамалыгу. Не абышлося, безумоўна, і без дранікаў. Кулінарнае свята цалкам адпавядала назве — “На любы густ”.
Дарэчы, дырэктарка Касцюкоўскага СДК Наталля Тупік з радасцю паведаміла, што Дом культуры не так даўно перабраўся ў будынак былой школы, і гэта, неаспрэчна, чарговы падарунак мясцовых улад. З’явіліся памяшканні для музеяў, прысвечаных гісторыі “Асалоды” і “Шматгалосся”.
А спартыўная зала, дзе і ладзілася Свята нацыянальных страў, вельмі зручная для правядзення маштабных конкурсаў, дыскатэк, канцэртаў…І фестывальны канцэрт, і выстаўка народнай творчасці нацыянальных культур “І ў сэрцы, і ў творах — Радзіма”, і свята кухань лепш за любую дыпламатыю пераконвалі, што людзі на Барысаўшчыне, як і на Беларусі ў цэлым, аб’ядноўваюцца не па нацыянальных прыкметах, а па чысціні і цеплыні душ. Вось каб жа ва ўсім свеце так!

Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
Андрэй СПРЫНЧАН (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Барысаў —Касцюкі — Мінск