Гамбургер у зале

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Пра суседа "па білеце" і тэатральны “праклён”

/i/content/pi/cult/366/7055/2-2.jpeg

Тэатр, паводле вядомага выслоўя, пачынаецца з вешалкі. У тым сэнсе, што ў любой установе, якая ладзіць відовішчныя мерапрыемствы, дробязей не бывае. І вельмі часта сучасны глядач звяртае нават больш увагі на камфорт у буфеце і глядзельнай зале, чым на тое, што адбываецца на сцэне ці экране.

Непавага як хвароба

Штуршком да напісання артыкула паслужыў прыкры выпадак у адным са сталічных тэатраў, сведкам якога стаў адзін з аўтараў. Няхай чытач уявіць сабе, што пад час спектакля на працягу дзеі з апошняга рада не надта вялікай глядзельнай залы было чуваць шоргат поліэтыленавых пакетаў, пах ежы, гучныя размовы трох маладых жанчын, якія вольна раскінуліся на сваіх крэслах і, нягледзячы на заўвагі, вельмі весела бавілі час. У тэатры яны, відавочна, пачувалі сябе як дома і ўголас каменціравалі падзеі на сцэне і ігру акцёраў. "Мы прыйшлі сюды адпачываць і маем права рабіць тое, што нам прыемна!" - з апломбам адказала адна з "вясёлых" глядачак на чарговую заўвагу аднаго з гледачоў.

Дадзеную сітуацыю можна было б лічыць выключнай, каб на наступны дзень пасля кароткага расследавання, якое правялі супрацоўнікі тэатра, карэспандэнт "К" са здзіўленнем даведаўся: хамаватыя дзяўчаты былі... студэнткамі завочнага аддзялення адной з вышэйшых навучальных устаноў творчага профілю. Больш за тое: нават аказаліся запрошанымі на спектакль яго рэжысёрам!..

Дык чаго тады чакаць ад "шараговага" гледача, калі элементарныя нормы тэатральнага этыкету не выконваюць людзі, па ідэі, наўпрост звязаныя са светам Мельпамены?

- Узровень паводзін гледача ў глядзельнай зале цяпер зусім іншы, чым быў калісьці, - кажа "прафесійны глядач" са шматгадовым стажам, тэатральны крытык, прафесар Інстытута журналістыкі БДУ Таццяна Арлова. - Гледачы пад час спектакля, бывае, перашкаджаюць суседзям і акцёрам на сцэне, размаўляючы паміж сабой і па мабільных тэлефонах. Апошнія наогул сталі нейкім тэатральным "праклёнам": людзі не могуць адключыць іх нават на тыя некалькі гадзін, што ідзе спектакль. Больш за тое: глядзяць не на сцэну, а на экраны сваіх электронных прыстасаванняў!../i/content/pi/cult/366/7055/2-3.jpeg

Падзенне ўзроўню глядацкай культуры Таццяна Дзмітрыеўна лічыць наступствам змяненняў стаўлення асобнага індывідуума да паводзін у грамадстве наогул. Паход у тэатр некалькі дзесяцігоддзяў таму быў для кожнага гледача сапраўдным святам, дзе ёсць свае правілы паводзін, галоўнае з якіх - не перашкаджаць іншым і з павагай ставіцца да сцэнічнай дзеі. Сёння людзі, сапраўды, ідуць у тэатр "адпачываць", і іх паводзіны ў глядзельнай зале амаль перасталі адрознівацца ад паводзін у іншым грамадскім месцы. Як паказчык тут можна прыгадаць дрэс-код, які амаль адсутнічае цяпер у тэатральным этыкеце. Праўда, гэта стала сведчаннем агульнай дэмакратызацыі. Памятаю, як я ўсхвалявана пытаўся ў знаёмых перад наведаннем Венскай оперы: ці трэба заказваць смокінг? Смокінг не спатрэбіўся, гэтак сама, як быў неабавязковым пінжак у пецярбургскім Марыінскім тэатры - многія наведвальнікі мужчынскага полу абышліся без яго.

За дзеяй на сцэне цяпер таксама сочаць не так уважліва: па словах Таццяны Арловай, бурнымі апладысментамі і ўставаннем з крэслаў у фінале спектакля ранейшы глядач узнагароджваў толькі найбольш значныя творчыя здзяйсненні ў жыцці тэатральнага мастацтва. І тое праўда: ці могуць фінальныя апладысменты быць дастатковай кампенсацыяй за званкі мабільнікаў і шоргат абгортак ад шакаладу?

- Галоўная праблема ў тым, што мы перасталі ставіцца да іншых з павагай, - лічыць Таццяна Арлова. - Адсюль і ўзнікае часам непавага да людзей, якія ствараюць спектакль. Развіццё тэхнікі, паўсюднае "паглыбленне" ў Інтэрнэт таксама не спрыяюць пачуццю павагі да грамадства, адчуванню таго, што побач знаходзяцца жывыя людзі. Сучасны чалавек, з яго віртуальнымі зносінамі, знаходзіцца ў своеасаблівай ізаляцыі нават на публіцы і паводзіць сябе на людзях так, як дазволіў бы сабе ў хатніх умовах. Такая праблема існуе не толькі ў тэатры або кіно. Паверце, вельмі цяжка звяртацца да студэнтаў на лекцыі, калі кожны з іх утаропіўся ў экран мабільніка або ноўтбука...

Яшчэ адным з фактараў, які не спрыяе высокай культуры глядзельнай залы, Таццяна Арлова лічыць... шырокі асартымент у тэатральных буфетах, а асабліва - алкагольных напояў, што карыстаюцца павышанай увагай у перапынках паміж дзеямі ў значнай колькасці гледачоў. Цікавасць да буфета ў гледачоў цалкам зразумелая: многія з нас спяшаюцца ў тэатр пасля напружанага працоўнага дня і не паспяваюць павячэраць. Нездарма вячэрнія спектаклі ў многіх замежных тэатрах пачынаюцца не ў звыклыя для нас сем гадзін, а пазней: у 19.30 ці нават а 20-й.

І пах папкорну нам

салодкі і прыемны...

/i/content/pi/cult/366/7055/2-1.jpegШто да кінатэатраў, дык прымаць ежу ў глядзельнай зале стала там амаль звыклай з'явай. Далёка не станоўчым прыкладам тут служаць Злучаныя Штаты, дзе, па словах сведак, у кіно ў ход ідзе не толькі вельмі распаўсюджаны і ў нас папкорн і велізарныя стаканы з газіраванымі напоямі, але і цэлыя падносы з ежай! Зразумела, што акцёрам на экране глядацкі фаст-фуд ніяк не перашкаджае, а вось іншым?

- Нічога добрага ў тым, што гледачы прымаюць ежу ў глядзельнай зале, няма! - сцвярджае Аксана Коктыш, дырэктар сталічнага кінатэатра "Бярэсце". - Насупраць нашай установы размяшчаецца папулярны рэстаран хуткага харчавання, і гледачы наўпрост ідуць адтуль да нас з пакетамі ўсялякіх страў. Заканадаўства забараняе ўжываць у грамадскіх месцах алкагольныя напоі, але забараняць есці ў зале, адбіраць тыя самыя чыпсы мы не маем права, хоць ежа перашкаджае не толькі суседзям у зале - прыбраць зал пасля кожнага сеанса вельмі складана: дробныя кавалачкі чыпсаў і кетчуп з цяжкасцю вычышчаюцца з каўралінавага пакрыцця...

Між тым, дырэктар "Бярэсця" ўпэўнена ў тым, што агульны ўзровень глядацкай культуры ў сталічных кінатэатрах з кожным годам усё-такі павышаецца. З ёй салідарная Алена Аўдашчанка - дырэктар "Цэнтральнага", адзінага сталічнага кінатэатра, ежу ў якім перад сеансам ў гледача... забіраюць.

- Зразумела, мы не маем права на нейкія гвалтоўныя дзеянні, але настойліва прапануем пакінуць ежу ў спецыяльна прыстасаванай шафе на ўваходзе ў глядзельную залу, - рашуча настроена Алена Аўдашчанка. - Аб'ява пра тое, што ў "Цэнтральны" наведвальнікі з ежай не дапускаюцца, сустракае гледача яшчэ на касе, таму нейкія непрыемныя інцыдэнты бываюць вельмі рэдка. Калі есці пачынаюць пад час прагляду, наш супрацоўнік падыходзіць да парушальніка спакою і просіць спыніцца. Лічу гэта прынцыповым момантам: у нашым кінатэатры склалася свая аўдыторыя, якая прыходзіць у кіно менавіта для таго, каб паглядзець стужку, а пах ежы, асабліва папкорну і чыпсаў, шоргат абгортак вельмі перашкаджаюць. Дарэчы, чым адрозніваюцца пакуль беларускія кінатэатры? У кожнай зале пад час сеансу знаходзіцца супрацоўнік, у чый службовы абавязак уваходзіць падтрыманне належнага парадку. І гэта правільна, нягледзячы на дадатковыя выдаткі, бо кінатэатр павінен заставацца ўстановай культуры, а не толькі камерцыйным прадпрыемствам. Як я кажу, глядзельная зала - гэта спецыяльнае памяшканне для прагляду кінафільма. Для ўсіх іншых мэт трэба выкарыстоўваць іншыя...

Назіраць за парадкам у глядзельнай зале дапамогуць відэакамеры, што ў хуткім часе будуць устанаўлівацца ў сталічных кінатэатрах. Але павысіць узровень побытавай культуры асобных гледачоў яны, зразумела, не ў стане. Па меркаванні Алены Аўдашчанка, справа - у размеркаванні глядацкіх плыняў. Калі ў буйных гарадах нашай краіны з'явяцца спецыялізаваныя кінатэатры для паказу фестывальнага, высокамастацкага кіно, якія будуць наведваць з жаданнем убачыць стужку, з гледачом працаваць стане значна прасцей, а пра ежу ў глядзельнай зале можна будзе забыць.

З чаго ж пачынаецца

тэатр?

- Працаваць з моладдзю, дзецьмі ў тэатры трэба абавязкова, нават неабходна, - лічыць Таццяна Арлова. - У гэтым плане паказальны станоўчы вопыт Прыбалтыкі, дзе тэатральная культура прывіваецца з дзяцінства...

Прафесар Арлова мае рацыю: дарэмна наракаць на паводзіны іншых у глядзельнай зале, калі паводзіны людзей у іншых месцах масавага знаходжання, кшталту грамадскага транспарту, часцяком не адпавядаюць разуменню цывілізаваных. Тэатр або кінатэатр, іншая ўстанова культуры - асобая тэрыторыя.

Успамінаюцца залы Нацыянальнай галерэі ў Лондане, поўныя зусім маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак у аднолькавых школьных швэдрах, каму прафесійныя мастацтвазнаўцы тлумачылі асаблівасці жывапісу не толькі майстроў Адраджэння, але і куды больш складаных постімпрэсіяністаў. І малыя, седзячы на падлозе, на дзіва, уважліва слухалі. Відаць, пасля такіх заняткаў стаўленне да творчасці і музеяў становіцца іншым на ўсё жыццё...

Ваш "кавалак залы"?

У некаторых тэатрах, дарэчы, знайшлі спосаб, як "змагацца" і з культпаходамі, пад час якіх школьнікі, бывае, гатовы разнесці тэатр на кавалкі. У Свярдлоўскім тэатры музычнай камедыі, як паведаміў яго дырэктар Міхаіл Сафронаў, завітаўшы неяк у Мінск, такіх наведвальнікаў не любяць:

- Нам больш даспадобы тыя "культпаходы", якія робяцца сем'ямі: маці, бацька, дзеці. У такім атачэнні, асабліва з бацькам, зусім іншае стаўленне! Калі ж да нас ідуць усім класам, мы ніколі не прадаём білеты на адзін рад, колькі б нас ні прасілі! Кажам, што няма, раскупілі. І - прапануем па два месцы побач, раскіданыя па ўсім зале. Класныя кіраўнікі, бывае, скардзяцца, што так ім складаней сачыць за паводзінамі. Але калі школьнікі сядзяць побач з незнаёмымі ім людзьмі, дык за імі і сачыць не трэба: адразу ўцягваюцца ў тэатральнае дзейства, а не высвятляюць адносіны паміж сабой, хто каго тузануў. Дый самі кіраўнікі груп, калі ведаюць, што ім не прададуць "кавалак залы", бяруць на такі культпаход не аднаго дарослага, а, можа, больш. І ўжо наступным разам мы заўважаем, як тыя ж дзеці прыходзяць на нашы іншыя спектаклі ўжо не з класам, а са сваімі бацькамі...

У Еўропе, дарэчы, існуе наступная практыка - праўда, звязаная з музеямі. Калі паглядзець экспазіцыю прыходзіць уся сям'я, дык дзеці, незалежна ад узросту, прапускаюцца бясплатна, ці білет "на сям'ю" каштуе значна менш, чым нават два - паасобку. Так, праз сям'ю, і далучаецца дзятва да вечных каштоўнасцей. У той жа Дрэздэнскай карціннай галерэі заўсёднікамі становяцца маладыя пары з каляскамі ці з немаўлятамі на руках: "білет на сям'ю". У такім узросце дзеці, вядома, не ўспрымаюць убачанае свядома, але на ўзроўні падсвядомасці закладаецца і прага да высокага жывапісу, і правілы паводзін, і агульная культура.

Апладзіраваць

забараняецца!

Пра тое, наколькі ўпала ў нас культура наведвання "культурных месцаў", сведчыла адна студэнцкая рэцэнзія будучай журналісткі пасля наведання сталічнай філармоніі. Больш за ўсё яе ўразіла нават не тое, што гучала на сцэне, а  што - у зале:
"...Паўсюль - высокакультурныя людзі, якія гэта выяўляюць не толькі ў музычных густах, але і ў побытавых паводзінах". Дзяўчына была здзіўлена і цішынёй пад час музычнага выканання, і тым, што "... для ўсіх спазніўшыхся на канцэрт быў арганізаваны спецыяльны маршрут у залу: супрацоўнікі філармоніі суправаджалі непунктуальных меламанаў адразу на балкон, каб не перашкаджаць іншым слухачам атрымліваць асалоду ад музыкі...". Што ж, сапраўды, усё гэта - так. Але ёсць у філармоніі іншая праблема, асабліва ў час гучных фестываляў, калі кошт за білеты ўзлятае ў некалькі разоў і залу напаўняе крыху іншая публіка. Не, паводзяць сябе яны гэтак жа "высокакультурна": ніхто ў зале чыпсамі не хрумсціць, хаця тэлефоны, бывае, "музіцыруюць", у адказ на што больш спрактыкаваныя зоркі, здараецца, адгукаюцца імправізацыяй "на зададзеную тэму", а беларускі кампазітар Галіна Гарэлава нават наўмысна адзін твор напісала, у час якога раздаецца магнітафоннае гучанне мабільніка.

Галоўная праблема на такіх канцэртах - залішнія... апладысменты. Яны раздаюцца не толькі паміж часткамі аднаго твора, калі апладзіраваць забараняецца, але і - літаральна на кожнай паўзе ўнутры самога твора. Вядучыя са сцэны звычайна папярэджваюць, што ў такіх выпадках не апладзіруюць. Але гэта не дапамагае. І не дазваляе не толькі "даслухаць паўзу", але і зрабіць якасны трансляцыйны радыёзапіс.

Зноў жа, звернемся да замежнай практыкі. Адзін наш музыказнаўца, з'ехаўшы ў Швецыю, распавёў, што працуе там... "папярэднім лектарам". Яго запрасілі ў Клуб аматараў мастацтваў, куды ўваходзяць жонкі эліты грамадства. І напярэдадні значнага канцэрта, прэм'еры, выстаўкі, любой мастацкай імпрэзы, якая збярэ ўвесь бамонд, ён падрабязна распавядае "дамам вышэйшага свету" пра ўсе тонкасці таго, што яны змогуць убачыць ці пачуць. Самае цікавае, што, як аказалася, гэта патрэбна ім не толькі дзеля развіцця інтэлекту, але і - для вядзення бізнесу. Бо потым у кулуарах можна сваёй трапнай заўвагай, выказаным меркаваннем уразіць настолькі, што становіцца зразумела: калі жонка (чытай: хатняя гаспадыня) знанага бізнесмена настолькі дасведчаная і інтэлектуальная, дык з гэтай фірмай можна мець справы.

Што ж да нашых рэалій, дык калісьці і ў нас той жа Вялікі тэатр меў свой Клуб прыхільнікаў оперы, дзе размова пра будучую прэм'еру пачыналася літаральна з яе рэпетыцыямі. Вядома, вярнуць той Клуб у яго былых межах сёння нерэальна. Але нешта, пэўна, трэба шукаць. Што ні кажыце, а многае залежыць ад кожнага з наведвальнікаў паасобку...

У тэатральных і кіназалах глядзелі ды слухалі
Антон СІДАРЭНКА,

Надзея БУНЦЭВІЧ