Квінтэт слуцкіх паясоў

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

У Нацыянальным мастацкім — Вялікае Княства і…

/i/content/pi/cult/366/7047/1-2.jpeg

Афіцыйная прэзентацыя экспазіцыі твораў з фондаў Літоўскага мастацкага музея ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылася 16 лютага. Дата - невыпадковая: у гэты дзень Літва адзначае нацыянальнае свята. Выстаўка ў НММ - святочнае мерапрыемства і добрая нагода ўспомніць даўнюю гісторыю нашых народаў - спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, гэта не першы праект, які культурныя ўстановы Беларусі і Літвы ладзяць разам. Супрацоўніцтва у дадзенай галіне ўжо мае трывалую традыцыю. Паміж нашым і літоўскім музеямі падпісана адпаведная дамова.
Першымі з экспазіцыяй азнаёміліся афіцыйныя асобы. Сярод іх - міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і Пасол Літвы ў нашай краіне Эдмінас Багдонас. На прэзентацыі выступіў літоўскі ансамбль "Banchetto musicale", які адраджае музыку і танцы ад часоў Позняга Сярэднявечча да пачатку XIX стагоддзя. А ўжо наступным днём, 17 лютага, выстаўка прымала ўсіх ахвотных.

Гісторыя не была літасцівай да нашых музейных збораў. Многае з таго, чым мы мусім ганарыцца, разышлося па свеце і часта фігуруе пад іншай нацыянальнай маркай. Каб пабачыць тыя ж слуцкія паясы, трэба ехаць у Расію ці Літву. І вось сёння мінскі глядач мае ўнікальную магчымасць сустрэцца з гэтымі шэдэўрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў сваіх сценах. Чатыры слуцкія паясы і пяты - на партрэце шляхціча Войцэха Пуслоўскага, гэтым поясам падпяразанага, выстаўлены ў зале Нацыянальнага мастацкага сярод артэфактаў Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай.

Слуцкі пояс стаў для беларусаў адным з атрыбутаў нацыянальнай тоеснасці ў значнай ступені дзякуючы паэтычнаму генію Максіма Багдановіча, які ўславіў слуцкіх ткачых (паэт ці то не ведаў, ці то не лічыў прынцыповай тую акалічнасць, што ткалі паясы мужчыны...) Прытым, што гэты ўзор прафесійнага мастацтва, гэты атрыбут шляхетнасці і дачынення да эліты ў масавай свядомасці належыць мастацтву народнаму. Такі вось парадокс.

Кажучы сучаснай мовай, слуцкі пояс - своеасаблівая праява культурнай глабалізацыі і адвечнага захаплення /i/content/pi/cult/366/7047/1-1.jpegЗахаду Усходам. Сёння шмат хто "ўлюбёны" ў культуру Японіі і Кітая. Для кагосьці гэта  - даніна модзе, прага экзотыкі, а для некага - пошук новых ідэй і даляглядаў. Нашы ж не такія ўжо далёкія продкі імкнуліся да спазнання мастацтва Персіі і Турцыі. Нездарма першы майстар, высілкамі якога ў Рэчы Паспалітай распачалася вытворчасць шаўковых паясоў для шляхецкіх строяў, быў родам са Стамбула.

Слуцкі пояс "апяразвае" 2-ю палову XVIII стагоддзя і першую - XIX-га. Існуе меркаванне, што шляхта была вымушана адмовіцца ад гэтага атрыбута сацыяльнага статуса, як і ўвогуле ад свайго традыцыйнага касцюма, пасля паўстання 1831 года. Мяркую, гэта слушна толькі часткова. Насамрэч, адыходзілі ў мінулае не кунтушы і шаўковыя паясы, а сама шляхта як клас. Французская рэвалюцыя спарадзіла моду на дэмакратызм. Новы час патрабаваў ад эліты і ад тых, хто прэтэндаваў на гэтую ролю, быць бліжэй да народу. А народ не падпяразваў сваю світку шаўковым поясам...

Слуцкія паясы, зробленыя славутымі майстрамі Янам і Леонам Маджарскімі, жывапісны партрэт маршалка Слонімскага павета Войцэха Пуслоўскага работы мастака-рамантыка Валенція Ваньковіча - гэта "відэарад", якім можна было б праілюстраваць тую ж настальгічную паэму Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш".

Дарэчы, на старасвецкім па духу партрэце Войцэха Пустоўскага, слыннага дзеяча "Кароны і Літвы" (Рэчы Паспалітай), прысутнічаюць рэаліі змены эпох: кунтуш шляхціча, упрыгожаны расійскімі узнагародамі - зоркай і стужкай ордэна Святой Ганны.

Безумоўна, выстаўка будзе мець поспех у гледачоў, бо яе экспанаты - унікальныя і прадстаўляюць пласт беларускай культуры, сістэмнае вывучэнне якога распачалося адносна нядаўна.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"