“Варагі” — гэта... кінарухавік?

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

На Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” актыўна ідуць здымкі стужкі Канстанціна Лапушанскага “Роля”. Карціна (сцэнарый да яе напісаў вядомы расійскі драматург Павел Фін) распавядае гісторыю маладога правінцыйнага акцёра ў часы Грамадзянскай вайны ў Расіі, які вымушаны выдаваць сябе за іншага чалавека. Як ужо паведамляла “К”, прадзюсарам дадзенага фільма выступае Андрэй Сігле, які курыраваў многія гучныя аўтарскія праекты апошняга часу, у тым ліку пераможцу мінулагодняга Венецыянскага фестывалю — стужку “Фаўст” Аляксандра Сакурава.

/i/content/pi/cult/366/7046/2-2.jpegЯк можна заўважыць, усе трое вышэйназваныя кінематаграфісты - расіяне, запрошаныя прыняць удзел у сумесным праекце на нашу студыю. "А як жа нацыянальнае кіно?" - запытаюць скептыкі. Зразумела, без міжнароднага супрацоўніцтва ў нашы часы не абыдзешся, але "Беларусьфільм" носіць высокі статус Нацыянальнай кінастудыі. Ці будуць створаныя замежнымі спецыялістамі стужкі насіць адпаведны характар?

Адной з характэрных рыс "Беларусьфільма" ва ўсе часы былі так званыя варагі - запрошаныя з іншых рэспублік кінематаграфісты (рэжысёры, акцёры, сцэнарысты), якія прывозілі ў Мінск свае асабістыя праекты ці працавалі па запрашэнні студыі. У гісторыі сусветнага кіно застануцца выбітныя карціны, створаныя ў Беларусі рэжысёрам Элемам Клімавым, аператарам Аляксандрам Княжынскім... На "Беларусьфільме" адну са сваіх першых роляў у кіно выканаў Уладзімір Высоцкі; сцэнарыі Генадзя Шпалікава знайшлі дастойнае ўвасабленне дзякуючы рэжысуры яго беларускага сябра Віктара Турава... На "Беларусьфільме" здымаліся і такія "гіганты", як Алег Янкоўскі і Данатас Баніёніс... Словам, у тым ліку дзякуючы ўсім тым асобам, назва "Беларусьфільм" гучала на ўвесь свет.

Аднак былі і іншыя "варагі" - акцёры, рэжысёры, сцэнарысты, якія відавочна ехалі на "правінцыйную" студыю за "доўгім" рублём, прапаноўвалі "Беларусьфільму" тое, што не маглі "ўладкаваць" на цэнтральных кінастудыях. У выніку пад маркай беларускай студыі выходзілі шэрыя, нікому не цікавыя карціны, якія, аднак, вельмі адмоўна ўплывалі на вобраз айчыннага кіно за межамі тагачаснай БССР...

/i/content/pi/cult/366/7046/2-1.jpegНоваму "Беларусьфільму", які фарміруецца цягам дваццаці апошніх гадоў, даводзіцца зноў запрашаць "варагаў", але... відавочна ў прынцыпова новай якасці. Папулярнасць сучаснага "Беларусьфільма" сярод кінавытворцаў з-за мяжы добра вядомая: тэхнічныя спецыялісты і здымачныя пляцоўкі нашай студыі, аб'ектыўна, - адны з лепшых на постсавецкай прасторы. Справа - за творчым ды прадзюсарскім вопытам, дзеля якога і існуюць сумесныя пастаноўкі. Тым больш, катэгорыя "нацыянальнага" ў сучасным глабалізаваным свеце атрымлівае новае гучанне. Сведчаннем таму - новыя сумесныя праекты Нацыянальнай кінастудыі, у тым ліку стужка "Адзінокі востраў" эстонскага рэжысёра Пеэтэра Сіма і латвійскага прадзюсара Гаціса Умпаліса, які здымаўся і ў Эстоніі, і ў Беларусі, а многія ролі ў фільме выконвалі нашы акцёры, што самі сталі сапраўднымі беларускімі "варагамі" ў эстонскім кіно.

Такім чынам, айчыннае кіно атрымлівае звышкарысны вопыт сумеснай працы і, адначасова, - вельмі каштоўную рэпутацыю нацыянальнага вытворцы на міжнародным узроўні. Справа - за айчыннымі рэжысёрамі і сцэнарыстамі, якія, спадзяёмся, хутка знойдуць годных партнёраў для сумесных пастановак.

С.А.

На здымках: кадры з фільма "Адзінокі востраў".