Як даваць “урокі дабрыні”?

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

22 лютага ў рамках візіту дэлегацыі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў адбылася сустрэча Ганаровага прафесара Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, народнага артыста Расіі, знакамітага клоўна і кіраўніка “Тэатра котак” Юрыя Куклачова са студэнтамі і выкладчыкамі.

 

Сустрэчу Юрый Дзмітрыевіч распачаў са слоў аб тым, што вельмі не любіць, калі яго называюць дрэсіроўшчыкам і не лічыць сябе ім. Коткі для яго перш за ўсё - індывідуальнасці, і выбудоўвае сваё шоу ён толькі абыгрываючы іхнія прыродныя здольнасці. У гэтым - галоўнае іх падабенства да людзей і ў першую чаргу - да дзяцей. Па словах Куклачова, самае важнае - даць дзіцяці "рэфлекс мэты", а потым падштурхоўваць яго ў выбраным накірунку. Аб тым - і ягоныя кнігі, якія ён прэзентаваў універсітэту: "Урокі дабрыні", "Што такое жыццё" і "Што такое любоў". Напісаць іх яму дапамаглі яго дзеці, праз працэс выхавання якіх ён сфармуляваў для сябе некалькі законаў і правілаў.

Таксама ў сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх дабрачынных арганізацый - дзіцячага хоспісу і "Дзіцячай вёскі "SOS", што пад час свайго выступлення вельмі цёплымі словамі падзякавалі БДУКіМ за аказаную ім з боку студэнтаў і адміністрацыі ўніверсітэта дапамогу ў арганізацыі святаў і імпрэз для хворых дзяцей. Юрый Куклачоў выказаў жаданне распачаць супрацоўніцтва са згаданымі дабрачыннымі арганізацыямі і даць яшчэ некалькі майстар-класаў па педагогіцы для студэнтаў БДУКіМ.

Ф.А.