Сенсацыя, што стала традыцыяй

№ 41 (807) 13.10.2007 - 19.10.2007 г

Беларуская выканальніцкая школа ледзь не на кожным міжнародным конкурсе пацвярджае свой высокі ўзровень. З’яўленне сярод нашых музыкантаў і артыстаў балета пераможцаў самых прэстыжных творчых спаборніцтваў даўно ўжо перастала быць сенсацыяй. І пераход гэтай з’явы ў разрад традыцыйнай — толькі чарговы доказ на карысць нашых прафесіяналаў.

Штогод колькасць перамог узрастае, прытым — не на адзінкі, а на дзесяткі. Залежыць гэта ад колькасці конкурсаў, у якіх наша зорная моладзь бярэ ўдзел. Больш за гэта, некаторыя “маладыя” конкурсы, што не так даўно ўзніклі, пачалі раўняцца акурат на нашых выканаўцаў. Менавіта так рабілі арганізатары некалькіх міжнародных конкурсаў у Расіі, Малдове, Украіне: спецыяльна запрашалі беларускіх музыкантаў, каб узняць конкурсны ўзровень і прэстыж.
Прыемна і тое, што сярод нашых пераможцаў няма так званых “вечных канкурсантаў” — тэхнічна стабільных музыкантаў, што з адной і той жа праграмай ездзяць з аднаго конкурсу на другі, ператвараючы выканальніцтва ў чыста механічны працэс, разлічаны на максімальныя хуткасць і гучнасць. Наадварот, кожны наш пераможца — яркая творчая індывідуальнасць, шчодра адораная выразнасцю, эмацыйнасцю, уменнем данесці да публікі глыбінны сэнс, закладзены ў творы.
Прычым лаўрэатаў міжнародных конкурсаў у нас багата па кожнай спецыяльнасці.
Нават дырыжорская школа, якая толькі-толькі пачала ў нас развівацца (у савецкія часы, нагадаем, оперна-сімфанічных дырыжораў рыхтавалі толькі ў Маскве і Піцеры), — і тая адразу дала шмат і вельмі розных паводле свайго стылю музыкантаў. Сярод іх — Віктар Бабарыкін, які кіруе Прэзідэнцкім аркестрам (а ў самім аркестры ледзь не кожны музыкант — лаўрэат аднаго ці некалькіх міжнародных конкурсаў), Алег Лясун, Іван Касцяхін, чый лёс аказаўся звязаны з аркестрам Беларускай оперы, Мікалай Макарэвіч, які працуе ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, Уладзімір Чэрнікаў, што кіруе студэнцкім калектывам, і многія іншыя. А Юрый Галяс, яшчэ калі вучыўся на 4-ым курсе нашай Акадэміі музыкі, стаў лаўрэатам IV Міжнароднага конкурсу маладых дырыжораў імя В.Лютаслаўскага ў Беластоку (Польшча).
Ва ўсім гэтым трэба бачыць не столькі нейкую асаблівую адоранасць беларусаў, колькі добрыя педагагічныя традыцыі, што назапашваліся дзесяцігоддзямі, а таксама, зразумела, дзяржаўны клопат пра выяўленне і падтрымку таленавітай моладзі. Пераможцы не толькі становяцца стыпендыятамі і лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітаймоладзі, іх творчы лёс адсочваецца і надалей. Той жа Ю.Галяс, пакуль яшчэ студэнт, літаральна праз некалькі дзён, 18 кастрычніка, дырыжыруе канцэртам у двух аддзяленнях. Прычым не з абы-якім калектывам, а з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі — у Вялікай зале сталічнай філармоніі.
Калі раней такое магло б адбыцца?
І гэта далёка не адзінкавы выпадак. У тым жа канцэрце са старэйшым аркестрам нашай краіны саліруе лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, магістрант БДАМ Арцём Шышкоў, а 14-га ён саліруе з тым жа аркестрам, але пад кіраўніцтвам А. Анісімава.
А колькі канцэртаў і выступленняў юных зорак арганізуе спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі! Таму, мабыць, яшчэ адной адметнай рысай нашых лаўрэатаў становіцца іх імклівы далейшы творчы рост — у працэсе жывога музіцыравання і канцэртавання на радасць публіцы.

Надзея БУНЦЭВІЧ