Чыталі класікаў у гонар Мовы

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

Асветніцкімі акцыямі адзначыўся сёлета Міжнародны дзень роднай мовы.

 

Менавіта 21 лютага Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках Года кнігі распачаў першы этап Грамадска-культурнай акцыі "Чытаем Купалу разам", ідэю старту якой менавіта ў Міжнародны дзень роднай мовы падтрымала Міністэрства культуры нашай краіны.

Невыпадкова пад час мерапрыемства вершы Янкі Купалы прагучалі з вуснаў членаў Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама - вядомых айчынных акцёраў, рэжысёраў і пісьменнікаў.

У час адкрыцця Грамадска-культурнай акцыі міністр культуры Павел Латушка падкрэсліў, што вялікая роля ў развіцці роднай мовы належыць Янку Купалу, пераацаніць зробленае ім немагчыма. Па меркаванні міністра, творчасць класіка - наш асаблівы, вельмі важны ўнёсак у сусветную культурную спадчыну.

Музей Янкі Купалы падрыхтаваў адмысловыя персанальныя паштоўкі з вершамі для кожнага госця. Таксама ў рамках вечара была магчымасць пазнаёміцца з найкаштоўнейшымі экзэмплярамі з фондаў: прыжыццёвымі выданнямі кніг паэта з аўтографамі.

Амаль у гэты ж час у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася грамадская акцыя "Мы чытаем Коласа". Фрагменты паэмы "Новая зямля" прагучалі ў выкананні грамадскіх дзеячаў, вучоных, літаратараў і артыстаў эстрады.

Адмыслова да ўрачыстага вечара супрацоўнікамі музея была падрыхтавана выстаўка з фондаў установы "Якуб Колас і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі: да вытокаў беларускай навукі аб слове". На ёй прадстаўлены рэдкія дакументы і матэрыялы, звязаныя з навуковай дзейнасцю Песняра.

Акрамя таго, у юбілейны,
130-ы, год з дня нараджэння народнага паэта працягваецца традыцыя падарункаў дому Песняра. У прыватнасці, пад час святочнага вечара навукоўцы перадалі ў фонд установы аўтарэфераты сваіх дысертацый, прысвечаных даследаванню жыцця і творчасці Якуба Коласа.

У Дзень роднай мовы ўрачыстасці прайшлі і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, што наведаў і гэтую імпрэзу, адзначыў: свята роднай мовы гучыць яшчэ больш яскрава менавіта ў Год кнігі. Міністр працытаваў словы вядомага рэжысёра Аляксандра Сакурава (з ягоных кінаманалогаў якія выйшлі ў мінулым нумары "К"): "...Мова - вельмі важная рыса нацыянальнай культуры. Без мовы не існуе нацыі, таму кожная нацыя павінна абараняць сваю мову, але не забаронай іншых, а штодзённай карпатлівай працай: пісаць, размаўляць на роднай мове... Інакш - ніяк..." Міністр звярнуўся і да ўласнага вопыту, узгадаўшы, што пад час працы консулам у Беластоку быў вельмі натхнёны тым, як там, за мяжой, захоўваюць і зберагаюць родную мову ды культуру.

Напрыканцы свайго выступлення міністр падарыў бібліятэцы ўніверсітэта трохкніжжа Максіма Багдановіча, выдадзенае летась па ініцыятыве Міністэрства.

Пасля на імправізаную сцэну аўдыторыі выйшлі маладыя таленты з ліку студэнтаў БДУКіМ. Тут можна было пачуць і нашы народныя песні (адну з іх, дарэчы, выканаў студэнт з Кітая), захапіцца традыцыйнымі танцамі, батлейкай, паўдзельнічаць у конкурсах на лепшае веданне беларускай мовы.